Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні падрыхтавала беларускі каляндар з памятнымі датамі, якія з’явіліся пасля 2020 года

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні падрыхтавала новы беларускі каляндар, які аб’ядноўвае важныя падзеі, памятныя дні і культурныя традыцыі Беларусі. У ім ёсць як знакавыя даты гісторыі, так і новыя святы, якія з’явіліся пасля 2020 года.

Kalandar

«Што найбольш пастараліся закрануць: гэта пытанне шматэтнічнасці і шматканфесійнасці Беларусі, таму пазначаныя не толькі традыцыйныя праваслаўныя і каталіцкія святы. Таксама ёсць месца народнаму календару і новым датам, што нараджаюцца ў найноўшай гісторыі», — адзначыў прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі.

У календары разам з усім знаёмымі датамі, як Новы год, Божае Нараджэнне, 8 сакавіка (падаецца ў новым календары як Міжнародны дзень барацьбы за правы жанчын, а не проста як жаночы дзень), Вялікдзень і пад., зазначаныя, напрыклад, Шчадрэц (13 студзеня), Дзень нязломнасці (2 лютага, свята, ініцыяванае Аб’яднаным пераходным кабінетам з мэтай адзначыць мужнасць беларусаў у барацьбе за свабоду, падтрыманне палітвязняў і змаганне за дэмакратычныя каштоўнасці), пачатак месяца Рамадан у мусульманаў (19 лютага), Дзень роднай мовы (21 лютага), Пурым у габрэяў (3 сакавіка), Ураза-байрам у мусульманаў (20 сакавіка), Міжнародны дзень помнікаў (18 красавіка), Дзень памяці чарнобыльскай трагедыі (26 красавіка), Дзень салідарнасці з палітзняволенымі (21 траўня), Дзень барацьбы за свабоду і дэмакратыю (9 жніўня) і шмат іншых.

Прэзентуюць каляндар у канцы студзеня. Імпрэза мае адбыцца ў Музеі Вольнай Беларусі.

Спампаваць каляндар можна па спасылцы.