Куды ісьці і што рабіць? Святлана Курс пра ратаваньне нашага нацыянальнага праекта

Што рабіць, калі тэндэнцыі зьнішчэньня беларускага нацыянальнага праекта ў Беларусі штораз мацнеюць? Сваімі думкамі на гэты конт дзеліцца Святлана Курс.


Sviatlana Kurs
Святлана Курс

Цэмэнтаваньне капіляраў беларушчыны

Мае прыватныя роздумы цяпер скіраваныя на тое, як можна сцаліць наш нацыянальны праект у сытуацыі, калі акупацыйная адміністрацыя стараецца выцесьніць яго зь Беларусі — у любым выглядзе, часам нават падмяняючы факльклёр на расейскі — беларускі нацыянальны касьцюм на крывавароткі і какошнікі-антывошнікі, а нашыя традыцыйныя сьвяты — на Пятроў з Хаўроньнямі. 

Maliunak Andrusia Takindanha
Замест нацыянальнага касцюма — какошнікі і крывароткі. Малюнак Андруся Такінданга

Жывучы за мяжою, мы зь некаторым адчаем назіраем прымітывізацыю сацыяльнага і культурнага жыцьця ў рэгіёнах — да прыкладу, загалоўкі раёнак немагчыма чытаць без пякучай жаласьці і сьмеху. 

Улетку 2024 г. тэндэнцыі зьнішчэньня беларускага нацыянальнага праекта ў Беларусі толькі мацнелі. 

Таталітарызм, закупорыўшы вены ды артэрыі нацыянальнага арганізму, узяўся за цэмэнтаваньне капіляраў.

Татальны кантроль і патрабаваньне ляяльнасьці ва ўсіх сферах

Улада патрабуе ляяльнасьці ад усіх прафесійных і сацыяльных груп: гэтак, узмацніліся патрабаваньні да натарыюсаў, гідаў-экскурсаводаў-перакладчыкаў. Цяпер і тыя, і іншыя павінны арыентавацца на дзяржаўныя патрабаваньні, а не на сваю прафэсійную этыку. Адбываецца скажэньне сутнасьці гэтых прафэсій — як скажоная сутнасьць амаль усіх прафэсій і заняткаў у краіне, што вядзе да дэградацыі і сацыяльнай шызафрэніі.

Узмацняецца кантроль над выпускнікамі ВНУ, незалежна ад таго, бюджэтна яны вучыліся ці за ўласныя грошы. Цяпер заняволіць маладога чалавека на некалькі год — вельмі проста праз прымусовае разьмеркаваньне, кампэнсацыю сродкаў, забарону на апастыляваньне і пераклад дакумэнтаў, каб за мяжу ня ўцёк. Працягваецца індактрынацыя дзяцей у школах і садочках, з Расеі ўзялі практыку стварэньня дзіцячых дамоў пры кляштарах мясцовай філіі РПЦ.

Сёлета мы ўпершыню атрымалі афіцыйнае пацвярджэньне (пісьмовае рашэнне суда), што кнігі, прызнаныя экстрэмісцкімі, улады знішчаюць. У асноўным экстрэмісцкімі прызнаюць кнігі на беларускай мове на нацыянальную тэматыку.

Maliunak Andrusia Takindanha
Улады знішчаюць беларускія кнігі, прызнаныя экстрэмісцкімі. Малюнак Андруся Такінданга

У 2024 г. «дзяржава» дабіла тры найстарэйшыя прыватныя ВНУ. У Мінску не засталося ніводнага прыватнага дзіцячага саду. Дарослых на працоўных месцах выклікаюць штатныя супрацоўнікі КДБ і грозьбамі і малітвамі заклінаюць не езьдзіць у «непрыязныя» краіны. А калі паехалі, то пісаць дакладныя з указаньнем маршрутаў і сустрэч.

Беларускі нацыянальны праект за мяжой: цяжкасці і перашкоды

Ды і за намі, многагрэшнымі беларусамі замежжа, пільнае лупатае вока косіць з-за мяжы. У людзей канфіскуюць беларускую маёмасьць, ціснуць на сям’ю. Гэтак, у ліпені сілавікі прыйшлі да сваякоў вядоўцаў TikTok-акаўнтаў «Люстэрка», змусілі да «пакаяльных відэа». На тых, хто прыйшоў на сьвяткаваньне Дня Волі 25 сакавіка 2024 году, гамузам завялі крымінальную справу аб экстрэмізме. Другая крымінальная справа — таксама гамузам — заведзеная на 257 прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады.

Maliunak Andrusia Takindanha
Лупатае вока косіць з-за мяжы. Малюнак Андруся Такінданга

Пры гэтым мы бачым, што разьвіваць беларускі нацыянальны праект за мяжой складана: прагляды беларускіх ролікаў на Youtube замалыя, кніг на беларускай мове пішуць усё меней, колькасьць чытачоў малее, а практычныя бацькі за мяжой вучаць дзетак мясцовым мовам + расейскай, бо і навошта ж беларуская, калі няма беларускай дзяржавы (а яе мала таго, што няма, на яе месцы адмоўная велічыня). 

Неаднаразова даводзілася чуць: мы паўтараем шлях нашых дыяспар, якія ўцякалі з краіны ў XIX-XX стагоддзях: голас іх глухнуў і заміраў, а іх дзеці выкідвалі іх архівы на сьметнікі.

Драбочак радасьці

Куды ісьці і што рабіць? Што гэтаму супрацьпаставіць? 

Нічога, апрача ўпартасьці, творчасьці і любові. Дождж не дубіна, а мы не гліна. 

Ну хіба што трэба яшчэ дадаць драбочак радасьці. Я гляджу на перапоўненыя фэстывалі вулічнай ежы ў Менску, расейскія музычныя фэстывалі (у Лідзе і дзе там яшчэ), і разумею, што людзі ня могуць жыць бяз радасьці і творчасьці. 

Што Цыганкоў і нагадаў апошнім часам.

Святлана Курс, Budzma.org