Выйшаў у свет чацвёрты выпуск альманаха «Справа», які выдае Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Як заўсёды, альманах месціць тэксты па- беларуску, па-ўкраінску, па-руску і на заходнепалескіх гаворках.
Упершыню гэта тэматычны нумар, з тэмаю “Боль і як з ім жыць”. Таму ў гэты нумар трапілі матэрыялы па тэмах балючых, цяжкіх, але трапных і актуальных.
Паэзія – заўжды рана. Сярод вершаў гэтага нумару вылучаецца дума, прысвечаная памяці загіблых у Кіеве ў лютым 2014 года. Аўтар, Аляксандр Грыцай, — непрафесійны літаратар, але народная манера робіць яго твор яшчэ больш шчымлівым. Такія ж людзі стагоддзі таму стваралі казацкія думы – у памяць пра вольніцу, пра людзей, што не пабаялася ўцячы ад прыгнёту ў невядомасць, за дняпроўскія парогі, і бараніць сваю свабоду.
Сочачы за ўкраінскімі падзеямі, спачуваючы болю суседзяў, маладыя беларускія аўтары асэнсоўваюць яго: чытайце кранальны ліст і вершы Уладзіміра Шыпілы з Полацка, псіхалагічны аповед Алеся Кіркевіча з Гродна. Апавяданне Кіркевіча — пра тое, якую дэфармацыю церпіць асоба на вайне і што канец вайны яшчэ не канец пакутам: прыстасавацца да міру ўдаецца не ўсім абаронцам айчыны.
“Справа” традыцыйна імкнецца спрыяць умацаванню беларуска-ўкраінскіх сувязяў, знаёміць беларусаў з украінскай культурай і гісторыяй. Нядаўна ва Украіне святкавалі два важныя юбілеі – гісторыка Міхайлы Грушэўскага і святара, нацыянальнага дзеяча Андрэя Шаптыцкага. Слынныя юбіляры шмат зрабілі і для беларускай культуры. Пра гэта – у артыкулах рэлігіязнаўцы Ірыны Дубянецкай і гісторыка Віктара Кахновіча. Болем страчаных літаратурных сувязяў адгукаецца гісторыя жыцця ўкраінскага перакладчыка 1920-30-х гадоў Аляксандра Сарокі (артыкул Вячаслава Лявіцкага). Пра насычанае творчае жыццё слыннага ўкраінскага даследчыка беларускай літаратуры Івана Дзенісюка піша сябра рэдкалегіі “Справы”, прафесар Вячаслаў Рагойша. У наш час умацаваннем повязяў беларускай і ўкраінскай літаратуры займаецца, у прыватнасці, Сяржук Сыс: украінскія пераклады яго лірыкі — у нумары.
Таксама “Справа”, як заўжды, месціць матэрыялы з беларуска-ўкраінскага памежжа. На гэты раз чытайце беларускія вершы Наталлі Сацуты, а таксама наш скарб — творы на гаворках: старасты сяла Лілікове з Кобрыншчыны Пэтра Шэпэтюка, народнай паэткі з Бярозаўскага раёна Ніны Амяльчук і настаўніцы з Камянеччыны Веры Філосаф.
Калі нам баліць за страту сваіх каранёў, сваёй тоеснасці, то раней ці пазней мы разумеем, што рабіць, каб прыйсці да згоды са сваім сумленнем. У гэтым нумары публікуюцца два чалавекі, якія не толькі прыклалі намаганні, каб захаваць родную культуру, але і пераламілі ход падзей. Яны здолелі зрабіць лакальную культуру, якая, здавалася, аджывае – цікавай, моднай, сучаснай, запатрабаванай. Гэтыя людзі — уласнікі аграсядзіб: Ала Палікарпук, што стварыла цэлы турысцкі кластар на Кобрыншчыне, назваўшы яго па-мясцоваму «Муховэцька кумора», і Васіль Грынь, які будуе турысцкі бізнес на прывабнасці беларускай вёскі. Штогод да іх прыязджаюць тысячы турыстаў. Ала Палікарпук распавяла чытачам “Справы” пра свой бізнес і падзялілася рэцэптамі гаспадынь з Кобрыншчыны, па якіх гатуюць і ў яе «Куморы». Васіль Грынь падзяліўся замалёўкамі з мясцовага жыцця – вясёлымі, мілымі, часам горкімі, але заўжды поўнымі годнасці, якую Грынь пабачыў у сваіх аднавяскоўцах. Пачуццё ўласнай годнасці, гонар за сваю працу і ўменне смяяцца — тое, што ўздымае чалавека над болем і скрухай. Адметна, што замалёўкі напісаныя каларытнай гаворкай Віленскага краю.
Як жыць з цяжарам нязробленага, непаспетага, незваротна страчанага — і як зменшыць гэты цяжар — пра тое пішуць Алесь Паплаўскі і Таня Скарынкіна.
Упершыню да беларуска-ўкраінскага дыялогу ў “Справе” далучыліся польскія аўтары. Цэнтральны твор “болевага” нумару – раман «Сонька», па вызначэнні крытыкаў, найлепшы раман Цэнтральнай Еўропы 2010-х гадоў. Яго аўтар Ігнацы Карповіч – польскі пісьменнік, які паходзіць з праваслаўнай, этнічна беларускай вёскі на Падляшшы. Невялічкі раман пісаўся восем гадоў, але ў выніку — ніводнага лішняга слоўца, ні фальшывага вобразу. Гэта кніга зацягвае і не адпускае да апошняга. Гэта тонкае, далікатнае і трапнае падарожжа да самых глыбінь чалавечага, дзе толькі боль і любоў. Як любы таленавіты твор, тэкст мае шмат пластоў, закранае шмат тэмаў. Адна з галоўных — страта ідэнтычнасці і мовы. Раман, напісаны ў арыгінале па-польску з украпленнямі беларускай мовы, перакладзены ў альманаху на рускую з украпленнямі беларускай — рэдакцыі альманаха падалося, што менавіта гэта дае магчымасць данесці пасыл аўтара самым поўным чынам.
Друкуецца ўрывак з кнігі “Аблічча Беларусі” польскага дыпламата, былога пасла Польшчы ў Беларусі Лешака Шарэпкі, прысвечаны аналізу стану беларускай мовы ў Беларусі. Гэта старонні погляд, з якім цікава азнаёміцца, бо не ўсё заўважна знутры.
У рубрыцы “Гісторыя” — тэкст луцкага гісторыка Яраслава Антанюка пра апошні атрад АУН, які да 1956 года дзейнічаў у Брэсцкай вобласці.
Набыць альманах у Мінску можна ў кнігарні “Акадэмкніга” (пр. Незалежнасці, 72), “Логвінаў” (пр. Незалежнасці 37А), на кніжнай выстаўцы “Каля спяваючых фантанаў” (КЗ “Мінск”, Кастрычніцкая, 5, аддзел гістарычнай літаратуры), а таксама праз інтэрнэт-кнігарню kniger.by