Крэатыўныя спецыяльнасці сёння як ніколі патрабуюць быць у трэндзе, валодаць мабільнымі інструментамі, а таксама самапрасоўвання. Але якія сэрвісы і праграмы патрабуюць асаблівай увагі? Сёння мы сабралі спецыяльны тулкіт для мастакоў, дызайнераў і фатографаў, якія дапамогуць вам у прасоўванні, натхненні і працы!
Прасунь сябе сусвету!
Cпасылка на сайт: instagram.com
Пачнём з банальнага, але важнага інструмента для любога крэатыўшчыка, які займаецца візуалам. Інстаграм — насамрэч не толькі платформа для СМІ, ежы і сэлфі, але і вельмі добры сэрвіс для натхнення і прасоўвання. Чаму? А ўсё проста:
- Вялікая і розная аўдыторыя, сярод якой вы дакладна знойдзеце як зацікаўленых наймітаў, так і кліентаў.
- Платформа проста створаная для тых, хто прасоўвае свае працы, бо ў ёй ёсць функцыі спецыяльнага для гэтага (пра гэта крыху пазней).
- Простасць і мабільнасць. Інстаграм можа быць заўсёды ў вашай кішэні, а дакладней, у смартфоне незалежна ад АС, якой вы карыстайцеся, — IOS ці Android.
- Вялікая колькасць такіх самых крэатыўшчыкаў з усяго свету дасць вам магчымасць выдатна натхніцца, а можа, і нешта пераняць у сваіх калегаў па цэху.
Дык як можна добра выкарыстоўваць Інстаграм?
- Пашукайце і падпішыцеся на цікавых і папулярных калегаў, чые працы вам падабаюцца. Такім чынам вы створыце сабе добрую крыніцу натхнення і ідэй.
- Пазначце ў сваім профілі, адкуль вы і чым займайцеся. Гэта стане вашай візітнай карткай у Інстаграме.
- Перавядзіце свой акаўнт у бізнес-рэжым. Гэта дасць вам магчымасць атрымліваць статыстку па кожнаму допісе, а таксама вывесці кнопку сувязі на вашу галоўную старонку. Гэта вельмі зручна, бо дазволіць тым, хто зацікаўлены, аператыўна вам напісаць. Але для пераходу вам спачатку трэба стварыць сваю прафесійную старонку ў ФБ, што таксама варта зрабіць, каб прасоўваць сябе ў гэтай сацсетцы.
- Шукайце па тэгах і выпрацуйце свае асабістыя падборкі. Гэта дазволіць вам як шукаць патрэбных людзей, так і распаўсюдзіць свае працы па патрэбнай аўдыторыі.
Такім чынам Інстаграм стане для вас вельмі патрэбнай платформай для працы.
Cпасылка на сайт: pinterest.com
Не надта папулярны ў нас сэрвіс, але гэта не адмяняе яго патрэбнасці і цікавасці для нашых крэатыўшчыкаў. Pinterest — платформа малюнкаў, фота і розных графікаў, падзеленых па тэмах. Апроч таго, што гэтая платформа можа выдатна спаборнічаць з Інстаграмам па колькасці карыснай інфармацыі і крыніц натхнення, гэта яшчэ і нядрэнны інструмент для асабістага прасоўвання. Якім чынам? Да піноў можна далучаць спасылкі на патрэбны вам сайт/старонку, а таксама дадаваць тэкст. Ахопу ў платформы хапае, таму сэнс займацца гэтай сеткай вялікі. А нават калі вам лянота, то як мінімум вы атрымаеце добрую платформу для натхнення і ідэй. У гэтым вам дапаможа галоўная функцыя сэрвісу — магчымасць ствараць свае падборкі і захоўваць туды ўпадабаныя ідэі і карцінкі. Таму гэта вельмі цікавы сэрвіс для працы!
Behance
Cпасылка на сайт: behance.net
А вось гэты сэрвіс знаходзіцца ў катэгорыі must have! Behance — спецыяльная платформа для дызайнераў, мастакоў і фатографаў, якая дазваляе ствараць сваё партфоліа, размеркаваўшы працы на тэмах, катэгорыях і калекцыях. Сетка дае ўсе магчымасці знайсці сабе кліентаў, бо карыстаецца папулярнасцю нават у Беларусі — некаторыя працадаўцы пачынаюць праз яе шукаць сабе супрацоўнікаў. Дызайн лаканічны, уся інфармацыя пра карыстальніка выдатна бачная. То бок вам дастаткова завесці свой акаўнт, пададаць патрэбную інфармацыю і перыядычна праглядаць паведамленні — а раптам нехта зацікавіўся? Сам Behance мае сінхранізацыю з прадуктамі Adobe, што дае шэраг плюшак уладальнікам ліцэнзійных праграм гэтай кампаніі.
Artstation
Cпасылка на сайт: artstation.com
Гэты сэрвіс нечым нагадвае Behance, але мае яшчэ большы ўхіл у пошук працы. Апроч той жа сістэмы калекцый, падпісак і сувязяў Artstation мае спецыяльны раздзел з вакансіямі. Таму калі вы марылі паспрабаваць свае сілы ў пошуку працы на замежныя фірмы, то тут для гэтага ёсць усе магчымасці. Гэты сэрвіс мае зручны інтэрфейс, а галоўная старонка з’яўляецца падборкай цікавых і топавых працаў мясцовых карыстальнікаў. У Artstation рэалізаваны нядрэнны пошук і фільтры, таму пошук цікавасцяў не павінен скласці праблемы. Адзіны мінус — мабільная праграма можа крыху глючыць, але не так моцна, каб гэта перашкаджала карыстаць дадзеную платформу.
Flickr
Cпасылка на сайт: flickr.com
Сусветна вядомы сэрвіс ад Yahoo. Тут таксама прысутнічаюць кампаноўкі вашых прац у акаўнце, наладжаны фідбэк, а таксама бясплатна даецца даволі шмат месца — пад 1000 ГБ. У адрозненне ад іншых падобных сэрвісаў, тут сістэма нечым нагадвае Інстаграм, але для больш прафесійнай аўдыторыі. Тут тыя самыя падпісанты і падпіскі, каментары і ўпадабанні. І апроч захоўвання і распаўсюду вы можаце “ўшаноўваць” працы іншых, каментаваць і атрымліваць фідбэк, што таксама бывае вельмі карысна для такой працы.
Канечне, гэта не адзіныя сэрвісы крэатыўнага кірунку, дзе можна публікаваць і распаўсюджваць свае працы, але мы сабралі менавіта тыя, якія змогуць прынесці вам карысць. Таму калі вы яшчэ не чулі пра гэтыя платформы ці функцыі, то настойліва раім іх паспрабаваць — наўрад ці вы будзеце расчараваныя!
А калі вы ведаеце ці карыстаецеся больш рэдкімі, але не менш зручнымі сервісамі, дзяліцеся імі ў каментарах!
Багдан Сакалоў