У новым выпуску «Гітары Мулявіна» паслухаем якасны беларускі поп-панк, акунемся ў фолк і нават, зачэпім крыху электронікі, якая ўжо не першы год штурмуе чарты рознага кшталту.
Лямпавае знаёмства з адценнем сумоты
Добра вядомы за межамі Беларусі поп-панк гурт Nurnberg выпусціў максі-сінгл «Znajomstva» (максі-сінгл — выпуск 3-4 кампазіцый пад адной вокладкай, звязаных з заглаўнай песняй рэлізу).
Песні слухаюцца лёгка, літаральна, на адным дыханні і выклікаюць выключна цёплыя пачуцці з адбіткам настальгіі. Трэкі «Kachanne» і «Trymaj» ужо знаёмыя слухачам і гэтым разам гурт выпусціў іх у акустычнай версіі, што можна лічыць за ўдалы эксперымент і якое-ніякое пераасэнсаванне. Прасочваецца і крыху канцэптуальнасці максі-сінгла, бо, калі слухаць кампазіцыі па парадку, можна заўважыць, як ад песні да песні мяняецца музычны малюнак і тэкставы складнік: ад пяшчотна-ласкавага гучання да насцярожана-варожага і назад.
Шчыры, эмацыйны, лямпавы — так можна ахарактэрызаваць гэты рэліз. Чакаем, калі хлопцы выканаюць акустычныя версіі песень у сваім чарговым туры па гарадах Еўропы.
Чарговае пераасэнсаванне «Купалінкі»...
Фолк-гурт Trava прэзентаваў свой дэбютны трэк «Чорная ночка». Шчыра, для мяне застаецца незразумелым, чаму для дэбюту быў выбраны менавіта такі шлях з пераспевам вядомай песні і што прывяло фронтмэнаў гурта да думкі, што гэта слушная ідэя.
Што праўда, пры ўсёй хібнасці самой ідэі «пераасэнсавання», не адмятаю таго, што праца над песняй вялася не адзін месяц і з пункту гледжання гуку і інструменталу, які нагадвае раннюю Білі Айліш, гучыць гэта па-сапраўднаму файна.
Канцэпт страшнай казкі, у якім усё такое «чорнае», не зусім прыходзіцца даспадобы і сыходзіцца з першакрыніцай, але, як кажуць, кожнаму сваё.
Ёсць праблема?
Відавочна, што праблемы ёсць заўсёды, але з тым, з якой перыядычнасцю сусветнавядомы гурт Intelligency цяпер радуе нас сваімі сінгламі, усе перажыванні адыходзяць на другі план.
Новая кампазіцыя «A problem» ужо зусім не нагадвае нам энэргічную танцавальную казку, пад якую можна добра адарвацца з сябрамі на танцполе. Цяпер гэта цягучая рамантычная балада з цяжкім хукам, але, тым не менш, вельмі якасна зробленая, калі параўноўваць з іншымі хітовымі трэкамі гурта.
Ёсць адчуванне, што Intelligency знаходзяцца ў сваёй зоне камфорту і хоць трэк слухаць ну вельмі прыемна, па сваёй сутнасці ён не нясе нічога інавацыйнага, здольнага зрабіць рэвалюцыю ў стылі электроннай музыкі па ўсім свеце.
За рэліз падабайка і да новых сустрэч!
Хатні Томпсан, budzma.org