Мікалай Клаўс нарадзіўся ў Клімавічах больш за 100 гадоў таму. Апроч нот, гэты свет пазнаёміў яго з рэпрэсіямі, пагрозай расстрэлу і вымушаным жыццём далёка-далёка ад радзімы. Але яго творчасць узбагаціла як беларускую, так і сусветную культуру.
Мы ніколі ўжо не даведаемся, ці паспеў пры сваім жыцці звычайны беларускі хлопчык, а пазней знакаміты кампазітар і дырыжор Мікалай, пачуць параўнанні са старажытным біскупам горада Міра. Той біскуп IV стагоддзя таксама меў імя Мікалай, і менавіта ён стаў правобразам вядомага ўсім сёння Санта Клаўса.
Мікалай Клаўс. Архіўнае фота
Але, забягаючы наперад, кідаецца ў вочы адна адметнасць, якая злучае абодвух Клаўсаў — як хрысціянскі біскуп, так і беларускі музыка правялі гады ў зняволенні.
Хлопчык вырастае ў зорку
Клаўсы, дарэчы, вядомыя на Магілёўшчыне прынамсі з XVI стагоддзя. Наш Мікалай нарадзіўся 19 снежня 1906 года. Вельмі рана застаўся без бацькі і стаў выхоўвацца, па сутнасці дзедам Паўлам. У доме Паўла раслі 11 унукаў — дзеці ягоных шасці рана аўдавелых дачок. У такім незвычайным становішчы можна было б чакаць чаго заўгодна, але неўзабаве праявіліся музычныя здольнасці Мікалая Клаўса.
Дома ў дзеда былі балалайка, мандаліна, гітара, якія ён засвоіў. А далей прыйшла чарга піяніна, на якім любіла граць маці Мікалая. Хлопчык граў настолькі добра, што пайшоў зарабляць першыя грошы ў кіно: ён «агучваў» у кінатэатрах фільмы, граючы на піяніна. Такая прафесія называлася тапёр і прыносіла маладзёну паўтара рублі за сеанс.
У 15 гадоў Мікалай Клаўс паступіў у Маскву на фартэпіяннае аддзяленне студыі імя Шаляпіна. Аднак фінансавыя цяжкасці вымусілі яго вярнуцца ў Клімавічы. Але ўжо ў хуткім часе Клаўс трапляе ў Мінскі музычны тэхнікум (сёння гэта Музычны каледж імя Глінкі) на фартэпіяннае аддзяленне. Пазней паступае яшчэ на два аддзяленні: кампазітарскае і дырыжорскае.
Тагачасныя аксакалы беларускай музыкі вычэпліваюць таленавітага юнака і ўсяляк спрыяюць яго кар’еры. Далей быў тузін гадоў славы і бурлівай творчасці. Мікалай Клаўс у якасці піяніста трапляе ў беларускую оперную студыю, запісвае грамафонныя кружэлкі з зоркай-цымбалістам Іосіфам Жыловічам. Апроч гэтага, шмат гастралюе.
У 1939 годзе Мікалая Клаўса прызначылі галоўным дырыжорам сімфанічнага аркестра Ўсебеларускага радыёкамітэта. Вышэй, як кажуць, толькі зоркі. Ён ставіў у жывым эфіры оперы, балеты і разнастайныя іншыя музычныя творы, у тым ліку і свайго аўтарства.
Еўрапейскай знакамітасцю яго зрабіла аўтарства музыкі да першай дзіцячай оперы па казцы Ганса Хрысціяна Андэрсэна «Салавей».
Мінскі беларускі гарадскі тэатр, 1943. Крыніца: cdn.3bls.eu
«Пасля вайны імя Мікалая Клаўса было выкрасленае з гісторыі беларускай культуры. Прычына ў тым, што падчас нямецкай акупацыі ён займаў пасаду галоўнага дырыжора Мінскага гарадскога тэатра. Клаўс пайшоў на гэта цалкам свядома, спадзеючыся выратаваць сваіх сяброў-аркестрантаў, пераважна габрэяў, якія таксама не паспелі эвакуявацца з Мінска» — пісала музыказнаўца Юлія Андрэева.
Мінскі беларускі гарадскі тэатр. Спіс супрацоўнікаў на 1943 год. Мікалай Клаўс пад № 5
Як піша ў сваім артыкуле даследчыца Вольга Брылон, ён выратаваў сям’ю Ісака Любана, кіраўніка беларускага радыёцэнтра, і старэнькую маці шыкоўнай опернай спявачкі, народнай артысткі Беларусі Ларысы Александроўскай.
Рэпрэсіі
1948 год стаў ракавым для Мікалая Клаўса. Сталінская рэпрэсіўная машына пераехала і яго. Кароткія, пякучыя звесткі, якія дайшлі да нас, рубяць як сякера. Толькі ахвяра — не палена, а жывы чалавек: «Клаўс, Мікалай Парфіравіч, народжаны ў 1906 годзе ў Клімавічах. Беларус, са службоўцаў, вышэйшая адукацыя, канцэртмайстар Мінскай рэспубліканскай філармоніі.
Жыў: вуліца Рэспубліканская 16, кв. 9. Арыштаваны 27 чэрвеня 1948 года. Асуджаны 18 кастрычніка 1948 года. Працаваў у перыяд акупацыі, уцёк з немцамі. Працаваў у «Еўрапейскай артыстычнай службе».
Паводле артыкулаў 76, 72, 63-1 КК БССР асуджаны на 5 гадоў ППЛ, на 5 гадоў паразы ў правах. Адбывае прысуд у Комі АССР».
Што такое «Еўрапейская артыстычная служба»? Гэта праца Мікалая Клаўса канцэртмайстрам канцэртнай арганізацыі «Венэта» ва Усходняй Нямеччыне з 1944 года.
ГУЛАГ у Комі. Архіўнае фота
Тут варта дадаць, што кампазітар атрымаў яшчэ лёгкі прысуд. Бо на пачатку па абвінавачванні ў «Здрадзе дзяржаве» яму прысудзілі расстрэл. Пазней прысуд замянілі на 25 гадоў лагераў. Дзякуючы таму, што Сталін выправіўся ў горшы для яго свет у 1953 годзе, Мікалай Клаўс адсядзеў не ўвесь тэрмін. У 1958 годзе ён выходзіць на волю і ўладкоўваецца ў цэнтр рэспублікі Комі — горад Сыктыўкар — на пасаду галоўнага дырыжора музыкальна-драматычнага тэатра, дзе наш герой і застаўся да пенсіі ў 1966 годзе.
Людміла Градава, дачка беларускага кампазітара, амаль усё жыццё пражыла ў Эстоніі. Каля 20 гадоў таму яна ўзгадвала:
«Хто б мог падумаць, што, седзячы ў турэмнай адзіночцы, у адрыве ад родных, ад людзей, ад прыроды, наогул ад жыцця, можна напісаць музыку пад дзіўнай, далікатнай і паэтычнай, нават крыху гарэзлівай назвай: «Сонечны прамень, які грае пылінкай». І музыка гэтая лёгкая, зграбная, часам задуменная і сумная, нават драматычная, і ўсё ж светлая, аптымістычная, працятая верай у нешта добрае.
І наўрад ці хто з тых, хто слухаў гэтую музыку, мог бы здагадацца, што, ствараючы яе, чалавек бяздольны, абражаны арыштам, які пакутуе адзінотай, назіраў за сонечным промнем, ледзь пранікаючым у турэмную камеру скрозь шчыльныя краты.
Мікалай Клаўс. Архіўнае фота
Месцамі ў ёй, гэтай музыцы, чуецца перастук зняволеных праз сцены камер. Відавочна адчуваецца трагічная выява турэмных сходаў, па якіх сотні, тысячы ні ў чым не вінаватых людзей спускаліся ў сутарэнне, у пекла. І ўсё ж, паўтару, у гэтай музыцы ёсць святло, ёсць надзея. Мусіць, менавіта яна, гэтая надзея, і не дала гэтаму чалавеку загінуць, зламацца, звар’яцець».
Ужо пасля вызвалення Мікалай Клаўс узгадваў тыя гады, калі падчас вайны ён працаваў у Мінску:
«Я, чым мог, падтрымліваў у людзях веру ў тое, што нашая беларуская культура — непераможная, высокадухоўная. Нямецкія жаўнеры, вяртаючыся пасля спектакляў у казармы, у захапленні казалі: «О, нават у Нямеччыне мала такіх тэатраў, а тут, у разбураным горадзе — і Моцарт, і Бетховен!».
Паспрабуйце ўявіць, як, знаходзячыся ў сталінскім лагеры, ён па памяці аднаўляе партытуру ўкраінскай оперы «Наталка-палтаўка» і пры дапамозе іншых палітвязняў ставіць яе для зняволеных!
У 1950 годзе, у далёкай ад Беларусі тэрыторыі Комі АССР гучала музыка і словы:
«Ой доля людськая — доля єсть сліпая!
Часто служить злим, негідним і їм помагає.
Добрі терплять нужду, по миру товчуться,
І все не в лад їм приходить, за що не возьмуться.
До кого ж ласкава ся доля лукава,
Такий живе як сир в маслі, спустивши рукава.
Без розума люди в світі живуть гарно,
А з розумом та в недолі вік проходить марно».
Мікалай Клаўс пражыў доўгае жыццё. Астатнія тры дзесяцігоддзі, пасля афіцыйнай рэабілітацыі Пленумам Вярхоўнага Савета БССР у 1967 годзе, ён таксама правёў не ў Беларусі — у расейскай Калузе. Там супрацоўнічаў з мясцовай філармоніяй, але, вядома, гэта было ўжо далёка не тое, што некалі ў Мінску.
Незадоўга да смерці Мікалай Клаўс сказаў: «Клімавічы — гэта, па-мойму, самы цудоўны горад, які толькі можа быць на Зямлі!».
У 2001 годзе, калі Мікалаю Клаўсу было ўжо 95, яго жыццёвы шлях скончыўся.
Павал Хадзінскі, budzma.org
Чытайце яшчэ: «Ад постаці Равенскага навявала ціхой сьціпласьцяй і нейкай асаблівай ветлівасьцяй, мо нат нацыянальнай». Цікавыя факты пра аўтара гімна «Магутны Божа»