7 ліпеня Беларусь і ўвесь культурны свет адзначылі 140 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы. І хоць пра першага народнага паэта краіны, здаецца, вядома практычна ўсё, тым не менш Народная воля сабрала дзесяць гісторый, якія могуць падацца вам цікавымі.
Янка Купала. Мастак М. Гусеў, 1949 год
«Кнігі не чытаў, а еў іх»
Сястра паэта Леакадзія Раманоўская згадвала, што Ясь — так звалі Янку Купалу ў дзяцінстве — з малечых гадоў любіў чытаць, а паколькі сваіх кніжак не было, то пазычаў іх у суседзяў.
«Сядзе, бывала, вечарам за кнігу, — успамінала Леакадзія Раманоўская, — а яго пачынаюць гнаць спаць:
— Кідай сваё чытанне. Няма чаго вачэй сляпіць і дарэмна газу паліць.
Патушаць лямпу, а ён прыстасуе лучыну, прыладзіцца і чытае. У святочныя дні, улетку, ён зранку браў кнігу і на цэлы дзень сыходзіў у лес. Кніжцы ён аддаваў кожную вольную хвіліну. Што б ні рабіў — заўсёды пры сабе меў кніжку.
Пашле бацька яго пасвіць, а праз некаторы час пасылае каторую з нас да яго:
— Збегай, паглядзі, што там Ясь робіць. Зачытаецца, вядома, а скаціна ў шкоду пойдзе.
Я з ахвотай бегала да Яся. Прыбягу... Бачу: Ясь чытае, а коні ў збажыне. Я адганю коней і пайду дадому, а ён, бывала, і не заўважыць, што я прыходзіла».
...Калі Янка Купала стаў працаваць у Вільні бібліятэкарам, вядомы грамадскі і палітычны дзеяч Вацлаў Ластоўскі, часта бачачы маладога паэта, які ніколі не разлучаўся з кнігай, гаварыў, што Купала кнігі не чытаў, а еў іх.
Янка Купала з маці. Аўтары С. Андруховіч і Г. Бржазоўскі, 1951 год
Вырас на беларускіх казках
Сам Іван Дамінікавіч гаварыў, што штуршком да творчасці паслужылі кнігі, але найбольш — беларускія казкі.
«Когда мы жили в Прудище (тогда еще я был малышом), у нас служил рабочий (парабак) некто Песляк, — пісаў Янка Купала свайму першаму біёграфу Льву Клейнбарту. — И вот он был, как мне тогда казалось, необыкновенный мастер рассказывать сказки, да оно так и было. Помню, что я ему не давал прохода. Пойдет ли он в поле пахать или едет на ночное, я всегда с ним и всегда вымаливаю у него сказки. Рассказывал он увлекательно. Чтобы его подбодрить, не раз крал я у матери сало или сыр и нес ему в награду за сказки. Можете себе представить: человек ходит за сохой, а следом за ним, как ворона, хожу я и слушаю».
Цэлымі днямі іграў на скрыпцы
Сучаснікі гаварылі, што Янка Купала не спяваў, бо не меў голасу для гэтага. Але затое любіў збіраць ноты: калі пачуе новую песню на свае словы, дык абавязкова папросіць перапісаць ноты. Тут дарэчы будзе згадаць, што ў юнацтве ён любіў іграць на скрыпачцы. Леакадзія Раманоўская згадвала, як брат угаварыў бацьку купіць у мясцовага пастуха скрыпку за 50 капеек. І колькі тады радасці было! Скончыць увечары працу — і за скрыпку, іграе цэлы вечар, пакуль нарэшце маці не папросіць:
Пакінь ужо, галава развальваецца ад тваёй музыкі.
«Вучыў яго іграць на скрыпцы парабак Мартын, — успамінала Леакадзія Раманоўская. — З Ясем яны сябравалі. Сядуць разам і пачнуць на скрыпках іграць, або Мартын казкі пачне расказваць, а Ясь слухае».
Аднаго разу Ясь і Мартын ігралі, пільнуючы збожжа ў гумне, аж да рання. Назаўтра суседзі, жартуючы, пыталіся ў бацькі:
— Што гэта ў тваім гумне ўчора апоўначы рабілася? Ці не завёўся там нячысцік?
А калі аднойчы будучы паэт вычытаў у часопісе, што за два рублі можна выпісаць дудачку, стаў прасіць грошы ў бацькоў. Тыя ў адказ:
— Што ты сабе думаеш? Што гэта, у нас рублі валяюцца? Выкінуць два рублі на нейкую дудачку!
Аднак праз некалькі дзён маці ўсё ж дала два рублі:
— На, купі сабе дудачку... Ну і сынок у мяне...
Так неўзабаве ў Яся з’явілася дудачка, на якой ён іграў цэлы дзень без супынку. Ужо ўсе спаць палеглі, а Ясь ціхенька, але ўсё адно іграе на сваёй дудачцы, пакуль бацька не прагнаў яго ў сенцы. Аднак праз пару дзён расклеілася дудачка, і як ні ладзіў яе Ясь, нічога не выходзіла. Насіў «на лекі» да музыканта Павэлка на суседскі хутар, але і той не дапамог, бо дудачка была зроблена з паперы.
Суседзі шкадавалі маці Купалы, калі сын стаў пісаць вершы
Заняўшыся паэзіяй, Ясь пісаў многа і паўсюль — на полі, на возе, усюды. Суседзі жартавалі:
— Чулі, Луцэўчык вершы піша?
— Відаць, панам будзе.
— Адно яго чакае — астрог. Шкада Луцэвічыху, бедная ўдава.
Гэтыя чуткі даходзілі, вядома, да маці. Яна нічога на гэта не казала, толькі пыталася:
— Ясю, як жыць будзем? Бацькі няма, ты ўсё кніжкі чытаеш, вершы складаеш. Дабром усё гэта не скончыцца. Што ты сабе думаеш? Ці ты хлеб з гэтага будзеш есці?
Народныя паэты Беларуси Якуб Колас і Янка Купала. 1935 год
Максім Горкі пераклаў верш Купалы «А хто там ідзе?», а пасля выбачаўся за пераклад
Пралетарскі пісьменнік Максім Горкі ўваходзіў у лік найлюбімых яшчэ з маладосці аўтараў Янкі Купалы. Але гэта была ўзаемная сімпатыя — беларускі настаўнік Андрэй Посах згадваў, як чытаў на памяць Купалавы вершы «А хто там ідзе?» і «Мужык», калі ў 1910 годзе быў у гасцях у Горкага на востраве Капры, і як той, застаўшыся ў захапленні, прасіў прачытаць што-небудзь яшчэ. У адказ госць абяцаў выслаць штосьці Купалава і сапраўды даслаў потым «Жалейку». У адказ Горкі не толькі падзякаваў, але і пераклаў верш «А хто там ідзе?» на рускую мову, за што пасля выбачаўся перад аўтарам: «Прашу Янку Купалу дараваць мне дрэнны пераклад яго красамоўнай і суровай песні». І, звяртаючыся ў «Нашу Ніву», прасіў даслаць разам са слоўнікам І.Насовіча, брашурай М. Доўнар-Запольскага пра В. Дуніна-Марцінкевіча і запісанымі на грамафоне беларускімі казкамі і, як пісаў М. Горкі, «песню „А хто там ідзе?“ з нотамі».
Калі Горкага не стала, Купала напісаў:
Мяне ты тады йшчэ заўважыў, мой сокал,
Калі была цемра і жудасць навокал,
І гора стагнала з капца да капца,
Здавалася, ночы не будзе канца.
Сваім зоркім вокам мяне ўсё ж прыкмеціў,
Забытага светам, людзьмі, ў беспрасвецці,
І песню маю спадабаў, пахваліў...
О, як жа тады быў я рад і шчасліў!
Любіў займацца садам і агародам
Купала любіў займацца сваім садам. Пад вокнамі ягонага кабінета раскашавала чаромха, а ў садку раслі яблынькі, серабрыстыя елачкі, акацыі, бэз, барбарыс і нават кіпарыс, а таксама разнастайныя кветкі: вяргіні, астры, настурцыі. І быў яшчэ невялічкі агародчык, дзе былі ўторкнуты выгаблеваныя дошчачкі з надпісамі назваў раслін і часам пасеву. З любоўю садоўніка паказваў Іван Дамінікавіч гасцям кусты ружаў, не без гонару падкрэсліваючы, што вырасціў іх сам, прышчапіўшы да лясной шыпшыны. Белая ружа была найлюбімай яго кветкай.
Не мог быць адзін
Янка Купала не мог жыць без таго, каб хтосьці не завітаў да яго ў госці. «Можа, пойдзеце да мяне, бабыля, абедаць? А то я нешта засумаваў», — мог сказаць ён маладому паэту Пятру Глебку, выпадкова сустрэўшы яго ў Доме пісьменніка.
Дзверы яго гасціннага дома часам не паспявалі зачыняцца за шматлікімі наведвальнікамі. Тут збіраліся вялікія кампаніі, і літаратары, крытыкі, мастакі і акцёры гаварылі і спрачаліся пра літаратуру і чыталі вершы. Часцяком здаралася, што хтосьці заставаўся начаваць, а то і ўвогуле падоўгу жыў у Купалы. Напрыклад, скульптар Заір Азгур, калі рабіў бюст Івана Дамінікавіча, пражыў у ягоным доме некалькі месяцаў. Было гэта, між іншым, па вуліцы Захар’еўскай, 135 у тым самым доме, дзе ў 1898 годзе адбыўся І з’езд РСДРП і дзе цяпер месціцца музей (праўда, падчас вайны дом згарэў і пасля быў адбудаваны наноў).
З жонкай Уладзіславай Францаўнай. 2016 год
Маладыя паэты любілі парадзіраваць Купалу
Не сказаць, каб Янка Купала добра чытаў уласныя вершы.
«Дэкламатар ён быў не з лепшых, — успамінаў Міхась Лынькоў, — чытаў даволі аднастайна, манатонна і — як сам ён пасмейваўся са сваёй дэкламацыі — „з дрыжонцам у голасе“. Маладзейшыя пісьменнікі любілі парадзіраваць яго дэкламацыю».
Парадзіраваў Купалу і Лынькоў, чаму Іван Дамінікавіч аднойчы стаў нечаканым сведкам. Тым разам яны павінны былі разам выступаць на радыё, але Купала спазніўся, і Лынькоў, распавядаючы пра ягоную творчасць і цытуючы верш «Сыходзіш, вёска, з яснай явы...», пераняў інтанацыю і дыкцыю самога Купалы. І толькі прачытаў некалькі радкоў, як адчуў, што нехта крануў яго за плячо. Азірнуўшыся, убачыў Івана Дамінікавіча.
— А добранька ты перадражняеш мяне, Міхаська! — казаў ён.
— Стараюся... — толькі што і адказаў, разгубіўшыся, Лынькоў.
Між іншым, эфір быў прамы, і гэтыя рэплікі пачулі радыёслухачы.
Прадчуваў свой сыход?
Адным з апошніх Янку Купалу бачыў вядомы расійскі паэт Аляксандр Твардоўскі — напярэдадні ён разам з Петрусём Броўкам быў у яго ў гасцініцы «Масква». Гэта было 27 чэрвеня 1942 года. У той вечар Купала пытаўся:
— Дарагі мой! Дык вы не верыце, што я буду дома, што я вярнуся?
— Канешне, будзеце, усе мы будзем, абавязкова будзем, — адказваў Твардоўскі, але Янка Купала зноў і зноў пра тое самае...
Ужо раніцай наступнага дня Іван Дамінікавіч, развітваючыся, запрашаў пасля вайны прыехаць да яго:
— Дайце слова, што наведаеце мяне на дачы ў Ляўках над Дняпром.
— Даю слова, дзядзька Янка, — адказаў Твардоўскі.
Увечары таго ж дня Іван Дамінікавіч трагічна загінуў.
Чытайце яшчэ:
«Малады, крэпкі, узмужалы хлопец, адзеты на гарадскі фасон, хоць і не надта фарсіста». Янка Купала вачыма яго сучаснікаў
Пахавалі ў адзін дзень з маці
1 ліпеня 1942 года, калі ў Мінску хавалі паэтаву маці Бянігну Іванаўну, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, асвяціўшы грудок на Вайсковых могілках, прароча спытаўся:
— Дзе сын твой, гаротная беларуская маці?
Ніхто тады не ведаў у акупаваным Мінску, што ў гэты ж самы дзень у Маскве развітваліся з Янкам Купалам.
Сяргей Фёдараў, Народная воля