«Сьвет зноўку зьмяніўся. У паветры вісіць вельмі нядобры, непрыемны пах — пажару, ці што? А пачыналася ўсё з адной маладой эўрапейскай рэспублікі, у якой на фэйкавым навабудзе пад Радашковічамі ўсталявалі бюст рэвалюцыянэра, генэралісімуса, вялікага правадыра і настаўніка, «бацькі народаў»... І назвалі той навабуд адпаведна — лінія Сталіна». На чарговую гадавіну сьмерці Сталіна — 5 сакавіка — Лявон Вольскі разважае пра культ Сталіна ў Беларусі і пра тое, як гэта ўплывае на ўвесь свет.
Лявон Вольскі. Фота: Darya Kaliada
У Савецкім Саюзе пасьля таго, як дыктатар памёр і прагрымелі эпахальныя прамовы пра культ асобы і ягонае асуджэньне, пасьля таго, як пазносілі шматлікія (у цэнтры Менску таксама быў) помнікі былому правадыру, пасьля таго, як перайменавалі вуліцы, плошчы й праспэкты (так-так, вы не памыліліся, праспэкт Незалежнасьці, ён жа экс-Скарыны і экс-Леніна, раней быў Сталінскім праспэктам).
Дык вось пасьля ўсіх гэтых аздараўленчых захадаў на Сталіна нібыта забыліся. Быццам бы і не было страшных дзесяцігоддзяў, калі людзі ня спалі начамі, уздрыгваючы ад гукаў аўтамабільнага матору ў двары — а раптам гэта «чорны варанок»? А раптам ён прыехаў па цябе? Быццам бы гэта было ня з намі. Ці то з намі, але не наяве, а ў страшным сьне.
Крыніца: www.yaplakal.com
Сталін узьнікаў на экране ў гераічнай савецкай эпапэі «Вызваленьне». Гэта быў узважаны, разважлівы і надзвычай разумны ваеначальнік, генералісімус, які ўпэўнена вёў свае войскі да перамогі. У адрозьненьне ад Гітлера, які быў паказаны нэрвовым, хутчэй за ўсё, душэўна хворым, ня ўпэўненым ні ў чым параноікам, у якога безупынна трэсьліся рукі, які ўвесь час зрываўся на крык, заходзіў у істэрыку, карацей, незразумела было — як вось гэтае во нягеглае стварэньне заваявала паўсьвету?
А болей Сталін нідзе не фігураваў. Хіба ў розных фільмах пра вайну. І ўсё.
А, не! Яшчэ ягоны партрэт можна было пабачыць за лабавой шыбай грузавікоў і рэдкіх па тым часе прыватных аўто. Што гэта было? Наўрад ці праява нязгоды, хутчэй, сум па «моцнай руцэ», бо тагачасны савецкі лідэр Брэжнеў выглядаў і гучаў як хадзячая карыкатура. Пра яго складалі шматлікія анэкдоты, і абсалютна ясна, што гэткі лідэр ня мог мець у народзе павагі, маўляў, вось раней былі правадыры дык правадыры, ня тое, што цяпер! І як вынік — флэшмоб — выява Сталіна за шыбай аўтамабіля.
Крыніца: detector.media
А потым прыйшла перабудова і вадаспад інфармацыі пра рэпрэсіі, катаваньні, расстраляных пісьменьнікаў, Курапаты, Салаўкі і нечалавечыя сыбірскія сталінскія лягеры.
Але афіцыйныя структуры на гэтую праўду рэагавалі неахвотна. Марудна, зь лёгкім раздражненьнем, маўляў, ну, было нешта такое, але вельмі даўно, дык чаго цяпер церабіць мінулае?
Архівы КГБ засталіся надзейна засакрэчаныя. «Каб не сварыць людзей, — казалі афіцыйныя структуры. — Бо ж пісалася шмат даносаў, нашчадкі прачытаюць і будуць міжсоб варагаваць, а для нас істотная грамадзянская згода».
І ніхто не пакаяўся, ніхто не папрасіў прабачэньня за тагачасныя дзеяньні (злачынствы) уладаў. А навошта?
Малюнак Лявона Вольскага
З расстрэлам Чаўшэску ў 1989 годзе нібыта скончыўся ў Эўропе парад дыктатараў — Энвэр Ходжа, Броз Тыта, Франка, Салазар... Здавалася, гэтая эпоха назаўсёды сышла ў нябыт. Прыйшлі дзевяностыя, абрынулася «імпэрыя зла», сьвет зьмяніўся. Мы думалі, незваротна.
І вось у адной (асобна ўзятай) маладой эўрапейскай незалежнай краіне нашчадкі тых, хто сумаваў па «цьвёрдай руцэ» і клеіў фатаздымак Сталіна на лабавую шыбу, выбіраюць маладога энэргічнага (хай сабе і парадаксальнага, і эксцэнтрычнага, «моцныя рукі» — яны такія) палітыка. «Крэпкага хазяйсьцьвеньніка». Спартоўца, гісторыка, музыку, фатографа, журналіста, пэдагога, лектара, вайскоўца, дырэктара — асобу шматгранную і ўсебакова адораную.
І з гэтага моманту сьвет зноўку зьмяніўся. Хаця ніхто ў Эўропе (і тым самым сьвеце) усур’ёз не ўспрымаў ані маладую незалежную краіну, ані ейнага новага парадаксальнага лідэра, маўляў, хай сабе там робяць, што хочуць, нас гэта не датычыць!
Але ў прыродзе ўсё ўзаемазьвязана, і на неабмежаваную ўладу парадаксальнага правадыра пачалі заглядацца ў суседняй (пашкамутанай, але ўсё ж) імпэрыі — чаму б нам не скарыстаць гэты перадавы досьвед? І ўрэшце скарысталі.
І гэта зрабілася прыкладам для шмат якіх лідэраў эўрапейскіх (а цяпер ужо і ня толькі) краінаў. І вось мы звыкла бачым асобу правадыра якогасьці народу на высокай трыбуне, якая заклікае гэты (свой) народ да барацьбы, зьдзекуецца з апанэнтаў, пагражае, лаецца і крычыць.
Прыйшоў (вярнуўся) час гэткіх лідэраў. І ў паветры вісіць вельмі нядобры, непрыемны пах — пажару, ці што?
А пачыналася ўсё з адной маладой эўрапейскай былой парляманцкай, а цяпер прэзыдэнцкай рэспублікі, у якой на фэйкавым навабудзе пад Радашковічамі ўсталявалі бюст рэвалюцыянэра, генэралісімуса, вялікага правадыра і настаўніка, «бацькі народаў»...
І назвалі той навабуд адпаведна — лінія Сталіна.
Лявон Вольскі, Budzma.org