У 1920–1930-я гады тысячы заходніх беларусаў у пошуку заробку выехалі на працу ў Францыю. Там яны перажылі вайну, а пасля яе сутыкнуліся з заманлівай прапановай — прыняць грамадзянства СССР і «вярнуцца на радзіму». Знайшлося нямала такіх, якія ў гэта паверылі, не ведаючы, што іх чакаюць рэпрэсіі, голад і забарона вярнуцца назад. Пра тое ў «Нашай гісторыі» пісаў Валер Каліноўскі, піша «Наша Ніва».
Сустрэча Саюза савецкіх патрыётаў у горадзе Алес на поўдні Францыі ў 1947 годзе. Партрэт Сталіна трымаюць беларусы Зіна і Алесь Салагубы
У міжваенны час адным з папулярных кірункаў працоўнай эміграцыі з Польшчы, грамадзянамі якой з’яўляліся тады мільёны беларусаў, была Францыя. Масавыя выезды туды пачаліся з пагаднення паміж урадамі дзвюх краін аб эміграцыі, падпісанага 100 гадоў таму, 3 верасня 1919 года.
Прычыны гэтага пагаднення былі прагматычныя. Пасля Першай сусветнай вайны заводам, фермам і шахтам Францыі патрэбна была дадатковая працоўная сіла. Замежныя работнікі былі патрэбныя французам, каб замяніць 1,5 мільёна забітых і 1,5 мільёна параненых (з іх 300 тысяч страцілі працаздольнасць) у Першай сусветнай вайне. Да таго ж, пасля вайны Францыя атрымала ад пераможанай Германіі новыя тэрыторыі (у тым ліку індустрыяльныя раёны Эльзаса і Латарынгіі), а там таксама востра бракавала рабочых.
Усё гэта стварыла дэфіцыт 3,5 мільёна працоўных рук, які парыжская газета «Le Journal» назвала «вялікай ранай Францыі». У палякаў жа, наадварот, працоўнай сілы было аж занадта: на вёсцы панаваў зямельны голад, а ў гарадах — беспрацоўе. Заахвочванне працоўнай эміграцыі было адным са шляхоў вырашэння гэтых праблем.
Паводле французскіх звестак, у 1931 годзе польскіх рабочых у Францыі было 507 тысяч чалавек, а да 1939-га колькасць працоўных імігрантаў з Польшчы ўзрасла да 674 тысяч чалавек. Доля рабочых з Польшчы ў французскіх жалезарудных і вугальных шахтах Францыі даходзіла да 20 %.
Колькі сярод гэтых рабочых было беларусаў, дакладна сказаць складана: французская статыстыка не асабліва ўнікала, адкуль менавіта прыехаў да іх чалавек. Вядома, што найбольш ехалі ў Францыю ўсё ж не з усходніх, а з паўднёвых ваяводстваў Польшчы — з Катавіцаў, Кракава і Львова.
Беларускія эміграцыйныя выданні таго часу ацэньвалі колькасць рабочых з Беларусі ў Францыі у 30–60 тысяч чалавек. Ацэнкі гэтыя, відаць, значна завышаныя. Сучасныя даследчыкі лічаць, што беларускіх працоўных эмігрантаў было ў Францыі «толькі» каля 20 тысяч.
Тагачасныя ўмовы вярбоўкі для працы ў Францыі былі для цяперашніх часоў нязвыклыя. Пры адборы ў патэнцыйных рабочых правяралі зубы і рукі.
Зубы мусілі былі здаровыя, а рукі — мазолістыя. Апошняе лепш за што іншае сведчыла пра здольнасць чалавека да цяжкай фізічнай працы.
Умовы працы былі складанымі, тым больш што эмігранты з Польшчы, як правіла, не гаварылі па-французску, а часта ўвогуле былі непісьменнымі. Фіксаваліся шматлікія выпадкі дыскрымінацыі польскіх імігрантаў французскімі гаспадарамі, ксенафобіі з боку мясцовага насельніцтва.
Многія беларусы ў Францыі працавалі ў сельскай гаспадарцы, уладкоўваліся на вінаграднікі ці цукровыя заводы, былі асабліва запатрабаваныя падчас палявых работ. А яшчэ сярод іх было шмат шахцёраў. У дакументальных кадрах французскіх фільмаў можна пабачыць на фоне тэрыконаў цэлыя вуліцы аднолькавых адна— ці двухпавярховых дамоў, у якія сялілі шахцёраў з міжваеннай Польшчы.
У такіх дамах у імігрантаў нараджаліся дзеці. Яны нават пры моцнай нацыянальнай свядомасці іхных бацькоў цалкам адаптаваліся да жыцця ў новай краіне, «афранцужваліся», здабывалі права на французскае грамадзянства. Тым больш што ў 1927 годзе ў Францыі выйшаў закон, які спрашчаў яго атрыманне. Для большасці імігранцкіх дзяцей Францыя была ўжо радзімай.
Натуральны бег жыцця перарвала Другая сусветная вайна, якую імігранты збольшага перажылі на месцы. А пасля Другой сусветнай вайны ў Францыі ўзмацнілася савецкая і камуністычная прапаганда. Імідж СССР як краіны-пераможцы ў вачах французаў вырас, як і папулярнасць камуністычнай партыі. На першых пасляваенных выбарах у парламент у кастрычніку 1945 года Французская камуністычная партыя атрымала першае месца: за яе прагаласавала 5 мільёнаў французаў — 26 % выбарцаў. Кіраўнік КПФ Марыс Тарэз нават стаў міністрам.
Білет Французскай камуністычнай партыі на імя беларуса Аляксандра Качана. 1945 год
Такія палітычныя абставіны давалі СССР магчымасць актыўна ўмешвацца ва ўнутраныя справы Францыі. І ён скарыстоўваў яе для таго, каб паляваць на людскія душы.
У гады вайны з Савецкага Саюза ў Еўропу былі перамешчаныя мільёны яго грамадзян: ваеннапалонных, остарбайтараў, перамешчаных асобаў, уцекачоў. І савецкае кіраўніцтва на чале з Іосіфам Сталіным было цвёрда настроенае вярнуць іх назад. На канферэнцыі ў Ялце 10–11 лютага 1945 года Сталін асабіста дамовіўся з прэзідэнтам ЗША Франклінам Дэлана Рузвельтам і прэм’ерам Вялікабрытаніі Уінстанам Чэрчылем пра выдачу і рэпатрыяцыю савецкіх грамадзян. У гэтых дамовах быў запісаны прынцып «узаемнай абавязковай рэпатрыяцыі».
Святкаванне ў Францыі 28-х угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі. 1945 год. Фота з архіва Алены Крупы
Праз некалькі месяцаў, 26 чэрвеня 1945 года, аналагічная дамова, аб рэпатрыяцыі савецкіх грамадзян з Францыі і французскіх — з СССР, была заключана і з Францыяй.
Але дамоўленасці тычыліся толькі тых, хто меў савецкае грамадзянства да 1939 года. Грамадзяне анексаваных краін Балтыі, а таксама ўраджэнцы Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, што да 1939 года мелі грамадзянства Польшчы, пад іх не патраплялі. Выдаваць саветам прымусова гэтых людзей не маглі, заставалася толькі ўгаворваць іх вярнуцца «на радзіму» добраахвотна.
Савецкія дыпламаты і агенты разгарнулі сярод эмігрантаў у Францыі шырокую агітацыйную дзейнасць. Эмігрантам расказвалі, якія даброты іх чакаюць у СССР у выпадку вяртання.
Асноўныя тэзісы савецкай прапаганды ў сваіх пазнейшых успамінах пералічыў адзін з непасрэдных сведкаў тых падзей Алег Івашкевіч. Маўляў, «у СССР няма беспрацоўя, бо праца для ўсіх абавязковая, а таму няма галечы і няма бяздомных. Жанчыны маюць роўныя правы з мужчынамі. Хлеб бясплатны для ўсіх. Вучоба ў школе абавязковая для ўсіх да 17 гадоў, вышэйшая адукацыя бясплатная. Медыцына і лекі бясплатныя. Свабода веравызнання поўная. Выхад на пенсію для мужчын у 55 гадоў, для жанчын — у 50».
Далей Івашкевіч згадваў, што на вуліцах французскіх гарадоў былі развешаныя плакаты нейкага Камітэта садзеяння міру і свабодзе, якія заклікалі рабочых-камуністаў спыняць працу ў Францыі і масава эміграваць у СССР. Ім абяцалі, што за 300 рублёў штомесячнага заробку ў СССР можна, маўляў, купіць 117 кілаграмаў хлеба, 27 кілаграмаў мяса, 158 літраў малака.
Прапаганда была, як бачна, даволі прымітыўная, але яна мела эфект, бо ў Францыі пасля вайны жылося няпроста. У пачатку 1945 года пачаліся перабоі ў харчовым забеспячэнні, і Часовы ўрад Францыі мусіў увесці карткі на хлеб. У такіх адчайных умовах многія імігранты, якія не ведалі рэальнага стану спраў, вяліся на прапаганду пра «райскае жыццё» ў СССР.
Савецкая місія па рэпатрыяцыі грамадзян з Францыі арганізавала па ўсёй краіне 130 месцаў збору і лагераў для рэпатрыянтаў. Праз іх прайшло больш за сотню тысяч чалавек.
Найбольшы з гэтых лагераў у горадзе Барэгар недалёка ад Парыжа нейкі час нават меў экстэрытарыяльны статус. Тут не дзейнічалі французскія законы, і афіцэры НКВД працавалі без усялякага кантролю мясцовых уладаў, арганізоўваючы напады і выкраданні людзей, а таксама таемна вывозячы іх. Тым больш што мелі ў гэтым лагеры і свой аэрадром.
Немалую ролю ў прапагандзе выезду ў СССР адыграла арганізацыя Саюз савецкіх патрыётаў Францыі, якая дзейнічала з 1943 па 1948 гады. Раней арганізацыя называлася Саюзам рускіх патрыётаў, але пасля таго, як яе актыў амаль цалкам атрымаў у жніўні 1947-га савецкія пашпарты, арганізацыю пераназвалі ў ССП.
ССП арганізоўваў па ўсёй Францыі для сваіх актывістаў і ўсіх выхадцаў з былой Расейскай імперыі балі і маёўкі, дзе вялася агітацыя за вяртанне ў СССР. А таксама сходы і вечарыны, падчас якіх урачыста выдавалі тым, хто паверыў у прапаганду, савецкія пашпарты.
Савецкі пасол у Парыжы Аляксандр Багамолаў 3 ліпеня 1947 года пампезна арганізаваў сустрэчу расійскіх эмігранцкіх актывістаў з наркамам замежных спраў СССР Вячаславам Молатавым. Молатаў доўга гутарыў з эмігрантамі, асабіста пераконваў іх ехаць у СССР, а ў канцы размовы сказаў: «Калі, вярнуўшыся на радзіму, вы пачуеце дакоры за сваё эмігранцкае мінулае, то што ж рабіць, няма роду без выроду, у такіх выпадках звяртайцеся наўпрост да мяне».
На сустрэчы з Молатавым у Парыжы была і беларуска Ганна Рашкевіч. Яна прыехала разам з мужам у Парыж, у амбасаду СССР, з гарадка Банвіе-Монт на паўночным усходзе Францыі. Яе муж Станіслаў Рашкевіч працаваў на жалезаруднай шахце. Абое паходзілі з вёскі Яцкавічы цяперашняга Мядзельскага раёна. Пажаніўшыся ў 1922 годзе, яны на радзіме зусім не мелі зямлі, таму ў 1930-м паехалі на заробкі ў Францыю.
Рашкевічы мелі 6 дзяцей. Пасля вайны ў Францыі іхняя старэйшая дачка Рэгіна выйшла замуж за былога савецкага ваеннапалоннага Канстанціна Урбановіча, беларуса з вёскі Красны Бор Лагойскага раёна. Урбановіча, як і яшчэ з дзясятак савецкіх ваеннапалонных, якія ўцяклі з лагера, сям’я Рашкевічаў перахоўвала ў сябе, у падвале шахцёрскага дома, пакуль яны не перабраліся да французскіх партызанаў.
Пасля вайны Урбановіч уладкаваўся на працу ў савецкае пасольства ў Парыжы і забраў Рэгіну з сабой, а цешчу пераканаў выконваць спецыяльнае заданне пасольства — ездзіць па розных гарадах Францыі і пераконваць беларусаў, украінцаў і іншых выхадцаў з земляў, што адышлі да СССР, «вяртацца на Радзіму».
За год агітацыйнай працы ў Францыі Ганна Рашкевіч пераканала паехаць у СССР, напэўна, дзясяткі сваіх землякоў.
Яе дачка Алена Дземідовіч, ад якой мы даведаліся гэту гісторыю, не ведае, ці плацілі маці за гэтую працу. Памятае толькі, што сагітаваныя Ганнай беларусы потым, ужо ў СССР, сварыліся на яе і крыўдавалі, кажучы, што яна падманула іх. Але было ўжо позна. Зрэшты, сярод падманутых аказалася і сама Ганна Рашкевіч разам з мужам і шасцю дзецьмі.
Усяго, паводле звестак расійскага даследчыка Віктара Зямскова, да чэрвеня 1948 года з Францыі ў СССР рэпатрыяваліся 6 991 чалавек, якія ў розныя гады эмігравалі ў Францыю з Расійскай імперыі, Аўстра-Венгрыі і Польшчы. Сярод іх былі 1 420 расейцаў і 5 471 асоба «ўкраінскага або беларускага паходжання».
Такім чынам, лік беларускіх рээмігрантаў можна прыблізна ацаніць у 10 % з тых 20–30 тысяч, якія жылі ў Францыі.
Рэпатрыянтаў з Францыі ў СССР везлі морам і чыгункай. Тых, каго везлі праз мора, з усёй Францыі звозілі ў парты Марсель і Гаўр. Там іх чакалі савецкія цеплаходы «Расія» і «Вячаслаў Молатаў». Многія беларускія «дзеці Францыі» запомнілі вялікі белы цеплаход «Расія», у якім яны займалі месцы трэцяга класа, бліжэй да трумаў ці ў саміх трумах. У першым і другім класе везлі былых белагвардзейцаў.
Цеплаход «Расія». 1970-я гады. Фота: modgahead-sev.livejournal.com
Па прыбыцці ў порт Адэсы пасля догляду афіцэрамі МГБ рэпатрыянтаў садзілі на грузавікі і разбітай дарогай везлі ў рэпатрыяцыйны лагер «Люстдорф», былое пасяленне нямецкіх каланістаў каля Адэсы. Там тады яшчэ былі і нямецкія палонныя, лагер агароджаны калючым дротам і вартавымі вышкамі. Новапрыбылыя праходзілі «фільтрацыю» і размеркаванне, некаторых адсюль пасылалі адразу ў ГУЛАГ.
Буйны цэнтр прыёму рэпатрыянтаў быў арганізаваны і на беларускай зямлі. Траплялі ў яго тыя, хто ехаў у СССР цягнікамі. Савецкія ўлады размясцілі гэты лагер у былым «Шталагу 324», нямецкім лагеры для савецкіх ваеннапалонных у Ласосне пад Горадняй.
Апошні эшалон з рэпатрыянтамі з Францыі прыбыў у Горадню ўвосень 1947 года, у ім было каля 2 000 чалавек.
Таварным цягніком у 1947 годзе ў СССР прыехала і сям’я Рашкевічаў. Падман адчулі вельмі хутка. За іх працу ў інтарэсах СССР пасля прыезду ніякай падзякі не было. Жыла сям’я цяжка: пасялілі 9 чалавек у адным пакоі ў інтэрнаце тытунёвай фабрыкі. Пастаянна былі пад каўпаком савецкіх спецслужбаў, а нейкі час чакалі і вывазу ў Сібір.
«Аддзячылі тым, што хацелі нас выслаць на Салаўкі. Да нас увесь час прыходзілі з НКВД, правяралі, ці ёсць у нас радыёперадатчыкі, грошы. Усе рэчы раскідвалі, баяны і швейную машыну разбіралі, шукалі...
Мамін брат пры Польшчы сядзеў у турме разам з камуністычным дзеячам Сяргеем Прытыцкім; дзядзька звярнуўся да яго і пасля гэтага ператрусы спыніліся», — згадвае Алена Дземідовіч.
Шахцёры на пасляваенным Данбасе. Шмат жанчын, бо бракавала мужчынскіх рук. Сярод шахцёраў — беларускія рэпатрыянты з Францыі Яўстафі Гаралюк і Аляксандр Салагуб. Данецк. 1952 год
Але не ўсе мелі такіх уплывовых знаёмых, як Прытыцкі. І не для ўсіх усё канчалася так, яшчэ адносна лёгка. Адкруціць жа ўсё назад магчымасці ўжо не было, пастка зачынілася. Як мінімум на 40–50 гадоў — да перабудовы і незалежнасці.
14 лістапада 1947 года адбылася нечаканая праверка французскімі ўладамі лагера ў Барэгары. Аперацыя была вынікам заявы грамадзяніна Францыі Дзмітрыя Спячынскага, які эміграваў з Расіі ў 1922 годзе. Ён напісаў французскім уладам пратэст супраць намеру ягонай жонкі рэпатрыявацца ў СССР з трыма дзецьмі.
Жанчыну з дзецьмі знайшлі ў лагеры, хоць яны і не былі там зарэгістраваныя. Таксама там выявілі цэлы арсенал зброі. Выбухнуў дыпламатычны скандал, савецкіх службоўцаў выслалі з Францыі ў СССР. Лагер Барэгар быў узяты пад кантроль уладаў Францыі і ў 1951 годзе спыніў існаванне.
25 лістапада 1947 года на патрабаванне французскіх уладаў былі таксама высланыя 24 актывісты Саюза савецкіх патрыётаў Францыі, а праз два месяцы гэтая арганізацыя была распушчаная. Дэпартаваных актывістаў СCП у СССР спачатку прынялі як герояў, а потым многіх з іх чакаў ГУЛАГ.
Масавыя арганізаваныя рэпатрыяцыі ў СССР пасля гэтага былі спыненыя. Пачыналася халодная вайна.
Падрабязней пра беларускую эміграцыю ў Францыі і лёс тых людзей, якія наважыліся вярнуцца пасля вайны на радзіму, можна будзе неўзабаве прачытаць у кнізе Валера Каліноўскага «Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну».
Іван Пташнікаў. Францужанкі
Дзяўчат я згледзеў здалёку: ішлі ўпобачкі, памалу, не спяшаючыся — былі якраз на палавіне дарогі да вёскі. Дзве...
Можа б, я іх і не дагнаў, але яны ішлі ўжо так паволі, што праз якую хвіліну я ўжо быў каля іх.
Можа б, я іх і зачапіў, але пачуў, што яны гаварылі паміж сабой па-свойму, па-чужому... Назад ні разу не азірнуліся.
Соснік тут быў малады, уперамешку з кунатымі бярозкамі. Бліжэй да вёскі — адны дробныя сасонкі.
Дзяўчаты так і ішлі ўпобачкі: то бліжэй да бярозак, то далей, як выбіраючы лепшую сцежку пад нагамі. Якую хвіліну, параўняўшыся, я ішоў побач з імі, ну, можа, на паўкроку ззаду, тады на паўкроку спераду.
Адна з іх, вышэйшая, была коратка стрыжаная — валасы чуць хавалі шыю. Русыя, нават светлыя, паднятыя высака на галаве. Чыстая з твару, бялявая і прыгожая-прыгожая... Вочы ў яе, блакітныя, блішчэлі, і сама яна ўся была нейкая бліскучая. Чырвоная сукенка на ёй аж пералівалася...
Другая, меншая, ёй па плячо, з тугой цёмнай касой на спіне, ладнай, рукой не абхапіць, і сплеценай неяк адмыслова (так у вёсцы ніхто не заплятаў), і доўгай — да пояса.
Была яна ў блакітным сачыку і караткаватай, да калень, блакітнай спадніцы. Цямнейшая і круглейшая з твару, і вочы ў яе былі вялікія, круглыя і цёмныя. І насы ў іх, у абедзвюх, былі невялічкія, прамыя і прыгожыя.
На нагах у іх былі аднолькавыя чырвоныя басаножкі, у руках чырвоныя невялікія сумачкі.
«Сёстры, ці што? — падумалася першае, што прыйшло ў галаву. — Відаць, сёстры...»
У мяне дробненька забілася ў грудзях маё недзе зусім яшчэ вераб’інае сэрца... Такіх прыгожых дзяўчат — маіх равесніц — у свае пятнаццаць гадоў я ніколі не бачыў: ні ў вёсцы, ні ў школе...
Мінаючы іх, я яшчэ раз павярнуўся, зірнуў ім у твар і пачуў, як мне ўсяму зрабілася горача, — ад самой начы яшчэ ніяк не мог сагрэцца дарогай... Ногі неяк самі паднялі мяне ад зямлі, і я, босы, пад пахай фуфайка, прыціснутая рукой — рука ў кішані, — прыбавіў кроку па траве і па версе, пакідаючы дзяўчат ззаду. Можа б, я і загаварыў да іх, але яны, як і перш, ішлі сцежачкай адна ля адной і гаварылі ўсё, гаварылі па-свойму між сабой...
...Дувалаў [раённы энкавэдыст] стаяў перада мной і зыбаўся на нагах:
— Ну, дык пра што калякалі францужанкі?.. Маўчыш? А што яны гаварылі пра свайго бацьку? Гм! А не расказвалі, як ён трапаўся, што вы тут з голаду пухнеце, а Сталін... — ён памаўчаў. — Наш таварыш Сталін пшаніцу — французам... А яна ім і не трэба... А яны яе з карабля — у мора. А яны яе і браць не хочуць... Сваёй хапае... Што ў падлогу глядзіш? Ведаеш і не хочаш усім нам сказаць? — махнуў ён рукой на стол.
У мяне зноў паявіліся ў вачах буханкі хлеба: пачалі падскокваць ад падлогі ўверх — адна вышэй, другая — ніжэй...
— А не расказвалі яны, на што ён тут прыехаў паглядзець? На радзіму? Чаго яго пацягнула? І дачок з сабой прывёз... А жонку пакінуў у Францыі, каб было куды вярнуцца пасля ўсяго. Жонка ў яго францужанка... Што? У разведку прыехаў? Не гаварылі?!
Калі закрычаў на ўсю кантору капітан Дувалаў, мне здалося, што буханкі хлеба пасыпаліся зверху са столі на падлогу... Я аж прыгнуўся...
— Хопіць курвіцца!.. Мы праверылі. Ні маці твая, ні бацька ў трыццаць сёмым не замешаны. Бацька вярнуўся з фронту паранены... У вайну маці памагала партызанам... А ты? Скурвіўся? Шпіянаж пакрываеш?..
***
...Недзе праз тыдзень, ідучы раніцай з Жукаўшчыны ад трактара, я пачуў ад Федзі на ўчастку, што францужанак з бацькам у Жызнаве забралі...
***
...Дзе вы цяпер, мае францужанкі, што схаваліся назаўсёды ў пыле на нашай грэблі паўвека назад?..
1997 год