Экскурсаводы класічнай савецкай школы, як правіла, да легенд і баек ставяцца з асцярожнасцю, і ўжо калі выкарыстоўваюць, то ўлічваюць, ці не прымуць іх турысты напавер. Але на сучасным экскурсійным полі кожны гуляе па сваіх правілах, і ў аматараў сенсацый і небыліц няма ніякага стрымальнага фактару, піша Таццяна Хвагіна для Planeta Belarus.
Надыходзяць выхадныя дні, і вуліцы нашых гістарычных гарадоў, у тым ліку і Пінска, поўняцца экскурсійнымі групамі і асобнымі турыстамі. Міма праходзяць гараджане, здараецца — мясцовыя краязнаўцы або экскурсаводы — і ўсе дзіву даюцца, адкуль бяруцца тыя дзіўныя факты і сенсацыі, якія гучаць падчас экскурсій. За апошні час мы назапасілі самавіты спіс часта паўтаральных памылак, якія не толькі ідуць уразрэз з навуковымі данымі, але і здольныя выклікаць крыўду ў жыхароў горада. Ніжэй прывяду прыклады, што славяцца найбольшай недарэчнасцю ці частай паўтаральнасцю.
1. Амаль у кожнай экскурсіі можна пачуць у тым ці іншым кантэксце словы «Пінск — сталіца Палесся». Тут жа ўзнікае пытанне: а што такое Палессе? Самы арыгінальны адказ: «...гэты тапонім паходзіць ад назвы краіны Польшча»! Каментары, як кажуць, залішнія... Каб развеяць цемру невуцтва, раю пашукаць адказ у мовазнаўцы Фёдара Клімчука — ураджэнца Драгічынскага раёна і вядомага спецыяліста па лінгвагеаграфіі Заходняга Палесся, кандыдата філалагічных навук, які зрабіў разгорнуты аналіз усіх версій паходжання дадзенага тапоніма і пераканаўча паказаў, што коранем гістарычнай словаформы «по-лêс-ь-je» з’яўляецца «лес», а прыстаўка «па» ў гэтым выпадку паказвае на пераходны характар мясцовасці: Палессе — гэта не суцэльны лес, але і не бязлессе, гэта рэгіён, які заняў месца паміж лясамі і стэпамі. Узгадвае Фёдар Клімчук і іншую версію — аб балцкім паходжанні тапоніма «Палессе», у аснове якога знаходзіцца корань «pol-/pal-», які пазначае багністыя месцы, забалочаныя лясы.
2. Пінскія замкі... У гісторыі старажытнага горада іх два. Першы — драўляны, на левым узвышаным беразе Піны, быў рэзідэнцыяй пінскіх князёў. Пры каралеве Боне ён стаў стараставым і быў спалены падчас рэйду па Прыпяці ваяводы Змітра Валконскага падчас руска-польскай вайны 1654–1667 гг. Паняцце «замак» доўга захоўвалася ў гарадской тапаніміцы і адлюстравана на старых картах. Пасля старажытнае замчышча было забудавана... Раю пачытаць кнігі «Старажытны Пінск» Пятра Лысенкі — археолага, доктара гістарычных навук, даследчыка гарадоў Тураўскай зямлі — і «Пінск XVI стагоддзя» Аляксандра Лазіцкага, каб надалей не блытаць пінскі дзяцінец — першааснову старажытнага горада, дзе знаходзіўся замак, з вакольным горадам, дзе ўсталяваны памятны знак у гонар 900-годдзя Пінска.
Не варта неабдумана абяцаць і паказ Пінскага замка — на яго месцы сёння вытворчая тэрыторыя і некалькіх жылых дамоў прыватнага сектара на паўднёвым баку вуліцы Чайкоўскага (Базіліянскай), якая праходзіць на месцы замкавага рова. Пра другі замак, каменны, які знаходзіўся ў прадмесці Каралін, — асобная размова.
3. Адкуль узялася байка пра «падземны замак», а заадно і пра «падземныя хады», якія пранізваюць увесь Стары горад, злучаюць паміж сабой шматлікія манастыры і сыходзяць у прадмесце Каралін, ніхто не памятае. Яна ўкаранілася ў свядомасці гараджан, але дагэтуль не знойдзена ніводнага чарцяжа і няма ніякай магчымасці паказаць экскурсантам гэтыя аб’екты. Мусіць, здарылася падмена паняццяў, бо падземныя хады і падзямеллі блізкія па гучанні і сэнсе. Самыя старыя мураваныя будынкі Пінска — існуючыя і зніклыя — будаваліся на стагоддзі, г. зн. з залішнім запасам трываласці.
Эпоха войн і паўстанняў, якая прыпала на XVII–XVIII стагоддзі, дыктавала архітэктарам і будаўнікам неабходнасць надаваць сакральным аб’ектам абаронныя ўласцівасці і рысы. Таму калегіум і касцёл езуітаў, вялікая сінагога, кляштар францысканцаў і замак гетмана Міхала Вішнявецкага, безумоўна, мелі падзямеллі з магутнымі сценамі і скляпеннямі і, цалкам магчыма, — з таемнымі выхадамі. А як далёка яны распасціраліся, ніхто не ведае, і ўжо сапраўды яны не былі шматкіламетровымі тунэлямі. Усё гэта з вобласці здагадак, і прад’явіць няма чаго: ні карт, ні макетаў, ні раскопаў. Дык ці варта ўводзіць у зман турыстаў, бо і акрамя гэтага ёсць на што паглядзець?!
4. Гэтую сцэну дазволю сабе апісаць у дэталях. Чакаючы ля Дома культуры аўтагрупу, якая вось-вось пад’едзе, бачу захапляльную карціну: экскурсанты цесна абступілі сівавалосага экскурсавода (бэйдж прадбачліва схаваны за пазуху). Ён з натхненнем нешта расказвае, робячы жэст у бок шахматнага клуба. Першая думка — ідзе апісанне адкрыцця клуба, якое праходзіла ў прысутнасці тагачаснага чэмпіёна свету па шахматах Тыграна Петрасяна... Не, нічога такога!
Наш госць красамоўна апісвае «найлепшы» публічны дом Пінска — можа, сам правяраў?! У мяне шок: ні ў адным горадзе не сустракала такога «экскурсійнага аб’екта», бо калі побач апынецца хто-небудзь з патрыётаў Пінска, то і па шыі дасць. А вам не будзе крыўдна, калі, паказваючы ваш родны горад, гасцям будуць акцэнтаваць увагу не на тым, што складае прадмет гонару, а на ласых мясцінах і да т. п.?
Раю прыслухацца да аднаго з галоўных слупоў савецкай экскурсійнай справы Барыса Емельянава, які падкрэсліваў, што любоў да сенсацый да дабра не даводзіць, і перш чым уразіць экскурсантаў нейкай «страшнай» інфармацыяй, задумайцеся — а што яна нясе? Хочаце рэканструяваць аблічча даваеннага Пінска — калі ласка, старой забудовы захавалася нямала: сакральныя аб’екты, былыя крамкі і рэстаранчыкі, цырульні і фатаграфіі, жылыя дамы вядомых людзей. А пакуль — «у каго што баліць, той пра тое і кажа»...
5. Як абысці ўвагай бронзавага «пінчука» на пачатку вуліцы Леніна? Рэдкая група ўтрымліваецца ад пытання: «Дзе церці?». Вось і стаіць наш «пінчук» з нацёртым да бляску носам, пальцамі рук і зіхатлівым ботам. Гэтая традыцыя нарадзілася не сёння, і перабіць яе нікому не атрымаецца, але і заахвочваць, па-мойму, не варта. А вось некаторыя моманты трэба растлумачыць.
Па-першае, гэта не помнік, а гарадская скульптура. Па-другое, у яе ёсць назва — «Па-першае, я з Пінска...». Гэты надпіс можна прачытаць на круглым падножжы, дзе намалявана і сімвалічная плітка-«трылінка».
«Пінчук» — зборны вобраз карэннага насельніцтва пінскіх ваколіц. Мяркуючы па вопратцы — мясцовы шляхціц, які трымае шлях проста на пінскі Рынак. Сёння цяжка сказаць, дзе тут бачанне заказчыка, а дзе вобраз, які ідзе ад аўтара Аляксея Паўлючука.
Ідэя помніка звязана з асаблівай любоўю да Пінска і гонарам за сваё пінскае паходжанне карэннага насельніцтва, якое называе сябе «пінчукамі». У мінулым існавала думка, што сапраўдны пінчук нараджаецца на свет адразу з загнутым мезенцам, таму што, калі становіцца дарослым і апынаецца далёка ад роднага Палесся, ён усё роўна пры сустрэчы з незнаёмымі людзьмі заўсёды падкрэслівае, паказваючы на свой загнуты палец: «Па-першае, я з Пінска...». Таму не верце апавядальнікам, якія бачаць у абліччы пінчука мясцовага яўрэя, які падлічвае свае барышы. А калі хочаце больш ведаць пра пінчукоў, знойдзеце іх вобразныя апісанні ў Ю. Крашэўскага, П. Шпілеўскага, М. Ляскова, Д. Булгакаўскага і іншых аўтараў.
6. Што да гістарычных асоб, звязаных з Пінскам, то, мабыць, больш за ўсё «дастаецца» каралеве Боне. Звычайна яе звязваюць з атручэннем нявесткі Барбары Радзівіл (што было абвергнута ў міжваенны час XX ст., калі праводзілася эксгумацыя астанкаў Барбары, і спецыяльная камісія прыйшла да высновы, што прычынай яе смерці стала анкалагічнае захворванне). Але асобныя апавядальнікі пайшлі яшчэ далей. Каралеву Бону (1494–1557 гг.) перамяшчаюць з аднаго стагоддзя ў іншае, робяць яе жонкай Стэфана Баторыя (1533–1586 гг.), які насамрэч быў мужам яе дачкі Ганны Ягелонкі (1523–1596 гг). І, нарэшце, прыпісваюць каралеве гісторыю графіні Эржэбеты Баторы (1560–1614 гг.), якая ў свой час была абвінавачаная ва ўжыванні катаванняў і забойстве соцень дзяўчын.
Каралева Бона ў фотагалерэі гасцявога дома «Пінскі дворык»
Насамрэч Бона Сфорца — міланская прынцэса і жонка Жыгімонта I Старога, атрымаўшы Пінскае, Кобрынскае і Клецкае княствы, паказала сябе дзейнай і руплівай гаспадыняй, распачала сур’ёзныя крокі па засяленні малаабжытага Палесся, паказала прыклады паспяховай меліярацыі, увяла статыстычны улік (знакамітыя пісцовыя кнігі), упарадкавала землекарыстанне, што стала перадумовай правядзення яе сынам — Жыгімонтам Аўгустам — аграрнай рэформы «Статуты на валокі». Такіх гістарычных дзеячаў сорамна не ведаць, і недапушчальна плесці пра іх небыліцы.
7. Раней экскурсаводаў праслухоўвалі на маршруце, і гэта выключала магчымасць пераблытаць аб’екты: побач з пачаткоўцам ішоў метадыст або вопытны экскурсавод. Часам да мяне падыходзяць абураныя жыхары Пінска, якія праходзілі міма экскурсійнай групы і пачулі чарговую бязглуздзіцу, і патрабуюць аднавіць ісціну: не блытаць калегіум езуітаў, дзе пасля знаходзілася праваслаўнае духоўнае вучылішча, з педвучылішчам пасляваеннай эпохі, а кавярню «Спутник», пабудаваную на вуліцы Леніна на месцы старой яўрэйскай забудовы, — з сінагогай... Асабліва ўразіў выпадак, калі экскурсавод пад сценамі былой гасцініцы «Англійская» пачаў расказваць пра палац Бутрымовіча, сведкі — супрацоўнікі турфірмаў — ледзь з вокнаў не павыпадалі, спрабуючы здагадацца, як апавядальніку ўдалося перасунуць палац амаль на пяць кварталаў ад яго рэальнага месцазнаходжання. Такімі прыкрымі памылкамі грашаць тыя, хто дазваляе сабе выйсці без падрыхтоўкі на любы экскурсійны маршрут і прытрымліваецца прынцыпу «кажы, што ведаеш, усё роўна ніхто не запомніць, а калі бачыш аб’ект і не ведаеш, што сказаць, — ідзі далей, як быццам так і трэба» (цытата амаль даслоўная, і ўявіце, што ў аўтара, які зрабіў упор на асабісты піяр, няма адбою ад кліентаў)...
У гэтым будынку некалі знаходзілася гасцініца «Англійская»
8. Адна справа пераблытаць будынкі, і зусім іншая — выдумаць неіснуючы аб’ект і ўключаць яго ў праграму экскурсій. Спачатку пінскія экскурсаводы спрабавалі здагадацца, што за міфічны аб’ект пад назвай «Сцяна» з’явіўся ў праграмах сталічных ды іншых турфірмаў? Калі не знайшлі ў горадзе ніякай «Сцяны», што заслугоўвае ўвагі, зразумелі: гаворка ідзе пра «Пінскі мур» — палац Мацея Бутрымовіча. «Мур» — вытворнае ад слова «мураваць», г. зн. будаваць з каменя і цэглы. Да гэтага з каменя і цэглы ў горадзе будаваліся толькі аб’екты сакральныя і абаронныя. Палац Бутрымовіча, які атрымаў назву «Пінскі мур», быў закладзены ў 1784 годзе і стаў «першай ластаўкай» у сталіцы Палесся ва ўзвядзенні цывільных мураваных будынкаў.
Гэта адзін са знакавых архітэктурных помнікаў Пінска, які нясе ў сваім абліччы рысы адыходзячага барока і класіцызму, што набіраў папулярнасць. Менавіта гэты палац Юзаф Крашэўскі назваў «франтам на вёсцы». І ніхто і ніколі не называў «Пінскі мур» «Сцяной». Пінчукі не заўсёды ведаюць, што гэта палац Мацея Бутрымовіча, які зрабіў Пінск портам двух мораў. Не ўсе чулі і пра Напалеона Орду, які быў ўнукам Мацея Бутрымовіча. Для многіх гэты будынак — пінскі ЗАГС. Таму, прыехаўшы ў Пінск, не чакайце, што кожны сустрэчны дасць вам дакладны адказ, дзе знаходзіцца гэты знакаміты палац. На жаль, у Пінску мала карэннага даваеннага насельніцтва, а нашы сучаснікі не заўсёды моцныя ў гістарычных назвах...
9. Распаўсюджанае на Палессі прозвішча Орда таксама трапіла ў наша поле зроку ў сувязі з рознымі байкамі. Здараецца, што гэтае прозвішча перайначваюць і прамаўляюць Арда, але гэта не адпавядае палескай традыцыі. Род Орда, які падзяляецца на дзве лініі — Белых і Чорных Ордаў, на працягу некалькіх стагоддзяў (з XVIII ст., а, магчыма, і раней) прытрымліваўся польскай культуры і мовы, у якім націск ставіцца на другі склад ад канца слова. Самі Орды менавіта так прамаўлялі і пісалі сваё прозвішча. Дык навошта яго перайначваць?
Але гэта не ўсё. Акрамя палаца Мацея Бутрымовіча, дзе бываў у дзяцінстве і юнацтве будучы мастак і кампазітар Напалеон Орда і куды ён пераехаў пасля смерці маці і канфіскацыі маёнтка ў Варацэвічах, з яго імем памылкова звязваюць дом Леанціны Орда (вул. Леніна, 38).
Гаспадыню гэтага дома называюць то роднай сястрой, то дачкой, у лепшым выпадку — нявесткай мастака. Тут праўда толькі ў тым, што жонка яго сына Вітольда, які застаўся ў Парыжы, насіла імя Леанціна, але ніякай нерухомасці ў Пінску не мела і памерла вельмі рана. А гаспадыня чырвонацаглянага дома ў Пінску Леанціна Орда (народжаная Корсак) сваяцтва з Наполеонам Ордам не мела. Яна была ўладальніцай маёнтка Хойна на Піншчыне, пражыла доўгае жыццё, актыўна працавала ў таварыстве аховы жывёл і ў сваім пінскім доме на першым паверсе арганізавала бібліятэку польскай кнігі.
10. Хапае клопату і са спісам знакамітых выпускнікоў Пінскай гімназіі — найстарэйшай на Палессі. Не-не ды і ўставяць у гэты спіс каго-небудзь, хто не мае ніякага дачынення да гэтага гістарычнага будынка, дзе ў розны час знаходзіліся дваранская гімназія, рэальная гімназія, рэальнае вучылішча, польская мужчынская дзяржаўная гімназія ім. Ю. Пілсудскага і савецкая школа № 2.
На ўсякі выпадак: Голда Мабовіч, якую ўвесь свет ведае як прэм’ер-міністра Ізраіля Голду Мэір, у гэтай мужчынскай навучальнай установе ніколі не вучылася. Яна пакінула Пінск разам з мамай Блюмай Найдзіч, ураджэнкай Пінска, і сёстрамі Шэйнай і Цыпарай у вельмі раннім узросце. Знакамітых выпускнікоў вельмі шмат, але, пералічваючы іх, трэба навучыцца інфармацыю з Інтэрнэту і іншых крыніц ацэньваць крытычна. Легенда пра тое, што акадэмік архітэктуры Іван Жалтоўскі праектаваў надбудову званіцы кафедральнага каталіцкага касцёла, жыве і дагэтуль. Але як славуты савецкі архітэктар (пры У. І. Леніне — архітэктар № 1 у маладой савецкай краіне, адзін з тых, каму было даверана перабудоўваць купецкую Маскву ў пампезную сталіцу СССР), мог у гэты час зрабіць праект для горада ў Польшчы?! Бо ў той час было небяспечна згадваць пра наяўнасць сваякоў за мяжой, а з Польшчай у СССР адносіны і зусім былі не прыязныя.
Кардынал Казімір Свёнтэк, які быў каля паўстагоддзя пробашчам катэдральнага касцёла ў Пінску, а да гэтага вучыўся ў Пінскай духоўнай семінарыі, гэтую версію не падтрымліваў. А званіцу дабудоўвалі падчас яго вучобы, ды і пацвярджальных дакументаў няма, толькі здагадкі, што, калі быў у замежнай камандзіроўцы ў Італіі, архітэктар заскочыў у госці да сястры ў Пінск і мімаходзь выканаў гэты праект. Сумнеўна... І ўсталяваць ісціну наўрад ці магчыма. Іван Жалтоўскі памёр, не пакінуўшы спадчыннікаў, а яго пляменнік Багдан Скірмунт, апошні ўладальнік маёнтка Альбрэхтава, згінуў у сталінскіх лагерах. Няма і кардынала Казіміра Свёнтка...
Прыведзеныя прыклады не вычэрпваюць усёй няпраўды, якая не толькі льецца з вуснаў нядобрасумленных апавядальнікаў, але і тыражуецца журналістамі і блогерамі. На першы раз, мабыць, хопіць...
Буду рада, калі гэты матэрыял дапаможа экскурсаводам пазбегнуць недакладнасцяў і памылак падчас правядзення экскурсій.