Ужо паўгода ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні працуе абноўленая бібліятэка — «Чытальня». Якія важныя падзеі адбыліся за гэты час? Што цікавага і карыснага прапануецца для чытачоў і наведнікаў? Пагаварылі пра гэта з менеджаркай установы Таццяна Ігнацьевай.
Таццяна Ігнацьева
З чаго ўсё пачалося, і што зроблена за паўгода
На пачатку 2024 года бібліятэка, што з 2021 года працавала для наведвальнікаў у віленскім Цэнтры беларускай супольнасці і культуры на Vilniaus, 20 (Беларускі дом) аднавілася пад назвай «Чытальня». Культурна-адукацыйная ўстанова атрымала новы віток развіцця дзякуючы ініцыятыве платформы «Новая Беларусь» у рамках праекта па зборы сродкаў на рэалізацыю цікавых і патрэбных для беларусаў ідэй. Так сталася, што дзякуючы выбару беларусаў Літвы менавіта на ідэю пра бібліятэку ў пэўны момант быў скіраваны творчы і фінансавы патэнцыял праекта.
Афіцыйны запуск адноўленай бібліятэкі адбыўся 24 студзеня. Менавіта ў гэтую дату адкрыўся для наведвальнікаў анлайн-каталог, куды на той момант былі ўнесеныя 1268 кніг. На сённяшні дзень каталог уключае ў сябе 1626 кніг, даступных для пошуку на сайце. З тых выданняў, якія дадаліся за амаль паўгода — блізу чатырох сотняў, — 120 кніг набытыя ў межах праекта па самакіраванні на платформе «Новая Беларусь».
Менеджарка ўстановы Таццяна Ігнацьева распавядае:
«Пасля таго, як высветлілася, што грошай назбіралі разы ў чатыры болей, чым разлічвалі, зрабілася зразумела, што можна стварыць не пару кніжных палічак ды столік у кавярні, як уяўлялася на пачатку, а штосьці больш сур’ёзнае. Актыўныя ўдзельнікі гэтай «бібліятэчнай адысеі» — аўтарка пераможнай ідэі Ірына Мышкавец і каманда Новай Беларусі — даведаліся, што ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ўжо існуе дастаткова вялікая бібліятэка. Адбылася сустрэча, дзе агучылі прапанову аб’яднання, і супрацоўнікі Белдома яе падтрымалі. Было дамоўлена ўдасканаліць сістэматызацыю кнігазбору ў спецыяльным праграмным забеспячэнні (ліцэнзійнай аirtable) і стварыць новы анлайн-каталог для чытачоў бібліятэкі. Грошы з праекта былі размеркаваныя на заробак менеджаркі бібліятэкі, стварэнне чытацкага клубу, закупку новых выданняў па запытах чытачоў — пераважна сучаснай і мастацкай, і нон-фікшн літаратуры, а таксама кніг для дзяцей, — набыццё ліцэнзіі і іншыя арганізацыйныя і тэхнічныя выдаткі».
Як знайсці і замовіць кнігу ў «Чытальні»
Калі чытач знаходзіць патрэбную кнігу ў каталогу на сайце Чытальні cytalnia.com, на старонцы выбранага выдання трэба націснуць кнопку «браніраваць», потым атрымаць на свой мэйл код і ўвесці яго на сайце. Так наведнік трапляе ў свой асабісты профіль. Кніга забраніраваная, і можна яе забраць у бібліятэцы ад моманту браніравання да 20 гадзін наступнага дня (калі браніранванне прыпадае на нядзелю, то кніга чакае да 20 гадзін серады, з улікам выходных — панядзелка і аўторка).
Выдаюцца не больш за тры кнігі за адзін раз на тэрмін да 30 дзён.
Па стане на пачатак чэрвеня было выдадзена на рукі блізу 300 кніг. Зарэгістраваных праз сайт чытачоў — больш за 170.
Як пашыраецца інфармацыя пра «Чытальню»
На сайце «Чытальні» перыядычна публікуюцца рэйтынгі самых цікавых кніг і звесткі пра падзеі чытацкага клубу. Таксама навіны клубу, агляды новых паступленняў з’яўляюцца ў сацсетках «Чытальні»:
«Публікацыямі займаюся ў асноўным я, — гаворыць Таццяна Ігнацьева. — Але важна не забывацца пра каталог — гэта, бадай што, самая вялікая і важная праца. У запаўненні каталогу перыядычна дапамагаюць валанцёры, у тым ліку студэнты з ЕГУ. Трэба занатоўваць кожную кнігу ў сістэму па шэрагу параметраў, рабіць фотаздымкі вокладак і кожны асобна заносіць ў базу. Але, як вядома, у студэнтаў надыходзяць спачатку сесія, пасля вакацыі, здараецца, што трэба рабіць усё самой, бо час не чакае, а кніг прыбывае. Калі папаўняеш каталог, пры адданай сканцэнтраванай працы за тры гадзіны атрымліваецца прыкладна дзесяць кніг унесці з усімі выходнымі данымі, фотаздымкам, апісаннем і г. д.»
Чытацкі клуб
Падчас рэалізацыі праекта стварылася сталае кола актыўных чытачоў, якія абмяркоўваюць кніжныя выданні, дзеляцца думкамі, інфармацыяй пра тое, што цікавіць аматараў кнігі. Гэтыя людзі і сталі асновай чытацкага клубу.
«Звычайна за месяц да сустрэчы абвяшчаецца кніга для прачытання, — тлумачыць Таццяна Ігнацьева. — Сустрэчы адбываюцца ў памяшканні Беларускага дома, аднак ёсць і чат у Тэлеграме, куды накіроўваецца дадатковая інфармацыя. На мерапрыемствы ў якасці эксперта звычайна запрашаюць аўтара кнігі. Альбо, улічваючы сённяшнія няпростыя рэаліі, запрашаецца чалавек, які меў непасрэднае дачыненне да выдання. Гэта можа быць выдавец, крытык, перакладчык. Па выніках клубных сустрэч на сайце і ў сацсетках робяцца як разгорнутыя анонсы, так і справаздачы».
Хто быў у гасцях чытацкага клубу
Першая сустрэча адбылася ў лютым з удзелам паэткі Насты Кудасавай, якая прыязджала ў Вільню на літаратурны фестываль «Вершы на асфальце». Абмяркоўвалі яе два апошнія зборнікі «Я працягваю» і «Побач».
Аўтограф-сесія ад Насты Кудасавай
Спадарыня Наста разлівае гарбатку падчас сустрэчы з чытацкім клубам
З наступнай госцяй, Алінай Нагорнай, ладзілася сустрэча ў сакавіку праз месяц пасля таго, як абвесцілі кнігу на Дзень роднай мовы.
«Мова 404» — гэта зборнік гісторый людзей, якія сутыкнуліся з дыскрымінацыяй, калі размаўлялі па-беларуску. Кніга зараз перавыдадзена, дапоўнена, аздоблена малюнкамі.
Чытайце яшчэ: Аліна Нагорная: Хачу, каб беларуская мова стала проста звычайнай з’явай для Беларусі. Не дэкаратыўнай
Аліна Нагорная на сустрэчы з чытачамі (на здымку злева)
У красавіку была сустрэча з Зараславай Камінскай, беларускай пісьменніцай, аўтаркай кніг «Калядны стол» і «Русалкі клічуць». Зараслава пасля 2020 года жыве ў Аргентыне, размова праходзіла анлайн.
Яе апошняя кніга называецца «ПА-ТОЙ-БОК. Старыя лялькі, новыя гульні». Паколькі аўтарка родам з Полаччыны, у яе шмат цікавых апісанняў правінцыі, адсылак да народнага мастацтва. У прыватнасці, лялькі-мотанкі, якія па-майстэрску ўплеценыя ў сюжэт. Але сюжэт цалкам сучасны — пра геймераў, пра маркетынг, пра рэкламу і пра тое, як дзяўчына разам са сваёй сяброўкай трапляе ў пэўныя прыгоды, а лялькі нібыта пазначаюць кожную сітуацыю. Таксама яшчэ прысутнічае сюжэтная лінія, якая адлюстроўвае падзеі «па той бок рэальнасці», у іншай, паралельнай прасторы.
Яшчэ адна сустрэча была прысвечаная кнізе «Мальцы выходзяць з-пад кантролю». Яе аўтар — пісьменнік і выкладчык ЕГУ Уладзь Гарбацкі.
Як адзначыла пасля прэзентацыі адна з удзельніц у чытацкім чаце: «...2.5 гадзіны праляцелі незаўважна. Шчыры дзякуй спадару Уладзіславу і чытацкаму клубу «Чытальня» за магчымасць чытаць і абмяркоўваць разнастайную беларускую літаратуру, месцамі «правакацыйную», «з моцным сюжэтам», і ўсё адно такую важкую для беларускага грамадства...»
«Што тычыцца сучасных аўтараў, то госця чытацкага клуба ў чэрвені (размова з Таццянай Ігнацьевай была запісана напрыканцы траўня — заўв. рэд.) Вольга Шпарага. Апошнія гады яна жыве ў Вене. Кніга існуе на нямецкай, на рускай і на літоўскай мовах. Мы падрыхтавалі абмеркаванне яе кнігі «У рэвалюцыі жаночае аблічча». Мы вельмі хочам прыцягнуць аўдыторыю тут, у Літве, якая прачытае яе ў тым ліку на літоўскай, — кажа Таццяна Ігнацьева. — Такога кшталту абмеркаванні, хутчэй за ўсё, давядзецца рабіць на рускай мове, альбо часткова на рускай. Хаця неяк у чаце мы дзяліліся досведам стасункаў і распавядалі, што калі размаўляеш з мясцовымі на літоўскай, то самі літоўцы часам прапануюць перайсці на рускую. Аднак вядомыя выпадкі, што літоўцы не аднойчы прапаноўвалі размаўляць на беларускай ці ўкраінскай мове як блізкай да беларускай».
Спадарыня Таццяна распавядае пра кнігу Вольгі Шпарагі
Якія цікавыя выданні можна знайсці ў «Чытальні»
Заўважаем на бібліятэкарскім стале кнігу Адама Мальдзіса на літоўскай мове. І тое не проста так. Супрацоўнікі «Чытальні» лічаць важным надаваць увагу пытанню інтэграцыі беларусаў замежжа ў еўрапейскую культуру, знаёміць з класікай, а часам і адкрываць беларускую літаратуру для замежнага чытача.
Таццяна Ігнацьева:
«У нас заўважная колькасць кніжак на літоўскай мове, пачынаючы з літаратуразнаўчых даследаванняў і гістарычных прац да збора твораў Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Разанава ў беларуска-літоўскім двухмоўным варыянце выдання. Маем і паліцу кніг на польскай мове, а таксама на англійскай і іншых. Нядаўна, напрыклад, да нас дабралася вельмі каштоўная падборка так званых «эмігранцкіх» выданняў. Іх перадала ў бібіятэку Фундацыя імя Пётры Крачэўскага ў Нью-Ёрку. Гэта і кнігі на роднай мове, і на англійскай, якія цяпер рэгіструюцца ў базу.
Вялікая ўвага ў працы «Чытальні» надаецца дзіцячай літаратуры
Адзін з кірункаў працы «Чытальні» — з’яўленне беларускай літаратуры на ўкраінскай мове ў каталогу «Чытальні» для прыцягнення ўкраінскай аўдыторыі ў бібліятэку і чытацкі клуб, і, як вынік, развіццё беларуска-ўкраінска-літоўскага супрацоўнітва».
Злева на стале два выданні кнігі Эвеліны Дацютэ «Шчасце — гэта Лісічка» на літоўскай і ўкраінскай мовах
Фота А. П. і Т. Ігнацьевай
Юры Несцярэнка, Budzma.org