«У беларусаў сфармулявалася новае вызначэнне свабоды: гэта калі ідзеш з тэлефонам па вуліцы і не баішся». У Варшаве прэзентавалі вынікі сацыялагічнага даследвання

Даследаванне на тэму нацыянальнай ідэнтычнасці жыхароў Беларусі было праведзена аналітычнай сацыялагічнай майстэрняй пад кіраўніцтвам прафесара Андрэя Вардамацкага, піша «Салідарнасць».


Andrej Vardamacki
Андрэй Вардамацкі


Вардамацкі адзначыў, што рэспандэнты даследвання — беларусы і беларускі ўнутры краіны з розных рэгіёнаў, рознага ўзросту і рознай палітычнай арыентацыяй. Метад даследвання: глыбінныя інтэрв’ю.

Па словах прафесара, зараз адбываецца два супрацьлеглых працэсы. З аднаго боку назіраецца змяншэнне колькасці гадзін выкладання беларускай мовы, беларускамоўных класаў і г.д. Разам з тым людзі прыводзяць прыклады, якія кажуць, што ў Беларусі адбываецца пашырэнне ўжывання беларускай мовы.

— Зараз шмат людзей вучаць беларускую мову. Такога раней не было, — сказаў адзін з рэспандэнтаў.

Адна з рыс характару беларусаў, адзначае прафесар, — гэта тое, што нам не патрэбны чыйсьці загад, каб нешта рабіць.


— Я звярнуў увагу на гэта, бо калі вывучаў сацыяльна-псіхалагічныя характарыстыкі пратэстоўцаў у 2020 годзе, адна з характарыстык палягала на тым, што адсутнічала псіхалагічная патрэба фізічнай прысутнасці лідара. Было плывучае лідарства звычайных людзей. І кожны раз гэта лідарства з’яўлялася.

Тады я думаў, што гэта вельмі спецыфічная рыса 2020 года, якая ўзнікла напярэдадні гэтых падзеяў. Але са слоў рэспандэнтаў я зразумеў, што гаворка ідзе аб больш агульнай рысе, якая была і ёсць. Гэта рыса нашага нацыянальнага характару.

На прэзентацыі даследвання было адзначана, што вайна Расіі супраць Украіны з аднаго боку і асэнсаванне 2020 года з другога, акцэнтавалі такія рысы нацыянальнага характару як міралюбства, эмпатыя і меншая жорсткасць. Раней жа дамінавалі такія рысы як працавітасць, законапаслухмянасць і талерантнасць.

Prezientacyja dasliedvannia

Акрамя таго, у рэспандэнтаў таксама спыталі, ці можа Беларусь існаваць адна, без падтрымкі моцнага суседа. У адказах беларусы адзначылі, што геаграфічнае размяшчэнне Беларусі — гэта гарант магчымасці самаснага існавання.

— Таксама рэспандэнтам зачытваліся фармулёўкі з праграмы нацыянальнага адраджэння Беларусі. У асноўным людзі пагаджаліся, але былі і заўвагі. Напрыклад, на фармулёўку «безумоўны суверэнітэт нацыі і дзяржавы» некаторыя рэспандэнты адказвалі , што «у наш час нічога безумоўнага не бывае і што мы не можам быць безумоўна незалежнымі, бо гэта ўтопія».

Таксама трыгерным быў выраз «нацыі як супольнасці». Рэспандэнты прапанавалі замяніць слова супольнасць, бо ў рэчаіснасці немагчымыя ніякія супольнасці — улады зачыняюць аб’яднанні.

Андрэй Вардамацкі падкрэсліў, што ў беларусаў сфармулявалася новае вызначэнне свабоды.

— Свабода — гэта калі ідзеш з тэлефонам па вуліцы і не баішся гэтага.


Таксама прафесар адзначыў, што не ўсе беларусы адчувалі з дзяцінства, што яны беларусы. Больш за тое, многія казалі, што ў дзяцінстве адчувалі сябе рускімі. А ўжо на працягу жыцця ўсведамлялі, што яны беларусы.

Па выніках даследвання таксама бачна, у чым ёсць адрозненні паміж прыхільнікамі дзеючай ўлады і прыхільнікамі перамен.

— Калі праўладным людзям кажаш, што будзеш з імі размаўляюць пра нацыянальную ідэнтычнасць, то тыповая рэакцыя такая: для гэта ёсць іншыя спецыяльныя людзі, няхай яны над гэтым працуюць. То бок з іх боку адбываецца перакладанне адказнасці наверх і нежаданне ўдзельнічаць у рашэннях. Пры гэтым у прыхільнікаў перамен ёсць псіхалагічная патрэба ўдзельнічаць у працэсе прыняцця рашэнняў.

Таксама з двух бакоў кажуць, што любяць сваю краіну. То бок эмоцыя адна і тая ж — люблю сваю краіну, але напаўненне — ідэалагічнае, культурнае — зусім рознае.

Alina Koŭšyk
Аліна Коўшык 


Прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык адзначыла, што прапаганда ў Беларусі спрабуе раз’яднаць беларусаў, у тым ліку тых, хто застаўся і з’ехаў. Таму гэтае глыбіннае даследаванне — шанец знайсці кропкі, якія нас аб’ядноўваюць.