Гісторык Андрэй Блінец піша на budzma.by пра малавядомае антыбальшавісцкае паўстанне, якое адбылося ў Нясвіжы ў 1919 годзе.
1919 год, першы год існавання Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь і год пачатку савецка-польскай вайны, быў адзначаны шэрагам антыбальшавіцкіх паўстанняў. Але было б памылкай лічыць усе гэтыя выступленні праявай нацыянальнага абуджэння беларусаў і барацьбой за ўласную дзяржаўнасць. У значанай ступені гэта датычыцца і падзей, якія разгарнуліся ў Нясвіжы. У свой час матэрыялы пра гэтае паўстанне збіраў Юрка Віцьбіч, даследчык антыбальшавіцкага руху.
Юрка Віцьбіч (1905–1975) – дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША, пісьменнік, краязнавец, публіцыст. У беларускіх і расійскіх выданнях надрукаваў шэраг публіцыстычных артыкулаў пра антыбальшавіцкія паўстанні на Беларусі. Зборнік нарысаў па гэтай тэме быў выдадзены ўжо пасля смерці аўтара, у 1996 годзе.
Юрка Віцьбіч
Гісторыка-літаратурны нарыс Віцьбіча і да сёння застаецца ці не адзінай спробай апісання тых падзей. Прынамсі, на яго спасылаюцца аўтары Вікіпедыі, якія распавядаюць, як “мірнае насельніцтва выгнала з Нясвіжа бальшавікоў і на працягу пяці дзён, 14–19 сакавіка, утрымлівала горад”. А што адбылося насамрэч?
У снежні 1918 года, калі нямецкія войскі пакідалі тэрыторыю Беларусі, у Нясвіжы, невялікім горадзе Мінскай губерні, усталявалася савецкая ўлада. Неўзабаве сюды прыбыў атрад чэкістаў пад камандаваннем нейкага Салдатава. Яго камандзір размясціўся ў замку і пачаў паводзіцца як удзельны князь часоў сярэднявечча. На горад была накладзеная кантрыбуцыя, пачаліся арышты незадаволеных. Калі мясцовы рэўкам сабраўся на пасяджэнне для абмеркавання паводзін прышлых чэкістаў, Салдатаў разагнаў яго пад пагрозай кулямётаў. У студзені 1919 года з дапамогай рэгулярнай арміі чэкісцкі атрад нарэшце быў раззброены. Яго камандзіра разам з паплечнікамі аддалі пад суд, арыштаваных выпусцілі, а кантрыбуцыя, сабраная з горада, нібы растаяла ў паветры.
Неўзабаве пачалася рэквізіцыя прадуктаў на патрэбы Чырвонай арміі, заможныя гараджане былі абкладзеныя надзвычайным падаткам, а ў самім горадзе стварылі “Надзвычайны штаб па ахове рэвалюцыйнага парадку”, які дзейнічаў вельмі арыгінальным спосабам. 3 сакавіка 1919 года Нясвіж быў абвешчаны на асадным становішчы. Выхад на вуліцу з 19:00 4 сакавіка да 10:00 раніцы наступнага дня быў забаронены. Нясвіжцы сядзелі па дамах і нават не здагадваліся, што горад падзелены на 42 участкі для правядзення ператрусаў. На кожны ўчастак накіроўваўся атрад з шасці чалавек: трох чырвонаармейцаў, аднаго камуніста і двух прадстаўнікоў яўрэйскіх партый “Бунд” і “Паалей-Сіён”. З 10 гадзін вечара ў дамах заможных мяшчан (“спекулянтаў і гарадской буржуазіі”, як тады было прынята казаць) пачаліся ператрусы. Было знойдзена шмат прадуктаў, залатыя манеты, спірт, мануфактура і іншыя тавары. Вядома, усё гэта пайшло на патрэбы рэвалюцыі.
Сябры Нясвіжскага рэвалюцыйнага камітэта (фрагмент кінахронікі, студзень 1919 г.)
З такіх вось “дробязяў” і складалася паўсядзённае жыццё нясвіжцаў у тыя дні. Але больш істотным фактарам было набліжэнне фронту. З лютага 1919 года вайна паміж савецкай рэспублікай і адноўленай польскай дзяржавай стала фактам. У адрозненне ад немцаў, якія адназначна ўспрымаліся як чужынцы, з палякамі ўсё было складаней. Нашы народы доўгі час жылі ў адной дзяржаве – Рэчы Паспалітай, польская мова і культура былі распаўсюджаныя сярод вярхоў грамадства. Ад Буга і Нёмана да Дзвіны і Дняпра многія з ахвотай прызналі б сябе палякамі, для астатніх быў падрыхтаваны пернік у выглядзе абяцанняў шырокай нацыянальна-культурнай беларускай аўтаноміі.
У Нясвіжы, дзе яшчэ з даваенных часоў дзейнічалі польскія культурна-асветніцкія арганізацыі, прыхільнікаў аднаўлення Польшчы было нямала. Адным з асяродкаў такіх настрояў стала гімназія, у работу якой новыя ўлады асабліва не ўмешваліся. Толькі забаранілі штодзённыя малітвы і загадалі зняць абразы, якія віселі ў аўдыторыях. Вучні старэйшых класаў аб’ядналіся ў падпольную арганізацыю, якую ўзначаліў выкладчык лацінскай мовы (а не дырэктар, як часам пішуць) Мечыслаў Валністы. Першачарговай задачай стаў збор зброі. З ваколічных вёсак і бацькоўскіх дамоў гімназісты таемна звозілі паляўнічыя стрэльбы, вінтоўкі, пісталеты, патроны. Неўзабаве яны мелі каля 30 вінтовак і некалькі рэвальвераў. За захаванне арсенала адказваў службовец магістрата Палікарп Каляда. Пры гэтым выразнага плана дзеянняў падпольшчыкі не мелі, спадзяваліся толькі, што надыдзе зручны момант, калі гэтую зброю можна будзе выкарыстаць.
Чуткі пра падрыхтоўку паўстання даходзілі да выканкама. У пачатку сакавіка камісары Розэнблюм і Стыкуць прапанавалі правесці арышты сярод патэнцыйных ворагаў – “панскіх паслугачоў і варожа настроеных інтэлігентаў”. Аднак старшыня выканкама Файнберг палічыў, што для разгортвання рэпрэсій няма падставаў.
Тым часам фронт набліжаўся. У пачатку сакавіка аддзелы Войска Польскага занялі Баранавічы. У прыфрантавой паласе з’явіліся конныя атрады т.зв. “легіянераў”, якія праводзілі дыверсіі ў тылах чырвоных. Адным з такіх атрадаў камандаваў маёр Уладзіслаў Дамброўскі, былы камандзір гарнізона Вільні, які распачаў партызанскую барацьбу. Нягледзячы на невялікія сілы, ён адносна свабодна рухаўся па савецкай тэрыторыі, на кароткі час займаючы гарады і мястэчкі. 13 сакавіка 9-ы пагранічны полк, які знаходзіўся ў Нясвіжы, быў накіраваны на фронт. У горадзе застаўся толькі невялікі атрад мясцовых чырвонаармейцаў, якім камандаваў ваенны камісар, 22-гадовы Андрэй Пракапчук, і нейкая колькасць міліцыянераў.
Чырвонаармейцы на нясвіжскай вуліцы (фрагмент кінахронікі, 1919 г.)
У ноч з 14 на 15 сакавіка легіянеры Дамброўскага нечаканым налётам захапілі мястэчка Сіняўка за 35 км ад Нясвіжа. Адтуль раз’езды накіраваліся ў бок Клецка і Снова. Хаця агульная колькасць палякаў наўрад ці перавышала сто чалавек, весткі пра іх з’яўленне маланкай разнесліся навокал, абрастаючы ўсё новымі “падрабязнасцямі”. Праз некалькі гадзін гаварылі ўжо не пра захоп невялікай Сіняўкі, а пра наступленне легіянераў на Мінск і Бабруйск. Атрад Пракапчука быў высланы насустрач польскім раз’ездам, і ў горадзе не засталося ніякага войска, акрамя міліцыі. Тым часам чуткі пра набліжэнне легіянераў шырыліся: нехта бачыў іх у ваколіцах Нясвіжа, нехта сустрэў раз’езд і на пытанне “Калі вас чакаць?” атрымаў адказ: “Хутка!”. Узбуджаная такімі навінамі моладзь вырашыла дзейнічаць.
Ноччу з 15 на 16 сакавіка пачалося паўстанне. Частку міліцыянераў захапілі соннымі на кватэрах і раззброілі. У перастрэлцы былі забітыя члены выканкама Файнберг, Розэнблюм і Грынблат, а таксама начальнік ЧК Татур. Над ратушай узняўся польскі сцяг. Вайсковае камандаванне даручылі Мечыславу Валністаму, была арганізаваная камендатура, на вуліцах расстаўленыя патрулі. На гэтым паўстанцы, якіх было некалькі дзясяткаў чалавек, палічылі сваю місію скончанай. Замест таго каб рыхтавацца да абароны, яны думалі, як найлепшым чынам сустрэць кавалерыстаў Дамброўскага. Яны нават не ведалі, што тыя павярнулі назад і зусім не збіраліся ісці на горад.
Тым часам бальшавікі дзейнічалі рашуча. Андрэй Пракапчук успамінаў: “Мой атрад толькі што вярнуўся ў горад. Але ініцыятыва была ў руках паўстанцаў, і нам давялося адступіць. Пагрузілі на двухколку тэлеграфны апарат і рушылі на вёску Рудаўка (4 км ад Нясвіжа – А.Б.). Уздоўж дарогі стаялі тэлеграфныя слупы. Я загадаў тэлеграфісту залезці на слуп і падключыцца да лініі. Такім чынам звязаліся з Мінскам. У Мінску да апарата падышоў губернскі ваенны камісар Крывашэін. Я далажыў абстаноўку, і ён загадаў мне нікуды не рухацца, трымацца да апошняга патрона. Сказаў, што высылае нам на дапамогу роту штыкоў і бронецягнік”.
Ад бронецягніка, які прыбыў у Замір’е за 14 км ад Нясвіжа, карысці было мала. А вось рота байцоў з двума кулямётамі каля пяці гадзін вечара 16 сакавіка злучылася з атрадам Пракапчука. Не губляючы часу, яны рушылі на горад. Патрулі паўстанцаў уступілі ў перастрэлку. Валністы, якому паведамілі пра наступленне чырвоных, параіў трымацца да надыходу падмогі і… вярнуўся да свайго абеду. Страляніна на ўскраінах цягнулася некалькі гадзін, пакуль у паўстанцаў не скончыліся патроны і яны не пачалі адыходзіць у цэнтр горада. Абяцаная дапамога не падышла, кіраўніцтва адсутнічала, і кожны мусіў ратавацца самастойна.
Нясвіжская ратуша. Польская паштоўка міжваеннага часу
Апісанні тых падзей, зробленыя ўдзельнікамі з розных бакоў, натуральна адрозніваюцца. Вось што гаварыў бальшавік Крывашэін (той самы, які разагнаў Першы ўсебеларускі з’езд): “Замест рэгулярных сіл у Нясвіжы мы сутыкнуліся з жалюгоднымі легіянерамі і бойскаутамі. Хапіла 80 добра ўзброеных камуністаў, каб выгнаць бандытаў з Нясвіжа. Пры падыходзе чырвонаармейцаў белыя, мамкіны сынкі, пужлівыя бойскауты ўцякалі, як труслівыя зайцы”. А вось як глядзеў на паўстанне адзін з яго ўдзельнікаў: “Купка моладзі не мела ніякіх шанцаў на перамогу, але некалькі гадзін мужна абараняла горад. Нарэшце большасць з іх адступіла ў напрамку Альбы, а адтуль – на захад, для злучэння з аддзеламі Войска Польскага. Другія расцярушыліся па наваколлі, каб схавацца ад рэпрэсій”.
Да раніцы панядзелка 17 сакавіка, выступленне было канчаткова ліквідаванае. Колькасць яго ахвяр застаецца невядомай. У ацэнках, якія даваліся па гарачых слядах, эмоцыі пераважаюць над фактамі. Савецкая газета “Звезда” паведамляла: “…нашы чырвонаармейскія аддзелы ўвайшлі ў горад і арыштавалі вінаватых, якіх тут жа на месцы расстралялі. Усяго расстраляна звыш 100 чалавек. Іх маёмасць канфіскавана”. Варшаўскі “Kurier Poranny” пісаў: “Бальшавіцкія войскі пачалі ажыццяўляць жахлівыя эксцэсы. Усіх секлі і ўсё палілі. Расстраляна звыш 50 чалавек, у тым ліку ксяндзы Станіслаў Рокаш, Вінцэнт Гадлеўскі і дырэктар гімназіі Мар’ян Масоніус. Вёскі Слаўкава і Качановічы спалены за тое, што далі прытулак уцекачам, кожны дзясяты іх жыхар расстраляны, жанчыны згвалтаваны, і канфіскавана ўсё, што можна. Каталіцкае насельніцтва Нясвіжа асуджана на галодную смерць”. Аб тым, наколькі гэтае паведамленне адпавядае рэчаіснасці, можна меркаваць хоць бы па тым факце, што ніхто з названых тут асоб не загінуў падчас апісаных падзей. Ксёндз Гадлеўскі, вядомы беларускі палітычны і рэлігійны дзеяч, стаў ахвярай нямецкіх акупантаў у 1942 годзе. Ксёндз Рокаш яшчэ доўга служыў у Нясвіжскім касцёле. Навуковец Мар’ян Масоніус у тым самым 1919 годзе па запрашэнні савецкай улады ўвайшоў у склад камітэта па доглядзе Нясвіжскага замка. Відавочна, што ў абодвух выпадках перад намі ўзоры прапаганды, закліканыя стварыць адпаведна вобраз “труслівага контррэвалюцыянера” і “крывавага бальшавіка”.
Такім чынам, Нясвіжскае паўстанне доўжылася адзін дзень – 16 сакавіка. Характэрна, што акрамя вучнёўскай моладзі і часткі інтэлігенцыі, насельніцтва яго не падтрымала. Больш за тое, пазней некаторыя беларусы нават кпілі з палякаў, якія паспешліва схапіліся за зброю. Сведкі падзей справядліва звярталі ўвагу Юркі Віцьбіча на тое, што паўстанне мела выразна польскі характар і яго ўдзельнікі наўрад ці заслугоўваюць месца ў беларускім пантэоне.
Выгляд Нясвіжа з боку Новага места. Польская паштоўка міжваеннага часу.
Але гаворачы пра Нясвіж, забываюць, што тут адбылося толькі адно з антысавецкіх выступленняў, якія пракаціліся па Случчыне з 15 па 19 сакавіка. У самім Слуцку, як толькі стала вядома пра захоп Сіняўкі, была абвешчаная эвакуацыя ўсіх савецкіх устаноў. Па вёсках пачаліся хваляванні: сяляне збівалі харчовых агентаў і разбіралі запасы хлеба, прызначанага для войска. У Старобіне моладзь, мабілізаваная ў Чырвоную армію, разам з сялянамі раззброіла міліцыю і харчовы атрад. Быў захоплены валасны выканкам, дзе знішчылі дакументы, і арыштаваныя яго сябры. Цікава, што ў выступленні ўзяло ўдзел і яўрэйскае насельніцтва мястэчка. У Качановічах каля Нясвіжа заможнае сялянства разагнала сельскі камітэт. У Клецку сотні сялян, якія з’ехаліся ў панядзелак на кірмаш, былі гатовыя выступіць супраць бальшавікоў. Мясцовая міліцыя захоўвала нейтралітэт, і толькі весткі пра тое, што Нясвіж заняты чырвонымі аддзеламі, а польскіх войск у акрузе няма, дапамаглі суцішыць хваляванні.
Для барацьбы з гэтымі выступленнямі бальшавікам давялося напружыць усе сілы: атрады ЧК і ўзброеных камуністаў, рэгулярныя аддзелы адкліканыя з фронту, т.зв. “рэвалюцыйны атрад” накіраваны з Бабруйска. 19 сакавіка на пасяджэнні Мінскага губернскага рэвалюцыйнага камітэта была зробленая выснова: “Знешні фронт для нас не страшны. Неабходна звярнуць большую ўвагу на ўнутраны фронт”. У той самы дзень на патрэбы Мінскай ЧК дадаткова было выдзелена 300 тысяч рублёў. А 21 сакавіка 1919 г. губернскі ваенны камісар Крывашэін падпісаў Загад № 100, які абвяшчаў “страшны крывавы тэрор” у адказ на ўсе акцыі “польскай буржуазіі”.
Нясвіжская турма, якая размяшчалася ў мурах колішняга бенедыктынскага кляштара, была перапоўненая. 24 сакавіка з яе вывелі пяцярых найбольш актыўных удзельнікаў паўстання: Мечыслава Валністага, Палікарпа Каляду, Станіслава Іваноўскага – бухгалтара радзівілаўскай адміністрацыі, Юзафа Янушкевіча – службоўца княжацкага палаца – і Канстанціна Шыдлоўскага. Іх расстралялі недалёка ад горада, скінуўшы целы ў агульную магілу. Большасць арыштантаў, аднак, выпусцілі праз розныя тэрміны. Нехта прабыў у зняволенні дзесяць дзён, нехта – два месяцы. У маі аднавілася дзейнасць гімназіі. Нягледзячы ні на што, жыццё ў горадзе не перапынілася.
Помнік паўстанцам у Нясвіжы. Польская паштоўка міжваеннага часу
У міжваенны час, калі Нясвіжчына ўваходзіла ў склад польскай дзяржавы, сакавіцкае паўстанне стала неад’емнай часткай патрыятычнага выхавання. У 1926 годзе на магіле расстраляных, на гарадскіх могілках, быў пастаўлены велічны крыж, зроблены на сродкі вучняў і настаўнікаў гімназіі. Ён, дарэчы, захаваўся да нашых дзён. У касцёле служылі жалобныя набажэнствы ў памяць палеглых. А ў 1931 годзе ў гонар тых падзей перад ратушай быў усталяваны помнік у выглядзе ступеньчатай піраміды з каменнай глыбай, на вяршыні якой раскінуў крылы арол. Пасля ўз’яднання з БССР помнік дэмантавалі, а пра паўстанне стараліся не ўспамінаць. Сёння было б недарэчна прадстаўляць яго ўдзельнікаў як “труслівых мамкіных сынкоў”. Але і ставіць Нясвіжскае паўстанне ў адзін шэраг са Слуцкім збройным чынам будзе няправільна. Занадта розныя мэты мелі перад сабой іх удзельнікі. Калі байцы Слуцкай брыгады ваявалі за Беларускую рэспубліку, то нясвіжскія гімназісты – за тое, каб наш край стаў часткай Польшчы. Тым не менш пра сакавіцкае паўстанне трэба памятаць. Як і пра ўсё, што адбывалася на нашай зямлі.
Андрэй Блінец, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!