Навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны: нацыянальны праект, які не дазволілі завяршыць

Цэнтр Кірыла і Мяфодзія ў Балгарыі, Маціца сербская і Славацкая маціца, Матэнадаран у Арменіі. У беларусаў таксама была падобная ўстанова. Дзе яна знаходзілася, чым займалася і як была знішчана? Расказваем гісторыю Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны, які мог стаць галоўным цэнтрам беларускай культуры, але не стаў.

Як і калі быў створаны Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Ф. Скарыны

У красавіку—маі 1990 г. у Рыме адбылася Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная гісторыі народаў, што ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Арганізацыйны камітэт канферэнцыі запрасіў беларусістаў-даследчыкаў з БССР Анатоля Грыцкевіча, Адама Мальдзіса, Вячаслава Вярэніча

Менавіта на сустрэчы ў Італіі прафесар Адам Мальдзіс выказаў думку, што ў Мінску неабходна было б стварыць навукова-даследчы інфармацыйны цэнтр, мэтай якога былі б распрацоўка і папулярызацыя гісторыка-культурнага развіцця Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі, даследаванне беларускай дыяспары, рэлігійнай гісторыі Беларусі, тэрміналагічных праблем беларусазнаўства, заснаванне музея эміграцыі. 

Adam Maĺdzis
Адам Мальдзіс. Фота: Джон Кунстадтэр, radzimaphoto.com

Меркаванне прафесара Мальдзіса было падтрымана беларусістамі Захаду, а пазней і ўсёй беларускай дыяспарай. Беларускі інстытут навукі і мастацтва, размешчаны ў Нью-Ёрку, адразу падараваў будучаму Цэнтру найлепшыя на той час ксеракс і факс.

Ідэя Адама Мальдзіса досыць хутка ажыццявілася. 30 жніўня 1991 г. у Мінску на аснове часовага творчага калектыву быў створаны самастойны Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Ф. Скарыны. Яго адкрыццё было прымеркавана да святкавання 500-годдзя з дня нараджэння першадрукара.

Vulica Revaliucyjnaja, 15 u Minsku Вуліца Рэвалюцыйная, 15 у Мінску. Цяпер тут размяшчаецца амбасада Швецыі

3 ліпеня 1993 г. Цэнтр размяшчаўся ў будынку былога Інстытута беларускай культуры на вуліцы Рэвалюцыйнай, 15 (былая Койданаўская).

Былы навуковы супрацоўнік Скарынаўскага цэнтра, імя якога мы не называем у мэтах бяспекі, у каментары для Budzma.org распавёў:

«Летам 1993 года мы ўжо пераязджалі з акадэмічных памяшканняў на праспекце Незалежнасці ў памяшканне былога Інбелкульта на Рэвалюцыйную, 15. Уся мэбля, якая нам дасталася, была ўласнасцю парткама АН. Калі перавозілі яе, жартавалі паміж сабой, што з цягам часу нам удасца змяніць не толькі назву вуліцы з Рэвалюцыйнай на Эвалюцыйную ці вярнуць былую назву Койданаўская, а таксама падрыхтаваць і ажыццявіць эвалюцыйныя змены ў незалежнай Беларусі.

Адзін з нашых маладзейшых калегаў на шыльдзе з назвай вуліцы заклеіў сіняй ізалентай літару «Р», замест якой намаляваў белай фарбай вялікае «Э», і амаль два дні мы хадзілі на працу на Эвалюцыйную. Але праз некалькі дзён пад’ехаў міліцэйскі ўазік, сяржант залез на машыну і хутка вярнуў Эвалюцыйнай зацверджаную Мінгарвыканкамам назву, а мы шкадавалі, што не зрабілі фота для гісторыі».

Šyĺda z infarmacyjaj pra Inbielkuĺt
Шыльда з інфармацыяй пра Інбелкульт на доме нумар 15 па вуліцы Рэвалюцыйнай у Мінску

Аддзелы Скарынаўскага цэнтра і супрацоўнікі

Меркавалася, што Скарынаўскі цэнтр стане адной з асноўных нацыянальных устаноў нашай краіны, які будзе спрыяць адраджэнню і развіццю беларускай культуры, вяртанню нацыянальнай спадчыны шляхам даследавання і рэстытуцыі з-за межаў Беларусі. 

На пачатку 1990-х у Цэнтры былі аддзелы:

  • тэорыі і гісторыі культуры,
  • беларусазнаўства,
  • даследавання ўзаемадзеяння беларускай культуры з культурамі іншых народаў і краін,
  • музеязнаўства і краязнаўства,
  • аддзел беларускай навуковай тэрміналогіі.

Былы супрацоўнік Скарынаўскага цэнтра ўзгадвае:

«Вясной 1994 года, даведаўшыся, што Скарынаўскі цэнтр аб’явіў конкурс на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка ў аддзел гісторыі і тэорыі беларускай культуры, я вырашыў прыняць у ім удзел. З газет і радыё я ведаў, што Цэнтр спецыялізуецца на вывучэнні міжнацыянальных, міжкультурных і міжканфесійных адносін. Яшчэ імпанавала тое, што ў Цэнтры працавалі вядомыя не толькі ў Беларусі вучоныя, такія як дактары філасофскіх навук Уладзімір Конан і Мікалай Крукоўскі, дактары гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч, Захар Шыбека, Генадзь Каханоўскі, дактары філалагічных навук Вячаслаў Рагойша і Генадзь Цыхун ды іншыя вядомыя даследчыкі. Дырэктарам Цэнтра быў вядомы грамадскі дзеяч, пісьменнік-публіцыст, доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс. У аддзелах сваю навуковую дзейнасць пачыналі зараз ужо вядомыя беларускія дзеячы — Алесь Разанаў, Алег Бембель, Сяргей Абламейка

Пасля разгляду прапанаваных трох суіскальнікаў на Вучонай радзе, абмеркавання і адказаў на пытанні я быў прыняты. Тое, што ўдалося ўладкавацца на працу ў інтэлектуальны цэнтр нацыі, я лічыў добрым падарункам да свайго юбілею. Хоць былі і пэўныя сумненні, бо ведаў, што ў такім узросце «дрэвы ўжо не перасаджваюцца».

Што было зроблена ў першыя гады дзейнасці

За першыя два гады дзейнасці Цэнтра быў праведзены шэраг міжнародных канферэнцый, першы кангрэс беларусістаў, заснаваная бібліятэка з калекцыяй выданняў беларускай дыяспары з рукапісным аддзелам і тэматычнай картатэкай, створаны банк інфармацыі пра Беларусь у замежных выданнях. 

Гэтая праграма была асабліва актуальнай для нашай краіны, бо ніколі дагэтуль у Беларусі не даследавалася тое, што пра яе пісалі ў замежным друку.

У час Першага з’езда беларусаў свету, які праходзіў у 1993 гозе, у самым вялікім пакоі памяшкання былога Інбелкульта была адкрыта музейная экспазіцыя «Беларусы ў свеце» (больш за 600 экспанатаў). Памятныя рэчы, архіўныя дакументы, рукапісы, фатаграфіі, кнігі, перыядычныя выданні перадалі сюды беларусы з ЗША, Германіі, Аўстраліі, Вялікабрытаніі і іншых краін свету. Свае працы ахвяравалі мастакі Валерый Дзевіскіба, Вячка Целеш, Мікола Купава, Кастусь Харашэвіч. Таксама ў музеі размяшчаліся цікавыя матэрыялы пра Міхала Забэйду-Суміцкага, Пятра Мірановіча, беларусаў у даваеннай Латвіі, перададзеныя Сяргеем Панізнікам.

Udzieĺniki Pieršaha zjezda bielarusaŭ svietu
Удзельнікі Першага з’езда беларусаў свету 

З цэнтрам пачалі супрацоўнічаць Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНІМ) у Нью-Ёрку, Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА), Фундацыя імя Пятра Крэчэўскага, Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны ў Лондане, Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі (ЗБВБ), Інстытут славяназнаўства і балканістыкі Расійскай АН, Інстытут Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў Любліне (Польшча) і навуковыя ўстановы Літвы, Украіны, Італіі, Ізраіля, Францыі.

Былая супрацоўніца Скарынаўскага цэнтра рассказала ў каментары для Budzma.org: 

«У Скарынаўскі цэнтр я прыйшла працаваць сакратаром аддзела беларусазнаўства, якім на той час кіраваў доктар гістарычных навук Захар Шыбека. У нас тады было так званае «машынапіснае бюро»: у адным пакоі пяць машыністак. Шум... Машынкі — гэта не ціхія сучасныя камп’ютары... А тэкстаў трэба было набіраць шмат: нашы навуковыя супрацоўнікі працавалі плённа. Друкавалі тэксты, падрыхтаваныя навукоўцамі, матэрыялы канферэнцый, пратаколы пасяджэнняў аддзелаў, матэрыялы для інфармацыйна-аналітычнага бюлетэня «Кантакты і дыялогі».

Пасля пераводу мяне на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка працавала над тэмай «Асветніцкая дзейнасць праваслаўнай царквы ў канцы ХІХ стагоддзя». Гэта было вельмі цікава — адчуванне, што адкрываеш нешта невядомае... Гартаеш газеты стогадовай даўніны. Тое, што пісалася ў артыкулах для карэспандэнтаў, было іх жыццём. Яны не ведалі яшчэ, што чакаюць іх рэвалюцыя, тэрор, войны, змены ўладаў, рэпрэсіі... А ты як даследчык глядзіш на гэтыя падзеі, трымаючы перад вачыма ўсю гэтую гісторыю...»

Па выніках даследаванняў Цэнтр пачаў выдаваць навуковы зборнік «Беларусіка=Albaruthenica», сумесна з Беларускім фондам культуры — навуковы зборнік «Вяртанне». Было выдадзена даследаванне «Беларусы ў ЗША», пасля чаго з’явілася і англамоўнае выданне амерыканскага выдавецтва, апублікаваны дадаткі да ранейшых бібліяграфій скарыніяны.

Што было ў планах Скарынаўскага цэнтра

Планавалася разам з зацікаўленымі ўстановамі замежжа, у тым ліку эмігранцкімі, пабудаваць у Мінску паўнавартасны музей эміграцыі, стварыць геамарфалагічны парк-запаведнік, распрацаваць праграму папулярызацыі для турызму культурных каштоўнасцей Беларусі.

Былі абгрунтаваны і распрацаваны дзве комплексныя і прынцыпова важныя для Беларусі праграмы «Беларуская дыяспара» і «Нацыянальныя супольнасці і рэгіянальныя праблемы Беларусі».

У Савет Міністраў быў пададзены праект Усебеларускага дома, дзе маглі б знайсці сабе месца грамадскія арганізацыі, якія спрыялі кансалідацыі і ўзаемаразуменню ў грамадстве і не мелі свайго прытулку, такія як Беларускае таварыства краязнаўцаў, Міжнародная арганізацыя беларусістаў і іншыя, блізкія ім па дзейнасці.

Хто дапамагаў Цэнтру

У фінансавых патрэбах Цэнтра, у падтрымцы разнастайных праграм дапамагала эміграцыя. Найбольш пазітыўна былі настроеныя землякі-эмігранты з нафтаносных раёнаў Сібіры, якія пагаджаліся на стварэнне стыпендыяльных фондаў пры Скарынаўскім цэнтры.

Рэарганізацыя і спыненне працы Цэнтра

Пад Усебеларускі дом прапаноўваўся гістарычны і аб’яднаны адным дахам будынак на Рэвалюцыйнай, 13–15, дзе на першым паверсе ўжо размяшчалася грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свеу «Бацькаўшчына»», а на другім паверсе месціўся Цэнтр. Тут у 1920-я гады дзейнічалі розныя нацыянальныя сектары Інбелкульта. Зрабіць гэта можна было пры нязначных фінансавых затратах. 

З адпаведнай прапановай Адам Мальдзіс звяртаўся ў Савет Міністраў Беларусі ў лютым 1994 года. Аднак адказу Цэнтр не атрымаў. Дамаўляцца з уладнымі структурамі стала цяжэй. У 1998 годзе Адам Мальдзіс быў зняты з пасады дырэктара і працаваў загадчыкам аддзела.

З успамінаў дачкі былога супрацоўніка Скарынаўскага цэнтра: 

«Калі мяне пыталі ў садку, пасля ў школе, чаму я так добра размаўляю па-беларуску, я адказвала: «Таму што мае бацькі працуюць на беларускамоўнай працы». Заўсёды гэтым ганарылася. У дзяцінстве, калі даводзілася заходзіць у будынак, дзе калісьці працавалі Вацлаў Ластоўскі, Аркадзь Смоліч, Сцяпан Некрашэвіч, Антон Грыневіч і іншыя выбітныя дзеячы тагачаснай навукі і культуры я часта доўга стаяла перад самаробным плакатам, з якога на мяне глядзелі невялікія карткі-фотаздымкі людзей са светлымі тварамі. Я была малая і не ведала, хто яны. Аднойчы мне растлумачылі, што гэта паэты, пісьменнікі, навуковыя супрацоўнікі, якія тут працавалі і якіх расстралялі. Гэта мяне ўзрушыла. Калі Скарынаўскі цэнтр расфармоўвалі, я ўжо не была дзіцём. Папрасіла дазволу забраць той плакат з расстралянымі ў трагічныя 30-я, і захоўвала яго шмат гадоў як памяць пра тое, пра што беларусы не маюць права забыцца».

Skrynšot z sajta Skarynaŭskaha centra
Скрыншот з сайта Скарынаўскага цэнтра (праз web.archive.org)

З прыходам новага кіраўніцтва атмасфера ва ўстанове істотна змянілася. У 2001 годзе пасля чарговай аптымізацыі структуры ўстаноў Міністэрства адукацыі планавалася вярнуць Цэнтр у падпарадкаванне Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, але гэта не было ажыццёўлена. 

Пасля шматлікіх перыпетый Цэнтр прыпыніў сваё існаванне як юрыдычная асоба і пасля рэарганізацыі ў студзені 2004 г. быў далучаны да Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка ў якасці адасобленага структурнага падраздзялення, а пазней пераўтвораны ў аддзел тэорыі і гісторыі беларускай культуры навукова-даследчага сектара. Маёмасць Цэнтра была перададзена на баланс універсітэта. З заканчэннем фінансавання навуковай тэматыкі Скарынаўскі Цэнтр спыніў існаванне.

Пазней Вітаўт Кіпель у сваім артыкуле «Скарынаўскі цэнтр разгромлены, але ён патрэбен для нацыі» (з кнігі «Беларусь і беларусы ў прасторы і часе: зборнік да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса», Мінск, выдаведства «Лімарыўс» 2007) выказаў меркаванне, што Цэнтр і незалежная Беларусь адродзяцца, а Уладзімір Конан дадаў, што «на жаль, у Беларусі час для такіх устаноў яшчэ не наспеў».

Наста Пабягунская, Budzma.org

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць.