“Новы замак” прэзентуюць у сценах гарадзенскага Новага замку

21 сакавіка для гарадзенцаў і гасцей горада, пашаноўнікаў вербальнага мастацтва, рыхтуецца цікавая іпрэза – прэзентацыя літаратурнага альманаха «Новы Замак». Сімвалічна, што мерапрыемства мае адбыцца менавіта ў сценах Новага Замку – у канферэнц-зале Гродзенскай абласной бібліятэкі імя Яўхіма Карскага.get_img

Прэзентуемы альманах – творчы праект Гродзенскага абласнога аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Між тым, на старонках выдання змешчана не толькі паэзія і проза сяброў СБП. Амаль палову кнігі аздобілі тэксты літаратараў, якія не ўваходзяць у прафесійныя творчыя саюзы, але жывуць на Гарадзеншчыне і сваім густоўным мастацкім словам заўважна ўплываюць на сучасны беларускі літаратурны і культурны працэс.

«Новы Замак» сабраў пад адной вокладкай прадстаўнікоў розных творчых пакаленняў, прыхільнікаў розных мастацка-эстэтычных традыцый, паэтаў, празаікаў, эсэістаў, літаратурных крытыкаў, перакладчыкаў. Разам з тым кніга атрымалася даволі маналітнай, паколькі ўсіх аўтараў аб’ядноўвае ўсведамленне непаўторнасці, унікальнасці сваёй малой айчыны – Краю над Нёманам. А як вядома, рэгіянальны патрыятызм заўсёды быў тым надзейным падмуркам, на якім трымаецца кожная нацыянальная літаратура.

Імпрэза ладзіцца ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Пачатак імпрэзы ў 17:00.

Тэгі: