Якія прыклады сапраўднага кахання вы прыгадалі б з літаратуры? Напэўна, у такой апытанцы сярод лідараў былі б Рамэа і Джульета, Трыстан і Ізольда, Арфей і Эўрыдыка. Аднак беларусам не варта хадзіць так далёка, бо ў нас ёсць рэальныя гісторыі, якіх хапіла б і на тузін падобных хіт-парадаў. Прапануем пачытаць тры з іх.
Калі Колас не робіць прапанову, то прапанову робяць Коласу (Якуб Колас і Марыя Каменская)
Фота 01. Якуб Колас з жонкай Марыяй і сынамі. Крыніца: kolasmuseum.by
Паэт пазнаёміўся з будучай жонкай у 1912 годзе ў Пінску, дзе яны працавалі настаўнікамі. Сустракаліся прыкладна год, аднак нерашучы Костусь ніяк не наважваўся зрабіць прапанову. Невядома, колькі б гэта цягнулася і чым скончылася, але Марыі гэта надакучыла: аднойчы яна сама запрасіла яго аформіць адносіны. Якуб узрадаваўся і ахвотна пагадзіўся.
Вось вам і беларускія жанчыны: не толькі каня на скаку спыняць, але ў ЗАГС зацягнуць. А дакладней — у гарадскую царкву, дзе яны пабраліся шлюбам у чэрвені 1913 г. Дарэчы, з такой нагоды там усталявалі адмысловую шыльду (ці ведаеце хаця б яшчэ адзін выпадак, каб беларусы рабілі такое ў гонар нецаркоўнай асобы?).
Колас аказаўся някепскім рамантыкам, бо пасля знаёмства з каханай завёў запісную кніжку, якую не пакідаў навідавоку і насіў у пінжаку. А ў ёй былі пяшчотныя вершы, якія паэт нават не падаваў у друк, бо «няёмка адбіраць месца ў газеце і час у людзей на толькі мне належнае». Аднойчы, калі яны ўжо жылі разам, здарыўся казус: сакрэтная кніжачка выпала з кішэні. Вярнуўшыся дамоў са школы, Якуб трапіў на сапраўдны допыт: «У каго ты, Костусь, закахаўся так моцна? Не закахаўшыся, такіх вершаў не напішаш».
Не саступаючы ў майстэрстве спрактыкаванаму адвакату, паэт давёў, што даты вершаў адпавядаюць датам спаткання (з самага знаёмства, між іншым). Нарэшце Марыя кінула пракурорскую ролю і засмяялася: «Я не па датах зразумела, што гэта ўсё маё, не магу ж я паверыць, каб мне казаў адно, а пісаў каму-небудзь другое». Якуб расслабіўся, але дарэмна — яго чакаў рашучы ўдар. Дасціпная жонка дадала: «Не тое мяне засмучае. Шкада, што ад таго часу, як мы пажаніліся, у кніжачцы амаль не прыбавілася запісных старонак». Шах і мат.
Потым сусветная вайна, вайсковае вучылішча, румынскі фронт і Куршчына, куды падпаручнік Міцкевіч прыехаў да жонкі і дзе потым працаваў. Толькі ў 1921 годзе яны вярнуліся ў Менск.
У іх нарадзіліся трое сыноў, якіх суседзі называлі «каласкамі». Аднак падчас наступнай вайны Юрка знік без звестак пры абароне Масквы. А сам Колас вярнуўся з эвакуацыі, пасадзіў каля сядзібы чатыры дубы і бярозу як сімвал сваёй сям’і. Аднак адзін з дубкоў не прыжыўся, нібыта паўтарыў лёс сына…
Руская паводле нацыянальнасці, Марыя не толькі любіла беларускую мову, але і выдатна ведала яе. Можна сказаць, што яна стала роднай для яе, бо ў доме Коласаў размаўлялі па-беларуску. Пры гэтым жонка была першай слухачкай, чытачкай і нават крытыкам паэта, які прыслухоўваўся да яе.
Усё жыццё Якуб ліставаўся з каханай, заўжды пяшчотна звяртаючыся да яе: Маруся, Маруська, Марыйка, Марусік, Марусенька і нават Марусёнак. Падобныя словы (мая дарагая Маруся) з’явіліся і на яе помніку: у 1945 годзе яна памерла ў маскоўскім шпіталі і была пахавана на Вайсковых могілках у Мінску. Праз 11 гадоў побач спачыў і сам народны паэт.
За што народны паэт атрымліваў прачуханца? (Янка Купала і Уладзіслава Станкевіч)
Фота 02. Янка і Уладзіслава Луцэвічы. Крыніца: kupala-museum.by
Будучая жонка Купалы ўспамінала, што іх першая сустрэча адбылася ў віленскай кнігарні: даведаўшыся, што там знаходзіцца вядомы паэт, Уладзіслава пайшла туды разам з цэлай кампаніяй 10–15 чалавек. Аднак яе чакала расчараванне: захапіўшыся паэзіяй, дзяўчына стварыла ў сваім ўяўленні настолькі ўзнёслы вобраз, што рэальны Янка яму не адпавядаў.
Кавалер з маладога Купалы, калі верыць успамінам, быў так сабе: сціплы, сарамлівы, ён скардзіўся на адзіноту і называў сябе сірацінай. Выцягнуць яго паскакаць магла толькі Цётка (дробненька і неяк смешна ён танчыў польку ці «Лявоніху»).
Янка і Уладзіслава часта бачыліся ў Вільні, а з канца 1915 г. разам вучыліся ў маскоўскім універсітэце імя Шаняўскага. Канстанцыя Буйло ўзгадвала: «Уладка мне расказала, як яны, сустрэўшыся ў Маскве, адчуліся раптам вельмі блізкія адно да аднаго, як Янка атуліў яе, адзінокую, на чужыне падмогай і апекай, і як урэшце яны вырашылі пажаніцца».
Былі там не толькі падмога і апека, а цэлы арсенал рамантычных заляцанак: Купала запрашаў дзяўчыну ў тэатр, праводзіў дадому ў іншы канец горада, а з раніцы дасылаў кветкі і свежы верш. Афіцыйная капітуляцыя Уладзіславы адбылася ў студзені 1916 г.: яны ажаніліся.
Дзяцей у іх не было, хаця яны абое неймаверна любілі іх і вельмі перажывалі праз гэта. Уладзіслава лічыла сябе вінаватай і нават баялася кампаній, якія могуць адлучыць Янку ад яе. Таму быў абвешчаны «прынцып адчыненых дзвярэй»: лепей застолле будзе дома, чым у іншым месцы. Чацвёртая гадзіна была абвешчана абедзеннай і, калі муж не прыходзіў, пачынаўся самы аператыўны пошук. Урэшце знойдзены Купала садзіўся за стол і атрымліваў знатнага прачуханца.
Як і жонка Коласа, Уладзіслава Францаўна была першым чытачом і крытыкам паэта, а таксама яго літаратурным агентам — дапамагала ў арганізацыі працы і вяла службовую перапіску. Разам яны пражылі больш за 25 гадоў, вытрымаўшы нават змрочныя часы рэпрэсій і спробу самагубства. Яна ў прамым сэнсе выратавала яго: зазірнула ў пакой і, пабачыўшы мужа ў крыві, паспела выклікаць доктара. Магчыма, выратавала б яшчэ раз, калі б была побач з ім у 1942-м. «Падумаць толькі, заўсёды і ўсюды з ім ездзіла, і вось упершыню ён паехаў адзін — і такое няшчасце! Чаму і навошта я адпусціла яго аднаго?».
Уладзіслава Францаўна перажыла мужа на 18 гадоў і ўвесь гэты час прысвяціла справе захавання памяці пра дарагога чалавека. Яна стала заснавальніцай, а потым і кіраўніком музея народнага паэта.
Як ажаніцца насуперак адмове? (Уладзімір Дубоўка і Марыя Кляўс)
Фота 03. Уладзімір Дубоўка з жонкай Марыяй і сынам Альгердам. Крыніца: nlb.by
Напрыканцы 1926 г. Уладзімір Дубоўка заснаваў у Маскве курсы беларускай мовы, куды запрасілі займацца ў тым ліку настаўнікаў. Адной з іх была Марыя Кляўс, якая яшчэ не ведала, які доўгі і цяжкі шлях яна пройдзе з выкладчыкам. А пачаўся ён на маскоўскіх вуліцах, дзе яны падоўгу блукалі пасля заняткаў. Вынікам гэтых паходаў стала прапанова, на якую вядомы беларускі паэт атрымаў… адмову! Справа не ў тым, што Марыля ўхілялася ад сумеснага жыцця — наадварот, пачуцці былі ўзаемнымі. Прагрэсіўная жанчына, яна не хацела займацца фармальнасцямі і адзначала, што «гэта не зменіць нашых адносін». Тым не меней Уладзімір усё ж пераканаў яе пабрацца афіцыйным шлюбам. І не дарма, бо гэты статус вельмі спатрэбіцца ўжо праз некалькі гадоў, прычым даволі нечаканым чынам.
Неўзабаве ў маладзёнаў нарадзіўся сын, якога назвалі выдатным ва ўсіх сэнсах імем Альгерд. Па-першае, гэта быў наўмысны супраціў тагачаснай модзе на Уладленаў, Акцябрын, Даздрасмыгдаў і іншыя моўныя практыкаванні ў стылі маладой сацыялістычнай краіны. Так зрабілі не толькі Дубоўкі, але і іншыя беларускія інтэлігенты (Рагнеда — дачка Кузьмы Чорнага, Усяслаў і Радзім — сыны Гаўрылы Гарэцкага і г. д.). Па-другое, жылі яны ў Маскве, на якую князь Альгерд не аднойчы хадзіў з намерамі, далёкімі ад сяброўскіх. Супадзенне? Не думаю.
Паваротным пунктам стаў спякотны ліпеньскі дзень 1930-га, калі паэт паехаў на працу ў Саўнаркам у белым касцюме і сандалях. Так яго і забралі.
Марыля пачала доўгія, пакутлівыя, беспаспяховыя пошукі: ва ўсіх турмах казалі, што мужа там няма (тут, дарэчы, і спатрэбіўся афіцыйны шлюб). Невядома, чым бы яны скончыліся, аднак адзін знаёмы падказаў: «Вы не пытайцеся, тут ён або не, а нясіце перадачу і даведаецеся, ці ёсць ён там». І спрацавала, бо ў Бутырцы ёй сказалі, што грамадзяніну Дубоўку перадачы забаронены. А калі яна паспрабавала яшчэ праз некалькі дзён, агаломшылі: такога няма і ніколі не было. У змарнаванай жанчыны падкасіліся ногі, бо гэта магло значыць што заўгодна, у тым ліку самае горшае…
Пошукі яна не кінула, аднак змяніла тактыку, спрабуючы атрымаць інфармацыю ад высокіх чыноўнікаў. Падказкі прывялі яе ў Мінск, дзе сакратар ЦК пацвердзіў, нарэшце, што паэт тут. Марыля паводзілася крута: насуперак забароне запатрабавала не толькі прыняць перадачу, але і ўбачыць хаця б адзін радок, напісаны яго рукой. І партыйны аўтарытэт нечакана паддаўся яе націску. Цяпер яна хаця б ведала, што муж жывы.
Лёсу Уладзіміра Дубоўкі наўрад ці можна пазайздросціць: чарырохразовы «вораг народа», ён адматаў па лагерах ды высылках ажно 28 гадоў. Дакладней, не ён, а яны: Марыля пайшла добраахвотна «па этапах» разам з паэтам і па магчымасці была побач. Прытым гэта ўспрымалася ім як належнае: «Ніколі не пытаўся, ці паеду я з ім, ён толькі пісаў — як паедзеш (не калі паедзеш)».
Выпраўляючыся на першую высылку ў Яранск, яны не расцэньвалі яе як нешта доўгатэрміновае. Аднак потым былі новыя прысуды і новыя месцы на мапе: Чабаксары, Алатыр, Бірабіджан, Бамлаг, Почат. Марыля жыла з Уладзімірам, а калі ён быў у лагеры — знаходзіла жытло і працу побач, рупілася пра перадачы. Заўжды пад падазрэннем і ў амаль бяспраўным становішчы, яна адна гадавала сына, пакуль не здарылася трагедыя: кампанія падлеткаў знайшла снарад і кінула яго ў вогнішча. Загінулі ўсе, у тым ліку Альгерд. Дубоўка моцна перажываў і плакаў па сыне нават у старасці. Аднойчы падчас камандзіроўкі ў позніх 1960-х напісаў жонцы: «Прысніўся Алік, прачнуўся я ў слязах». Выплакала вочы і Марыля, прычым у літаральным сэнсе: да канца жыцця пакутавала на зрок.
Пасля канчатковай рэабілітацыі яны вярнуліся ў Мінск, аднак ненадоўга: вокны гасцініцы, дзе іх пасялілі, выходзілі на тую самую камеру на Валадарцы, дзе яго катавалі. Дубоўкі зразумелі намёк і падаліся ў Маскву.
Уладзімір часта прызнаваўся, што адчувае віну за паламанае жыццё каханай. Аднавіўшыся ў Саюзе пісьменнікаў, былы «найкрашчы бузотер» (такую мянушку далі яму ўкраінскія калегі) і паводзіўся максімальна асцярожна перш за ўсё дзеля яе. У лютым 1976 г. паэт выйшаў у аптэку па лекі для жонкі, паслізнуўся і зламаў шыйку сцягна. Не перажыўшы аперацыі, ён сканаў 20 сакавіка, а Марыля — праз 4 гады. Нягледзячы на запрашэнні ад сяброў, яна самотна жыла ў маленькай кватэры, бо хацела застацца там, дзе яны былі разам.
Дарагая… каханая… залатая…
Ці ты чуеш, як цяжка мне?
Можа, косы твае расплятаюць
там далёка, далёка дзесь…
Не магу расказаць я пра тое,
што ля сэрца і ў сэрцы маім.
Я не знаю даўно супакою,
а ці варта каго маліць?
У адчаі сцюдзёным сціскаю,
ашчаперыўшы рукамі, чало.
Твая постаць маўклівая такая,
быццам вусны працяў замок.
Як лісты вераснёвыя, ўпрочкі
разлятаюцца думкі мае.
Только здані панікліва крочаць
каля сцен камяніц, каля дрэў.
Вышчараюцца хіжа са шчылін,
мкнуцца думкі мае натаваць…
Што зрабілі мы ім, дзяўчына,
і чаму гэты крык — «не твая»?
Залатая… каханая… дарагая…
Адно знаю: іду і пайду.
Хай і пекла ля воч мільгае —
не супыніць маю хаду.
(Уладзімір Дубоўка)
Юрась Гарэлка, budzma.org