Прапаноўваем прагуляцца па беларускіх мясцінах разам са славутым фотамайстрам Янам Булгакам (1876–1960), ураджэнцам Навагрудчыны. Гэта шанц убачыць і папулярныя сёння турыстычныя аб’екты, і ўнікальныя незахаваныя пабудовы такімі, якімі яны выглядалі амаль стагоддзе таму. Выдатна выкананыя пейзажныя і панарамныя чорна-белыя кампазіцыі фотамайстра «ажывілі» і расфарбавалі пры дапамозе нейрасетак. Паглядзіце, што атрымалася.
Ян Булгак
Па здымках і фотаальбомах Яна Булгака можна вывучаць Беларусь — ад папулярных сёння ў наведвальнікаў Навагрудка, Міра, Нясвіжа да не менш прывабных гарадоў Палесся ці Нарачанскага краю.
Мабыць, найлепшая (і ў нейкім сэнсе — выніковая) работа жыцця фотамайстра — серыя «Літва ў фотаздымках Яна Булгака» амаль цалкам выкананая на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Фотаматэрыялаў набралася ажно на шэсць тамоў. У «Віленскім штогодніку», «Ілюстраваным штогодніку», у часопісе «Варшаўскі фатограф» было надрукавана 270 здымкаў.
Пачнем наш маршрут з найбольш папулярных турыстычных лакацый.
Мірскі замак
Здымак зроблены каля 1925 г. Бачна, як ліхалецці ХХ стагоддзя пакінулі свой пачварны след на паркава-замкавым комплексе. Яшчэ можна заўважыць лясны гушчар, што падступіўся да самых муроў
Хаця на здымку 1909 г. Мірскі замак выглядае таксама не надта ветліва, але, у параўнанні з першым здымкам, усё ж мае не такія скалечаныя абрысы
Гэты здымак зроблены аўтарам у 2018 г. амаль з той жа кропкі, што і стагоддзе таму
Дарэчы, Ян Булгак быў не толькі таленавітым фатографам, ён меў і добры літаратурны талент. Чаго толькі каштуе аўтарскі тэкст пра Мір і Мірскі замак, які ў перакладзе з польскай Валерыя Вядрэнкі быў у свой час размешчаны ў часопісе «Мастацтва» (2010, № 3). Вось толькі невялічкі фрагмент «Перад намі — мястэчка Мір, а гэта значыць — маса бярвення, цэглы, дахаў, габрэяў і балотаў. І над гэтай звалкай гніючага дрэва паступова вырастае замак, што задуменна падпірае неба пяццю стройнымі вежамі — відовішча дзіўнае для навакольнага пейзажу, шэрага і пустога. Нібы дух Сярэднявечча, ператвораны ў камень, ён раптам узнік сярод колавароту сучаснага свету ўражлівым відовішчам. Нібы рыцар у сталёвых латах апынуўся ў цэнтры бясколернага і гаманлівага кірмашовага балагана і задуменна застыў, кантрастуючы сваёй моцай з навакольнай недарэчнай мітуснёй».
Нясвіж і Нясвіжскі палац Радзівілаў
Як і сённяшнія фотамайстры, Ян Булгак аддаў шмат увагі знакамітаму гораду, дарагой пярліне ў каралях Радзівілаўскіх уладанняў. Давайце паглядзім на некалькі здымкаў, што перадаюць дух мястэчка і былы магнацкі шык.
Нясвіжскі палац каля 1920 г.
Парадная ўязная брама Нясвіжскага палаца. Здымак паміж 1912 і 1939 гг. Сёння такі здымак зрабіць даволі складана — відарыс на браму часткова перакрываюць дрэвы. Але часцей добраму кадру замінае людскі натоўп з турыстаў і вандроўнікаў
Нясвіж, Касцёл Божага Цела (Фарны). Фота паміж 1920 і 1939 гг.
Навагрудак і Навагрудчына
Зразумела, фатограф ніяк не мог абмінуць сваю родную Навагрудчыну — Ян Булгак нарадзіўся ў ваколіцах Асташына.
Асташын, адна з найстаражытнейшых вёсак на Карэліччыне, падзяляўся на ўладанне Грабоўскіх-Жывіцкіх («Мураваны Асташын») і ўладанне Далматаўскіх («Драўляны Асташын»). У калажы са здымкаў 1930-х гг. — алея і будынак сядзібы Грабоўскіх (да 1922 г. / Жывіцкіх з 1922 г.) і Асташынскі кальвінскі збор (помнік мураванага дойлідства XVII ст., быў нязначна пашкоджаны ў Другую сусветную вайну, але разбураны камуністамі ў 1950-х гг.)
Навагрудскі замак
Шмат якія з аб’ектаў, зафіксаваных фотакамерай, на сёння або змянілі сваё аблічча або ўвогуле згінулі ў ліхалецці войн і чужой ідэалогіі. Аднак наваградскім дамінантам пашанцавала — Навагрудскі фарны касцёл можна ўбачыць не толькі на здымках
На сучасным здымку, зробленым аўтарам у 2017 г. амаль з той жа кропкі, заўважна, як наблізіўся да касцёльнага будынка квартал прыватнай забудовы
Міншчына Булгака
Сям’я Булгака пражывала ў сядзібе Пярэсека (цяпер — у Міханавіцкім сельсавеце Мінскага раёна) з 1901 па 1917 гг. І фотамайстра не мог не зафіксаваць хараство гэтых мясцін.
Сядзібны дом у Пярэсецы
Верагодна, сядзібны дом у Пярэсецы пабудаваны ў другой палове ХІХ ст. З боку ўезднай часткі аднапавярховую пабудову сядзібы са сціпла прафіліяванымі вокнамі падкрэсліваў порцік з трыма востраканцовымі аркадамі і прыгожая алея. Дом меў прыгожы чарапічны вальмавы дах. Будынак не захаваўся, а на месцы старых сядзібных дрэў выраслі новыя, але трасу ўздоўж уязной дарогі ў сядзібу можна прасачыць — алея складалася як-бы з трох частак (па відах дрэў): грабы; клёны; ліпы, а сядзібны дом абкружалі бярозы.
Сродкі на аднаўленне мемарыяльнага падворка і ўсталяванне валуна з барэльефам слыннага суайчынніка выдзяліў у 2019 г. мінскі прадпрымальнік Франц Жылка
Палацава-паркавы комплекс Чапскіх, прадстаўнікі якіх у канцы ХІХ — пачатку ХХ стст. адыгралі значную ролю ў мадэрнізацыі і «урбанізацыі» губернскага Мінска, таксама не пазбег аб’ектыва фотакамеры майстра.
Прылукі, з 1872 г. уладанне графаў Чапскіх, яшчэ ў 1851 г. было перабудавана былым уладальнікам, Антонам Горватам, у цудоўны гатычны палац, замкава-бастыённыя элементы былі дададзены і наступнымі ўладальнікамі — напрыклад, гадзіннікавая вежа 1876 г. (да сённяшняга часу не захавалася)
Русінавічы на Міншчыне, сядзіба Уніхоўскіх з Навагрудчыны — адзін з прыкладаў захаванасці «панскай спадчыны» за савецкім часам. Януш, перадапошні ўладальнік маёнтка, парадніўшыся з кампазітарам Міхалам Ельскім, быў слынным і зацятым калекцыянерам. Асабліва шыкоўным лічыўся збор зброі і рыштунку. Кажуць, Уніхоўскі пагадзіўся аддаць скрыпку Страдывары з уласнай калекцыі, каб толькі прыдбаць нейкі даспех эпохі Максіміліяна!
Сядзіба і брама ў Русінавічах, фотаздымак паміж 1901 і 1917 гг. Уніхоўскія пачалі ўзводзіць сядзібна-паркавы комплекс з канца XVIII ст. Велічнасці маёнтку надавала ўязная брама ў неагатычным стылі — дарэчы, толькі яна і захавалася да нашых дзён. На месцы сядзібнага дома ж цяпер — адміністратыўны будынак саўгаса.
Па краявіды Палесся
Не магло вока фотамастака не зачапіцца за непаўторнае, а часам і першабытнае хараство палескіх абшараў, не змог пакінуць Ян Булгак па-за ўвагай і палескую пярліну — горад Пінск.
На набярэжнай Піны. Здымак 1930 г. Маштабы пінскага Касцёла Святога Станіслава (падарваны камуністамі ў 1953 г.) і Калегіума езуітаў (у асноўным захаваўся, з 1980 г. тут знаходзіцца ўнікальны Музей беларускага Палесся), іх велічнасць, і зачароўваюць і заварожваюць нават па фотаздымку.
Пінск. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў на рагу вуліц Вялікай і Францішканскай. Здымак каля 1930 г.
На рацэ Піне. Здымак 1930-х гг.
Замілаваны хараством мястэчак
Бадай што ніхто ні да Яна Булгака, ні нават пасля яго не змог так пранікнёна і проста, і ў той жа час — так па-мастацку ўзвышана і душэўна адлюстраваць жыццё, побыт і лёс «тутэйшых» невялічкіх гарадкоў і мястэчак — гэтай незабыўнай атмасферы ўжо не адчуць і не заўважыць у большасці «аграгарадкоў», «пасёлкаў гарадскога тыпу» і раённых цэнтрах. Вось для прыкладу некалькі цудоўных, «цёплых і лямпавых» работ фотамайстры, якія аніяк не сапсавалі сучасныя тэхналогіі.
Браслаў. Відарыс з Замкавай гары на Рынкавы пляц, справа — Касцёл Нараджэньня Найсвяцейшай Панны Марыі (1826), налева, удалечыні — Царква Прачыстай Багародзіцы (1897; мураўёўка). Здымак каля 1934 г.
Друя. Капліца на могілках. Здымак каля 1911 г.
Ашмяны. Гэтак званая «Напалеонава карчма», здымак 1934 г.
Майстар перадачы фактуры
Дрэва і цэгла... Ну, а там, дзе магчыма — каменне... Здаецца, Ян Булгак меў талент зазіраць праз вочка аб’ектыва ў «прыроду рэчаў» — настолькі тонка, амаль фізічна адчувальна ён мог перадаць фактуру, будаўнічы матэрыял сфатаграфаванага архітэктурнага аб’екта. Адкаларызаваныя здымкі, здаецца, толькі падкрэсліваюць магутнасць гэтага фотаталенту: падобна, яшчэ імгненне, і вось ужо не вокам, а далонню адчуеш шурпатасць і чырвань цаглянай кладкі, моц каменных старадаўніх падмуркаў, гладкасць старанна пагабляванай ліпавай дошкі...
Свіран канца XVIII ст. у Мураванай Ашмянцы на Гарадзеншчыне, дэталі драўлянай познебарочнай архітэктуры. Здымкі каля 1929 г.
Сынкавічы. Царква Святога Міхала Арханёла. Здымак паміж 1919 і 1939 гг.
Сынкавічы. Царква Святога Міхала Арханёла, дэталь адной з вежаў. Здымак паміж 1919 і 1939 гг.
Крэўскі замак, рэшта муроў, умацаваная падпорамі. Здымак 1930 г.
Зачараваны прыродаю
Яну Булгаку ўдаваліся не толькі вяскова-местачковыя ці урбаністычныя пейзажы. Сапраўдны майстра — майстра ў любым жанры. Асабліва, калі ў вочка камеры трапляюць душэўныя, шчымлівыя, натхняльныя краявіды роднага краю.
Налібоцкія краявіды. Здымак 1910-х — 1920-х гг.
На Свіцязі. Здымак 1934 г.
На Свіцязі. Перад навальніцай. Здымак 1910-х гг.
Захавальнік знішчанай спадчыны
Так, Яну Булгаку выпаў лёс стаць своеасаблівым захавальнікам «панскай» спадчыны, непатрэбнай прышлым на нашыя землі бальшавікам. Падобна Напалеону Ордзе, толькі з фотакамерай замест паперы і алоўка, Булгак упарта занатоўваў усю тую спадчынную веліч і прыгажосць, што яшчэ заставалася цэлай на пакутлівай зямлі Літвы-Беларусі — сядзібы і паркі, маёнткі і гасцінцы, храмы і прыроду... Дзякуючы сваёй неўтаймаванасці і вялікай любові да Радзімы Булгак пакінуў нам вельмі каштоўныя артэфакты. Часам — проста ўнікальны матэрыял, адзіная выяўленчая крыніца...
Вось адзін з такіх прыкладаў старачанай спадчыны — палац Сапегаў у Дзярэчыне, частка палацава-паркавага комплексу, здымак да 1914 г.
Сапегі праз шлюб з Палубінскімі ад канца XVII ст. валодалі маёнткам на Зэльвеншчыне. У сядзібных будынках захоўваўся архіў Сапегаў, бібліятэка, калекцыйныя зборы жывапісу і скульптуры. Праз удзел у паўстанні 1861 г. яго ўладальніка, Яўстаха-Каэтана, маёнтак быў канфіскаваны і адданы ў рукі расійскіх чыноўнікаў, якія адразу заняліся разрабаваннем унікальных калекцый і збораў — лічбы вывезеных каштоўнасцей складаюць тамы вопісаў і тысячы найменняў. Палац перажыў Першую сусветную і бальшавісцка-польскую войны, але прыйшоў у моцны заняпад — настолькі моцны, што ўжо да пачатку наступнай вайны ад муроў і падмуркаў амаль нічога не засталося.
Навашычы, маёнтак Ордаў (цяпер — у Брэсцкай вобласці), здымак каля 1930 г.
Сядзібны дом праіснаваў да Другой сусветнай вайны. Асноўную частку складаў драўляны аднапавярховы будынак з двума сіметрычнымі ганкамі. У сярэдзіне ХІХ ст. адзін з уладальнікаў кінуўся было перабудоўваць сядзібу, але справа далей новага флігелю не пайшла. У адным з пакояў падчас паўстання 1861 г. хаваўся Рамуальд Траўгут, так што гэтае памяшканне стала называцца «траўгутавым».
А вось трэцяя гісторыя — горкі лёс маленькага паселішча ў маштабах жыцця цэлай краіны... Сядзіба Мірскіх у Міжрэччы, здымак каля 1930 г. У вёсцы Міжрэчча, што ў сучасным Мёрскім раёне, перапісам 2019 г. зафіксавана 0 (нуль) жыхароў. А будынак сядзібы «абнулілі» яшчэ за 1950-я — 1970-я гады, хаця яе ўладальніца ўпарта заставалася ў сваім маёнтку да самай смерці ў 1940 г. Пасля страты статусу цэнтра калгаса мясцовая інфраструктура і жыццё пагоршыліся — маладзейшыя вяскоўцы пачалі выязджаць у гарады, часта — у суседнюю Латвію. Як вынік перапісам 2009 г. тут было зафіксавана 2 (два) жыхары.
І хаця часам, ведаючы будучы лёс аб’ектаў (ды й краіны) на здымках, немагчыма разглядаць работы Яна Булгака без скрухі і адчаю, аднак вялікі талент фотамайстра пакідае і ў душы штосьці незаўважна-светлае, аптымістычнае, матывацыйнае... А што гэта за адчуванне і на які шлях яно выводзіць — хай кожны сфармулюе сабе сам...
«Шлях ад Лошыцы да Мінска», здымак каля 1914 г. Існуюць і іншыя подпісы: «Карэліцкі шлях» (забыты гэтак званы «Тракт Напалеона»)
Усе фота ўзятыя з адкрытых інтэрнэт-крыніц, лічбавая апрацоўка праведзена пры дапамозе даступных анлайн-сэрвісаў, у тым ліку рэсурсу myheritage.com.
Змітро Пілецкі, budzma.org