Божа-Божа, што робіцца! Варламаў пачаў размаўляць па-беларуску! Аеячкі! Аёячкі! У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік рэагуе, аднак, не на новую і ўжо нашумелую зацікаўленасьць расейскага блогера, але на рэакцыю на яе беларускага грамадзтва.
Ну што, усе ўжо паглядзелі, як папулярны расейскі блогер Ільля Варламаў спрабуе гаварыць па-беларуску? Ну і як уражаньні?
Сам я даведаўся пра гэтую раптоўную «беларусізацыю» маскоўскага блогера выпадкова. Быў у гэтыя дні на мяжы зь Беларусьсю, з тугою пазіраў на родны бераг Бугу, стоячы на супрацьлеглым. Потым палез у тэлефон выставіць у сацыяльныя сеткі сэнтымэнтальную фотку, а там — усё віруе: «Ах, Варламаў — наш! Ах, загаварыў па-беларуску!»
Карацей, пачытаў я — і... засмуціўся.
На польска-беларускай мяжы. Фота аўтара
==
Памятаеце выраз, які нібыта беларускія адраджэнцы калісьці пазычылі ў чэхаў? Маўляў, небясьпека для беларускай мовы зьнікне толькі тады, калі на ёй будуць размаўляць ня толькі інтэлектуалы, але і ўсе астатнія — нават апошняя прасталытка!
Нешта падобнае, дакладна ня памятаю.
Варламаў, вядома ж, не апошняя прасталытка. Гэта папулярны расейскі блогер з больш як 5-мільённай аўдыторыяй. У тым ліку глядзяць яго й нашыя суайчыньнікі. І пагатоў, калі для кагосьці гэта важна, у 2020-м Ільля Варламаў падтрымаў беларускія пратэсты і свайго крытычнага стаўленьня да Лукашэнкі не зьмяніў і сёньня.
YouTube-канал Ільлі Варламава
Радасныя камэнтатары трасуць кулакамі ў бок Крамля: маўляў, прыгадаем мы вам і Смаленск, і бясконцыя войны, і татальную расеізацыю — і наагул зараз будзеце ўсе па-беларуску размаўляць! Хтосьці спадзяецца, што прынамсі беларуская частка аўдыторыі Варламава возьме зь яго прыклад і зьвернецца да роднае мовы. Іншыя зьвяртаюць увагу на тое, як цяжка даецца расейскаму блогеру беларускае вымаўленьне: маўляў, вось гэтыя маскавіты й пабачаць, што мы зь імі — аніякі не адзін народ! А хтосьці нават напісаў пра нейкія беларускія карані ў Варламава: дык і наагул свой хлопец атрымліваецца, так?
Скрын зь беларускамоўнага сьпічу Ільлі Варламава
Дык чаго ж я засмуціўся? Ну нібыта ж толькі цешыцца выпадае!
Ну што ж, вось вам два моманты, на якія варта зьвярнуць увагу.
Па-першае, давайце, урэшце, скажам гэта ўголас: калі хтосьці гаворыць па-беларуску — гэта яшчэ не азначае, што гэтаму чалавеку трэба верыць і прыслухоўвацца да яго. Па-беларуску размаўляюць сёньня ня толькі высокамаральныя, годныя і шляхетныя інтэлектуалы, але й людзі папрасьцей, а нават і апошнія гаўнюкі і маральныя прасталыткі.
Вунь беларусафобка Бондарава — і тая навучаецца на беларускім філфаку. І што, на руках яе цяпер насіць?
Прарасейская актывістка і беларусафобка Вольга Бондарава. Фота з сацыяльных сетак
А таму, пры ўсёй павазе да роднае мовы, зьвяртайце ўсё-ткі найперш увагу на тое, што чалавек кажа, а не ў якой мове гаворыць.
Прывітаньне чэскім адраджэнцам!
Ну і другі момант, які лягічна выцякае зь першага. Вы глядзелі нашумелы ролік Варламава цалкам? Пасьля беларускамоўнага анонсу, які блогер, дарэчы, патлумачыў уласным крызысам сярэдняга веку, ідзе больш за дзьве гадзіны расейскай інфармацыйнай павесткі.
Усё геніяльна і проста: чатыры сказы па-беларуску — і ўсё, можаш далей спакойна заліваць беларусам — што ўнутры краіны, што ў эміграцыі — пра Кадырава і Шамана, скрадзены мост у Разані і піцерскую шавуху з кока-колай. Нахалеру вам, беларусы, свая ўласная беларуская інфармацыйная павестка — вось вам расейская з танюпасенькім налётам вашай правінцыйнай «шараваршчыны»! Жуйце — не абляпайцеся!
Гледачы на канцэрце, прысьвечаным Дню Расеі. Менск, 2022 г. Фота: «Минск-Новости»
==
Калі прыехаў быў зь беларускай мяжы ў Варшаву, у Тэлеграме адгукнулася сяброўка зь Менску. Спытаў у яе пра тое, ці зьмянілася сталіца за апошнія чатыры гады. Адказала: «Вельмі шмат расейцаў. Ня ведаю, што гэта будзе. Альбо ўжо ёсьць... Страшна».
А цяпер вось прачытаў навіну: у Берасьце прыехаў яшчэ адзін папулярны расейскі блогер і музыка, які мае 4 мільёны падпісантаў у ТыкТоку — Іван Золо, тысяча падлеткаў сустракалі яго авацыямі.
Як вам? Усё яшчэ весела? Чакаеце наступны выпуск Варламава?
Валера Руселік, Budzma.org