Новы кліп Re1ikt: беларускае фэнтэзі ў лесе пад Бабруйскам

22.09.2016 Музыка

Прыхільнікі знялі музычнае відэа да кампазіцыі “Хадзіла галота” з альбома “Лекавыя травы” гурта Re1ikt.

Кліп распавядае трагічную гісторыю кахання ў стылі фэнтэзі з нечаканым фіналам, якая разгортваецца ў зачараваным лесе недалёка ад Бабруйска ды іншых таямнічых мясцінах.

“Ёсць песні, якія пачынаеш разумець пасля другога-пятага праслухоўвання, а гэтая стрэліла адразу ў сэрца. Для мяне яна – сімвал багатага Космасу беларусаў. Маю на ўвазе і тых аўтараў з мінулага, якія прыдумалі песню, і сучасных, якія далі ёй новае жыццё”, – прызнаецца аператар Сяржук Лацінскі.

Аўтаркай сцэнару і рэжысёркай кліпа выступіла выкладчыца курсаў “Мова нанова” ў Бабруйску Алеся Лацінская. Галоўныя ролі выканалі віяланчэлістка гурта Vodar Ганна Лукашык, гісторык Зміцер Шапялевіч ды краязнаўца Яўген Лісоўскі, які, дарэчы, неаднаразова здымаўся ў ваенна-гістарычных фільмах.

Што тычыцца сюжэту, дык аўтары імкнуліся не проста кіравацца тэкстам, але напісалі сваю гісторыю.

“Хапіла загадкавых вобразаў і містычнай мелодыі, каб імгненна склалася гісторыя, хоць паміж намі было шмат дыскусіяў наконт тэксту, бо кожны разумеў яго па-свойму, і не адзін вечар абмяркоўвалі, хто што рабіў, хто такая Галота, хто быў зяць, а хто star з барадой”, – тлумачыць Алеся Лацінская.

Праца над відэа цягнулася некалькі месяцаў, і, як прызнаюцца яго стваральнікі, цяжэй за ўсё было злучыць наздыманы матэрыял у цэльны твор. Асаблівая ўвага надавалася касцюмам і дэкарацыям, якія стварыла дызайнерка Дар’я Шапялевіч. Прыкладам, толькі вялізная маска бога – ажно метр даўжынёй – выраблялася два тыдні.

“Мінулай восенню ўзнікла канцэпцыя, а сёлета ўвесну стартавалі здымкі ў лесе пад вёскай Бабіна, у пасёлку Глуша, і ў прыватным бабруйскім дворыку. Але больш за ўсё часу сышло на мантаж: яго мы рабілі з нуля два разы, і яшчэ доўга дапрацоўвалі, спрачаліся, і змагаліся з нашай дабітай тэхнікай”, – дзеліцца ўражаннямі ад працэсу Сяржук Лацінскі.

Урэшце рэшт, вынікам засталіся задаволеныя і здымачная група, і музыкі.

“Хоць відэа стварылі аматары, усё ж мы не лічым яго фан-артам, але самастойным творам мастацтва, які з’явіўся як працяг нашай музычнай ідэі”, – кажа лідар гурта Re1ikt бубнач Аляксандр Дземідзенка.

У аснову кампазіцыі “Хадзіла галота” пакладзеная запісаная ад носьбітаў у Лельчыцкім раёне беларуская народная песня. Гэты трэк з альбома “Лекавыя травы” найбольш палюбіўся слухачам, ён адметны тым, што апроч “стандартных” рок-інструментаў тут можна пачуць ірландскі цін-вістл.

Дыск “Лекавыя травы” быў добра прыняты крытыкамі ды атрымаў шэраг узнагарод: “Альбом года” – прэмія “Даём рады”; “Найлепшы рок-альбом”, “Прыз народных экспертаў”, “Прыз штатных экспертаў” – партал Experty.by; “Артыст года”, “Альбом года” – прэмія Rock Profi. Найлепшым яго таксама назваў амерыканскі тэлевядучы Мэт О’Донэл.

Гурт Re1ikt презентуе альбом “Лекавыя травы” на біс у мінскам клубе TNT 25 верасня.