Невядомыя старонкі гісторыі Глыбокага: вызначана месца, дзе ў пачатку ХХ стагоддзя ў Глыбокім прадавалі беларускія кнігі

У канцы 1913 года на апошняй старонцы «Нашай Нівы» пачалі друкавацца абвесткі са спісам месцаў, дзе прадаюцца беларускі каляндар і беларускія кнігі. Паводле тых абвестак, па-за Вільняй друкаваную прадукцыю па-беларуску можна было набыць у дзевятнаццаці гарадах і мястэчках.

Адно з такіх месцаў — «у Глыбокім — у кнігарні Рома».

Улічваючы, наколькі важны для нацыянальнага руху масавы распаўсюд літаратуры на роднай мове, факт продажу беларускіх кніг ёсць значнай інфармацыяй для апісання гісторыі беларускага горада. Яшчэ больш цікава лакалізаваць дакладнае месца, дзе можна было купіць кнігі па-беларуску. Гэта можа быць складаным, але ў вывучэнні лакальнай гісторыі адказы могуць знайсціся нечакана.


Abviestka ab prodažy bielaruskaha kaliendara i knih
Абвестка аб продажы беларускага календара і кніг. «Наша Ніва», № 50, 1913

Кім быў Ром

Перш чым вернемся да пытання пра лакалізацыю кнігарні Рома, варта згадаць, кім быў Ром і што ён зрабіў для Глыбокага. Пра яго асобу мы не ведаем практычна нічога. Можна здагадвацца, што ён паходзіў з габрэйскага роду Ромаў, якія былі выдаўцамі — пачыналі сваю дзейнасць у Азёрах каля Гродна яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя, а пазней іх нашчадкі перанесліся ў Вільню і забяспечвалі габрэйскай літаратурай, пераважна рэлігійнай, усю Расійскую імперыю.

Глыбоцкі Ром таксама быў друкаром, саўладальнікам адной з першых глыбоцкіх друкарняў. На сённяшні дзень вядомае адно выданне з гэтай друкарні. Гэта брашура 1913 года пад загалоўкам «Какъ живутъ люди на хуторахъ», якую напісаў земскі начальнік Іван Даронін. Гэта былі першыя гады сталыпінскай рэформы, і аўтар тлумачыў чытачам перавагі хутарской гаспадаркі. Месцам выдання пазначаная «Типографія М. Требелева и Л. Ромма. Глубокое».

Vokladka brašury Ivana Daronina
Вокладка брашуры Івана Дароніна «Какъ живутъ люди на хуторахъ», якая выйшла ў глыбоцкай друкарні Трэбелева і Рома. Расійская дзяржаўная бібліятэка, Санкт-Пецярбург

Глыбоцкія паштоўкі і разгадка лакалізацыі крамы

Найбольшую памяць для Глыбокага Л. Ром пакінуў як выдавец каляровых глыбоцкіх паштовак. На адваротным баку кожнай з іх напісана «Изд. Л. Я. Ромма, Глубокое». Паштоўкі былі выдадзены каля 1914 года — на вядомых экзэмплярах стаяць штэмпелі 1914 і 1915 гадоў.

Paštoŭka «Cierkovnaja ploщad»
Паштоўка «Церковная площадь», на якой адлюстравана панарама Глыбокага з сажалкамі Капаніцамі і касцёлам Святой Тройцы. Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей

Advarotny bok paštoŭki «Cierkovnaja ploщad»
Адваротны бок паштоўкі «Церковная площадь» з пазнакай «Изд. Л. Я. Ромма, Глубокое». Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей

Да нядаўняга часу былі вядомыя пяць паштовак гэтай серыі — «Базарная площадь», «Докшицкая улица», «Замковая улица», «Церковная площадь» і «Березвеческій монастырь». Але ў мінулым годзе ў кнізе Уладзіміра Ліхадзедава «Ад Віцебска да Полацка» была надрукаваная невядомая раней паштоўка, па якой і ўдалося вызначыць месца кнігарні і друкарні Л. Рома.

Paštoŭka «Torhovyj riadъ — d. Podnosa» Паштоўка «Торговый рядъ — д. Подноса». З кнігі Уладзіміра Ліхадзедава «Ад Віцебска да Полацка»

Паштоўка падпісаная: «Торговый рядъ — д. Подноса». На ёй выяўленая двухпавярховая камяніца з чырвонай цэглы, якая стаіць на Замкавай вуліцы недалёка ад Рынка. На камяніцы бачныя шматлікія шыльды, якія, аднак, цяжка прачытаць. Два надпісы ўсё ж удаецца расчытаць: «Типографія» і «[...] торговля Л. Я. Ромма».

Значыць, у гэтай камяніцы і была крама, дзе ў 1913 годзе прадавалі беларускія кнігі!

Frahmient paštoŭki «Torhovyj riadъ — d. Podnosa»
Фрагмент паштоўкі «Торговый рядъ — д. Подноса», на якім бачныя шыльды друкарні і кнігарні Л. Рома

Камяніца Поднаса і яе значэнне для беларускага руху

Камяніца Поднаса паўстала ў пачатку ХХ стагоддзя — магчыма, неўзабаве пасля пажару 1910 года, які знішчыў дзясяткі будынкаў у цэнтры Глыбокага. Уладальнікам у 1921 годзе пазначаны габрэй Мордух Поднас. Пэўна, ягоны сын Кушаль Поднас перарабіў першы паверх камяніцы пад кінатэатр «Corsa». У 1938 годзе тут паказалі першую экранізацыю фільма «Знахар», знятага паводле аповесці Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча. «Ганарыцца польская кінематаграфія і ганарыцца Глыбокае Тадэвушам Далэнгам-Мастовічам, які паходзіць адсюль!» — гучна паведамляла абвестка ў габрэйскім тыднёвіку «Gluboker Sztyme» («Глыбоцкі Голас») за 4 лютага 1938 года.

Abviestka fiĺma pa apoviesci Tadevuša Dalenhi-Mastoviča «Znachor»
 Абвестка фільма па аповесці Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча «Znachor», надрукаваная ў тыднёвіку «Gluboker Sztyme», № 5, 04.02.1938

Šescie skaŭtak na vulicy Zamkavaj
Шэсце скаўтак на вуліцы Замкавай. Удалечыні відаць камяніца Поднаса і афіша фільма ў кінатэатры «Corsa». Фота з сямейнага архіва Кшыштафа Вышыньскага

Магчыма, камяніца Поднаса была месцам яшчэ адной падзеі, важнай для беларускага руху. 15 жніўня 1926 года ў Глыбокім адбыўся павятовы з’езд Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, на якім выступалі дэпутаты Сойма Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі і Пётр Мятла. На з’езд сабраліся каля 300 чалавек, праслухалі прамовы, праспявалі гімн «Адвеку мы спалі». З’езд адбываўся ў кінатэатры «Oaza». Магчыма, што кіно «Oaza» займала тое ж памяшканне, што пазней «Corsa». У Глыбокім 1920-х было мала вялікіх будынкаў, якія надаваліся пад кінатэатр. Аднак гэтая гіпотэза яшчэ патрабуе падмацавання.

У час Другой cусветнай вайны камяніца Поднаса была спаленая, але пазней адбудаваная. Цяпер там кінатэатр і тэатральная зала імя Ігната Буйніцкага. У фае адбываюцца выставы мясцовых мастакоў. Будынак знаходзіцца ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Да абласных «Дажынак» у 2022 годзе камяніцу перафарбавалі ў колер, набліжаны да колеру чырвонай цэглы.

Bylyja kamianicy Podnasa (zlieva) i Šejnkiera (sprava) paslia ramontu ŭ 2022 hodzie
Былыя камяніцы Поднаса (злева) і Шэйнкера (справа) пасля рамонту ў 2022 годзе. Фота: сацыяльныя сеткі


Будынак, дзе больш за стагоддзе таму прадавалі беларускія кнігі, варта пазначыць памятнай шыльдай. Думаю, што рана ці позна гэта будзе зроблена.

Bylyja kamianicy Podnasa (zlieva) i Šejnkiera (sprava) paslia ramontu ŭ 2022 hodzie
Былыя камяніцы Поднаса (злева) і Шэйнкера (справа) пасля рамонту ў 2022 годзе. Фота: сацыяльныя сеткі

Ян Рамэйка, Глыбокае — Беласток, Budzma.org