Новы «Палац» і яго архітэктары

У выдавецтве “Кнігазбор” пабачыў свет трэці выпуск літаратурнага альманаха “Палац” Гомельскага абласнога аб’яднання ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Адметнасцю нумара з’яўляецца тое, што нямала аўтараў друкуецца тут упершыню. Такім чынам, “Палац” для іх бачыцца аналагам мясцовага літаратурнага часопіса, якога відавочна бракуе рэгіёнам. Ды і сам змест пераконвае: літаратары Гомельшчыны выдатна спраўляюцца з укладаннем, прадстаўляючы ў кніжцы альманаха і маладзейшых, і заслужаных аўтараў, прозу і паэзію, эсэістыку і навуку, публіцыстыку і мемуарыстыку. І ўсё гэта на трох мовах: беларускай, рускай і ўкраінскай (апошняя ўводзіцца як эксперымент і даніна сяброўства з літаратарамі Чарнігаўшчыны Надзеяй Мішко-Куліш, Міхасём Ткачам, Дзмітром Івановым).

Заўважна, што літаратурны альманах “Палац” аб’ядноўвае людзей не толькі гуманітарных прафесій: адкрывае нумар краязнаўчы тэкст Аксаны Торапавай, дырэктара Гомельскага палаца-паркавага ансамбля; з артыкулам пра англійскага пісьменніка Джона Толкіна выступаеархімандрыт Сава (Мажука), вядомы праваслаўны публіцыст з Свята-Мікольскага манастыра Гомеля; апавяданне друкуе Алег Літушка, які яшчэ нядаўна быў начальнікам аддзела абласной пракуратуры.

У паэтычным аддзеле, дзе публікуюцца творы Марыны Аляксандравай, Сяргея Балахонава, Лявона Муштэнкі, Генадзя Лапаціна, Ігара Дзягілевіча, Уладзіміра Бабкова, Алега Захарыка, Анатоля Печкурова, літаратараў відавочна не абмяжоўвалі ў аб’ёме. Дзякуючы гэтым нізкам (можна сказаць, мікракнігам) чытач складае паўнавартае ўяўленне пра кожнага аўтара. Вылучаюцца ў аддзеле медытатыўныя верлібры Генадзя Лапаціна на рускай мове і іранічныя вершы Сяргея Балахонава:

Шапацелі дажджы па дарогах.

Лялек вёў у бістро Карабас.

Карусель за любоўнай знямогай

Шкадавала пазычаных фраз.

 

Завісаў Бураціна ў фэйсбуку.

Выпускніцы глушылі шампан

За кахання цяжкую навуку,

За адзінства няўмольных славян.

 

Празаічны раздзел адкрывае фрагмент аповесці Анатоля Бароўскага, старшыні Гомельскага адзялення СБП і ўкладальніка (разам з Генадзем Лапаціным) літаратурнага альманаха. “Ульрыка – анёлак вікінгаў (Шведскія матывы)” відавочна натхнёная шведскім востравам Готланд, дзе аўтару пашчасціла пабываць і намроіць старажытных вікінгаў і князёў, і саму Ульрыку. З апавяданнямі выходзяць на чытацкі суд успомнены ўжо Алег Літошка, Язэп Крупа, эсэістыка – уАнатоля Кашэвіча, Міколы Ермакова, Вадзіма Болбаса, Ларысы Раманавай. У празаічнай частцы вылучаецца твор “Пітон” Язэпа Крупы, вырашанае з прыёмам “апавяданне ў апавяданні”.

Даволі вялікае месца аддадзена ў выпуску мемарыяльнаму раздзелу. Акрамя артыкулаў пра спачылых творцаў, публікуюцца і іх апошнія творы: Змітра Віталіна, Міколы Клімовіча, Рыгора Клімовіча. Несумненную цікавасць выклікаюць згадкі Дзмітрыя Сергіевіча (Змітра Віталіна), члена Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП) пра Калінкавічы канца 1910-х – пачатку 1920-х гадоў.

Экскурсы ў гісторыю краю прапануюць Юры Глушакоў (пра магдэбургскае права на Палессі) іМікола Анісавец (пра сацыяльныя і этнаканфесійныя дачыненні на Лоеўшчыне). З літаратуразнаўчымі доследамі друкуюцца Марыя Кірушкіна (артыкул пра паэзію Леры Сом) іСвятлана Цыбакова (аналізуе кнігу-лаўрэатку Гедройца “Час збіраць косці” Віктара Казько).

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org