Хутка святы, а вы яшчэ нічога не купілі пад ялінку? Глядзіце, што ў нас ёсць: ідэі душэўных і патрыятычных падарункаў для тых, хто цэніць моманты, а не рэчы.
Падарунак-гісторыя. Сертыфікат на стварэнне сямейнай кнігі
Budzma.by пісала пра праект VEHA, які дапамагае беларусам па-новаму паглядзець на сямейныя фотаархівы і адшукаць у аматарскіх альбомах сапраўдныя скарбы. На курсах “Кніга сям’і” ў рамках праекта кожны ахвочы можа навучыцца правільна збіраць, апрацоўваць і захоўваць старыя фота і гісторыі, а яшчэ прафесійна ствараць з усяго гэтага цудоўныя сямейныя кнігі.
А яшчэ можна купіць адмысловы сертыфікат, і тады каманда праекта VEHA зробіць даследчую і дызайнерскую працу за вас ды надрукуе кнігу. Іменны сертыфікат на апрацоўку сямейнага фотаархіва і стварэння “Кнігі сям’і” прадаецца да 30 снежня за 490 BYN і ўключае:
• Сустрэчу і інтэрв’юіраванне членаў сямʼі, вызначэнне храналогіі падзей
• Ручное сканаванне да 100 выбраных фотаздымкаў
• Распрацоўку індывідуальнага дызайну і вёрстку кнігі
• Друк кнігі фарматам: 20х20. Абʼём кнігі: да 80 старонак. Колькасць: 1 асобнік
Каб замовіць сертыфікат, напішыце info@veha.by, а па пытаннях тэлефануйце +375296060321.
— Я ўпэўненая, што стварэнне сямейных кніг можа быць практыкай сямейнай тэрапіі. Цікавасць да гісторыі ўласнай сям’і — гэта, на маю думку, прыступка духоўнага развіцця. Калі ты даследуеш радавод і рэліквіі, адчуваеш, што не самотны, а з’яўляешся часцінкай маштабных падзей, якія прывялі цябе ў гэтае месца ў гэты час, — пракаментавала ў размове з budzma.by арганізатарка праекта VEHA Леся Пчолка.
Падарунак-вандроўка. Маршрут па Беларусі
Квіткі на самалёт на канец снежня дарагія, кватэры ў Львове, Празе ці Вільні на святы ўжо разабралі, а беларускія мястэчкі і вёскі чакаюць падарожнікаў заўжды. Вы, канечне, памятаеце нашыя праекты “Край|BY” і “Краіна Цмокаў” — тут ёсць усё неабходнае, каб самастойна спланаваць вандроўку на захад, усход, поўдзень ці поўнач Беларусі.
У двух сезонах “Край|BY” харызматычны Павал Южакоў-Харланчук расказаў неверагодныя гісторыі пра некалькі дзясяткаў вёсак, мястэчак і гарадоў. Факты, імёны, даты, дарогі, помнікі, нават геаграфічныя каардынаты — сядай на аўто ды едзь. Што можа быць лепшым за родныя краявіды ў час зімовых святаў? Толькі не забудзьце ўзяць з сабой кілбасу ды мандарынкі: раптам натрапіце на калядоўшчыкаў!..
“Любіць дракона”, альбо Як цмок вярнуўся ў Беларусь
Вандроўкі з Цмокам — больш прасунуты варыянт падарожжаў для аматараў містыкі і міфаў. Таленавітыя журналіст Глеб Лабадзенка і фатограф Аляксандр Ждановіч аб’ездзілі ўсю краіну ў пошуках слядоў галоўнага айчыннага хтанічнага персанажа. І знайшлі! Дзе жыве беларускі Цмок? У падзямеллях, пячорах, склепах, руінах замкаў, азёрах і ў памяці мясцовых жыхароў. Гэтыя канікулы — выдатны шанец паўтарыць вандроўку да Цмока.
Яшчэ вы можаце скарыстацца маршрутамі і даробкам знанага вандроўніка Юрыя Жыгамонта з “Падарожжаў дылетанта”. Альбо спецпраектам гарадскога часопіса пра Мінск “Як гэта любіць”, журналісты якога выехалі далёка за МКАД і запісалі самае вартае вашай увагі. Ці гайдамі па Беларусі моладзевага медыя 34travel.
Бонус для вандроўнікаў! Дзяржаўнае прадпрыемства “Белкартаграфія” выдала скрэтч-мапу Беларусі на роднай мове. Шукайце яе ў сетцы кнігарняў “Белкніга”.
Падарунак-экслюзіў. Скрынка з простымі рэчамі
Калі перспектыва вандровак ці дарагі сертыфікат вам не пасуюць, ёсць яшчэ адзін бяспройгрышны варыянт. Купіць ці зрабіць прыгожую скрынку і пакласці ў яе ўсё, што любіць адрасат падарунка: аўтарскія сувеніры, вырабы рамеснікаў, парфума, упрыгожанні, дэвайс, пернік, шакаладка, мёд, бутэлечка наліўкі, ёлачная цацка, кніга, настольная гульня…
Дзе шукаць рэчы ў скрынку? На маркетах, якія цяпер праходзяць прынамсі ў абласных гарадах, у крамах сувеніраў, у пабліках і акаўнтах рамеснікаў.
Падарунак на 100% атрымацца эксклюзіўным, бо будзе зроблены з фантазіяй і душой. Памер скрынкі і колькасць прадметаў у ёй залежыць толькі ад магчымасцяў вашага гаманца. Але гэта не галоўнае. Важнае само чаканне таго, што ў скрынцы, і працэс перабірання яе змесціва. Вы жа памятаеце дзіцячае трымценне ад ускрывання пасылкі? Так што застаецца толькі хлеб на стале, полымя ў печы і… з галавою пад коўдру.
Хрысціна Марчук