Ці застанецца Беларусь пасьля канца сьвету?

Апошнім часам неяк страшна чытаць навіны: з усіх бакоў — то вайна, то катастрофа — глядзі, вось-вось увесь сьвет лясьнецца! Тым часам у перапынках паміж пастэрызаваньнем закатак і выкопваньнем бункеру на выпадак ядравай вайны Валера Руселік у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» дзеліцца ўласным аптымізмам наконт нашае беларускае будучыні.


Узгадваю канец зімы — пачатак вясны 2020-га. Кавід-19, пандэмія, карантын — усё гэта я сустрэў у Варшаве. Памятаю, хадзіў па спусьцелай польскай сталіцы, пракручваў у галаве сюжэты ўлюбёных постапакаліптычных фільмаў і думаў: тэк-с, а ці ўсё я маю для выжываньня?

Здаецца, усё меў. Яшчэ б надзіманы каяк і арбалет — і наагул было б ідэальна.

Valiera Rusielik
Валера Руселік — на беразе Віслы падчас пандэміі (Варшава, травень 2020)

Але я пра іншае. Вы калі-небудзь спрабавалі падлічыць, колькі ўжо меркаваных канцоў сьвету мы з вамі перажылі? Вось я, да прыкладу, за свае амаль 43 мог сустрэць Апакаліпсыс прынамсі сем разоў:

1993 — паводле сэкты «Белае братэрства» на чале з «Дэві Хрыстос» Марынай Цьвігун (Украіна — Расея)

1995 (затым перанесены на 2000) — паводле сэкты «Рух за адраджэньне дзесяці запаветаў» на чале з Крэдоніяй Мрэвінда (Уганда)

1999 — паводле сэкты «Аум Сінрыкё» (Японія)

2008 — паводле сэкты Пятра Кузьняцова (Расея)

2011 — паводле Гаральда Кэмпінга (ЗША)

2012 — паводле тлумачэньняў прадказаньняў ідзейцаў мая

Kaliandar maja
 Каляндар мая, які нібы сурочыў канец сьвету якраз пад Каляды 2012-га

Пры гэтым канцы сьвету прадракалі і раней — у розных краінах, культурах, рэлігіях. Гэта, відаць, адзін з найбольш улюбёных заняткаў чалавецтва — сядзець і чакаць, калі ўсё лясьнецца. Разам з усімі нашымі праблемамі, клопатамі, няўдачамі. А што, вельмі зручна!

Адразу ўзгадваецца беларуская показка пра мужыка, у якога гумно гарыць — разам з усім ураджаем. Суседзі яму крычаць: «Пятро, у цябе гумно гарыць». А той адказвае: «От, затое колькі мышэй ляснула!».

Дарэчы, наконт ураджаю. Адзін з канцоў сьвету быў прызначаны на 1492 год. Лічылася, што гэта як раз будзе 7 тысяч гадоў ад стварэньня сьвету, а 7 тысяч гадоў — гэта ўласна тэрмін існаваньня сьвету. Ну і многія, паверыўшы ў тое прадказаньне, ня сталі сеяць хлеб: ну а навошта, калі сабраць яго ўжо не пасьпееш, праўда? Ну і ў выніку памерлі з голаду.

Pasiaŭnaja ŭ Lidzkim rajonie Haradzienščyny
Пасяўная ў Лідзкім раёне Гарадзеншчыны. Фота lidanews.by

Гэта я ўсё да чаго, сябры. Як зірнеш на нашую рэчаіснасьць, то здаецца, што мы зноўку стаім на парозе чарговага Апакаліпсысу — нават безь яго афіцыйнага абвяшчэньня. Тут — адна вайна, там — яшчэ адна, гэтыя вось пагражаюць тым вайною, а тыя палохаюць іншых ядравай зброяй і Трэцяй усясьветнай, гэты хоча прысабечыць Грэнляндыю і Канаду, той цягне рукі да Тайваню, а гэныя малююць мапы новых халіфатаў на тэрыторыі сучаснай Эўропы... Карацей, сьвет звар’яцеў і ляціць у нейкую бездань. А дадайце сюды яшчэ кліматычныя зьмены й ня бачныя дагэтуль шаленствы стыхіі...

А мы тут — пра важнасьць мовы сваёй рупімся, як бы нам незалежнасьць сваю адстаяць, як Бацькаўшчыну адрадзіць і, урэшце, зажыць нармальна. Ну, сьмешна ў роце! Ды гары яно ўсё гарам — і тое гумно, і мышы, і мова, і незалежнасьць!

Rybak na race Sluč
 Беларускі дзэн. Рыбак на рацэ Случ у ваколіцах Слуцку. Скрын з відэа з сацыяльных сетак

І вось тут у мяне пытаньнечка, сябры. А што, калі і цяперашнія змрочныя прагнозы і прадчуваньні таксама ня спраўдзяцца? Калі ёсьць нават мізэрны шанец, то ці ня варта яго скарыстаць?

Памятаеце старую беларускую прымаўку: «Паміраць сабраўся — а жыта сей». Колькі ў нас ужо тых канцоў сьвету было — і нічога, неяк жывем далей, праўда?

А таму, сябры, ня варта апускаць рукі. Трэба папросту працягваць рабіць сваю справу — нават калі цяжка і роспачна. Нават калі здаецца, што гэта ўсё ня мае сэнсу й ня мае пэрспэктываў.

Урэшце, узгадайце жонак слуцкіх паўстанцаў, якія вышывалі на нашых бела-чырвона-белых сьцягах словы «Яны пайшлі паміраць, каб жыла нашая Бацькаўшчына».

Кожнае наступнае пакаленьне беларускіх сейбітаў жыве дзякуючы таму, што іх дзяды не скарыліся змрочнаму лёсу і здолелі кінуць зерне ў беларускую глебу — пэўна, у гэтым і ёсьць адказ, чаму нашая Беларусь, не зважаючы на ўсе выклікі й нязгоды, усьцяж жыве.

І будзе жыць вечна!

Syn palitviaźnia Paŭla Sieviarynca Francišak
Сын палітвязьня Паўла Севярынца Францішак з календаром з малюнкамі таты. Фота kroplia.by

Валера Руселік, Budzma.org