Упаўнаважаны па правах: «Парнаграфія руйнуе псіхіку дзяцей»

24.02.2020 Маё права

Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра еўрапейскі досвед змагання з распаўсюдам парнаграфіі ў межах праекта «Маё права».


Развіццё інтэрнэт-тэхналогій прынесла грамадству разам з карыснымі момантамі шмат праблем, звязаных з глабальнай інфарматызацыяй. У першую чаргу — дзецям і моладзі.

Калі, напрыклад, 30 гадоў таму маладому чалавеку трэба было прыкласці высілкі, каб атрымаць доступ да парнаграфіі, цяпер гэта можна зрабіць за некалькі клікаў па экране смартфона.

Дзяцей заўжды вабіць невядомае, тым больш тое, з чым можна атаясамліваць дарослае жыццё. Але існуе меркаванне, што такога кшталту медыяпрадукцыя негатыўна ўздзейнічае на маладых людзей. Праваабаронца, польскі ўпаўнаважаны па правах дзяцей Мікалай Паўлак лічыць: «Парнаграфія руйнуе псіхіку дзяцей, неабходна абмежаваць да яе доступ».

noresize-mikolaj-pawlak-rzecznik-praw-dziecka.jpg

Мікалай Паўлак

Паводле дадзеных польскага фонду «Fundacja Twoja Sprawa», 80% хлопцаў ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў праглядаюць парнаграфічную прадукцыю, а 10% з іх робяць гэта кожны дзень. Па дзяўчатах інфармацыя адсутнічае.

Аўстралійскія даследчыкі з Інстытута вывучэння сям’і адзначаюць у тым ліку такія наступствы ў выніку прагляду парнаграфіі дзецьмі: — фарміраванне негатыўных стэрэатыпаў наконт гендарных роляў у грамадстве;

— правакаванне актаў сэксізму, сэксуальнай аб’ектывацыі і сэксуальнага гвалту.

На сённяшні момант польскія дзяржаўныя органы, праваабаронцы, бацькоўскія арганізацыі, прадстаўнікі рады тэлебачання праводзяць кансультацыі па рэалізацыі праграмы абмежавання доступу дзяцей і моладзі да «дарослага» кантэнту ў інтэрнэце і на тэлебачанні. Сярод іншых мераў разглядаецца магчымасць спраўджвання веку патэнцыйнага карыстальніка. А таксама неабходнасць увядзення нумару банкаўскай карты для доступу да сеціва.

У Еўракамісіі існуе структура, якая адказвае за бяспеку дзяцей у інтэрнэце. Пакуль што гэтая арганізацыя толькі заяўляе пра намеры супрацоўнічаць з мабільнымі аператарамі і інтэрнэт-правайдарамі, каб супрацьстаяць матэрыялам, якія могуць нашкодзіць здароўю і псіхіцы дзяцей, у тым ліку сэксуальнага характару.

У Брытаніі таксама намагаюцца абмежаваць распаўсюд сярод дзіцячай аўдыторыі кантэнту для дарослых — UK Council for Child Internet Safety (UKCCIS). На жаль, паводле дадзеных гэтай арганізацыі, меры па блакаванні «дарослага» кантэнту ТБ і інтэрнэт-правайдараў не прынеслі чаканага плёну.

У той жа час, як адзначаюць у UKCCIS, развіццё мабільных тэхналогій павялічвае колькасць падлеткаў, якія стала «спажываюць» парнаграфію. Гэта выклік, якому супрацьстаяць усё складаней.

Практыка, якую прапануюць польскія праваабаронцы, пакуль не ажыццяўляецца ў поўнай меры, знаходзіцца на стадыі распрацоўкі і ўзгаднення з заканадаўчымі нормамі. Але відавочнае разуменне праблемы і заявы чыноўнікаў высока рангу дазваляюць спадзявацца, што ў найбліжэйшай будучыні будуць зробленыя рашучыя захады па яе вырашэнні.

Беларусь: рэаліі

На жаль, як і па большасці праблем, звязаных з практычнай рэалізацыяй правоў дзяцей, афіцыйная пазіцыя дзяржаўных органаў застаецца пакуль невядомай. У той час як судовая статыстыка дэманструе сталы рост колькасці асуджаных непаўналетніх за злачынствы сэксуальнага характару, а таксама супраць годнасці асобы.

Актывісты і праваабаронцы таксама надаюць няшмат увагі згаданай праблеме, якая мае практычныя і яўныя наступствы — спакушае і негатыўна ўздзейнічае на нашых дзяцей тут і цяпер. Таму, здаецца, было б слушным надаваць ёй больш увагі. І вылучаць з агульнай тэматыкі інтэрнэт-бяспекі.

Беларусі варта ўзяць на ўзбраенне заходнія напрацоўкі ў гэтым кірунку, удасканаліць заканадаўства і пашырыць меры па абмяжоўванні «дарослага» кантэнту.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org