Аляксей Гайдукевіч на budzma.by піша пра дадатковыя эканамічныя фактары, якія адмоўна адбіваюцца на курсе беларускага рубля.
Зніжэнне эканамічнай актыўнасці ў свеце непасрэдна адбіваецца на паказчыках беларускай эканомікі. Разам з дэвальвацыяй беларускай валюты пагаршэнне попыту ў суседніх краінах на нашу прадукцыю ператвараецца ў дадатковы фактар ціску як на вытворцаў, так і на фінансавае становішча дзяржавы і грамадзян.
Паводле афіцыйных звестак, складскія запасы, напрыклад, у Мінску дасягнулі 1,267 млрд рублёў (108,7% ад месячнага аб’ёму вытворчасці). На аналагічную дату мінулага года запасы склалі 1,072 млрд руб., або 98,4%. Найбольшыя сумы прыпадаюць на склады ў машынабудаванні (285 млн BYN), у вытворчасці транспартных сродкаў (232,5 млн BYN) і ў вытворчасці абсталявання (200 млн BYN).
Падобная сітуацыя назіраецца па ўсёй краіне.
Лідарамі ж з’яўляюцца тавары з тэкстылю, запасы якіх перавышаюць у чатыры разы аб’ёмы месячнай вытворчасці.
Калі такога кшталту прадукцыя можа мець сезонны характар і хутка рэалізоўвацца, напрыклад, пры змене пары года, то з таварамі цяжкай прамысловасці і машынабудавання іншая справа. Гэта самыя рэсурсаёмістыя і, адпаведна, дарагія тавары. Такім чынам, вытворцы замарожваюць вялікія грашовыя сродкі ў прадукцыі, якая працяглы час можа знаходзіцца на складзе.
Бюджэт недалічыўся 40%
Адным з вынікаў такога становішча ў эканоміцы стала зніжэнне паступленняў у бюджэт сродкаў.
Мінфін апублікаваў статыстыку па выкананні бюджэту за 5 першыя месяцаў года. Карціна атрымалася вельмі негатыўная.
Паводле інфармацыі міністэрства, даходы рэспубліканскага бюджэту скараціліся на 40%.
Пагаршэнне сітуацыі з даходамі бюджэту ідзе з лютага, але асабліва моцна яно праявілася ў красавіку і траўні. У гэтыя месяцы прадпрыемствы плацілі падаткі і іншыя плацяжы па выніках працы ў сакавіку-красавіку.
Асобна варта адзначыць, што цяпер нафтавыя пошліны, сур’ёзная крыніца папаўнення рэспубліканскага бюджэту, знаходзяцца на мінімальным узроўні за апошнія некалькі гадоў. Гэты фактар таксама паўплываў на агульную сітуацыю.
Адмоўна адбілася і няпоўная занятасць на некаторых прадпрыемствах, а таксама рост беспрацоўя. Паводле звестак Белстата, чысты сыход кадраў з буйных прадпрыемстваў за 5 месяцаў складае 37 тысяч.
У выніку скарачэнняў і няпоўнай занятасці Фонд сацабароны атрымлівае менш сродкаў ад кампаній.
Сітуацыя з недахопам сродкаў у фондзе прыводзіць да таго, што дзяржава вымушаная накіроўваць туды грошы, напрыклад, для выплаты пенсій.
Назапашванне рызык дэвальвацыі
Такога кшталту становішча ў рэальным сектары і недастатковае напаўненне бюджэту могуць стаць дадатковым фактарам ціску на курс нацыянальнай валюты.
Крыніца — nbrb.by
Цалкам імаверна, што ўжо ў хуткім часе на кошце беларускага рубля пачнуць адбівацца гэтыя адмоўныя фактары ў эканоміцы і сферы фінансаў. У дадатак да наяўных выклікаў, пра якія вядзецца ў ранейшым артыкуле.
А менавіта
— сумы выплат па знешніх запазычанасцях, якія да канца года будуць толькі нарастаць.
— падзенне вытворчасці
— і як вынік усіх пералічаных фактараў — магчымы рост попыту на валюту сярод фізічных асобаў.
Істотнасць уплыву сітуацыі на рынках нафты і курсу расійскай валюты, якая заўжды рэагуе на хістанне цаны вуглевадародаў, ужо найбліжэйшым часам таксама можа дадаць рызыкі для беларускай валюты.
Імаверна, што Саудаўская Аравія зноў намагаецца стрымаць рост цэнаў нафты. Паводле паведамлення The Wall Street Journal, аравійскія нафтавікі намагаюцца ўзгадніць павелічэнне квотаў на здабычу сыравіны.
Як на такія паведамленні і ўласна падпісанне падобных дамоваў рэагуюць рынкі, а потым, у сваю чаргу, расійскі і беларускі рубель, мы добра памятаем па веснавой дэвальвацыі.
Працяг будзе
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!