Уладзімір Някляеў: «Ягоным сэрцам была Беларусь»

«Не стала Янкі Запрудніка. Чалавека, сэрцам якога была Беларусь. Ён пры жыцці стаў легендай беларускай эміграцыі», — піша Уладзімір Някляеў на сваёй старонцы ў Фэйсбук.


39.jpg
Фота: з Янкам Запруднікам і Вітаўтам Кіпелем

«Ягоны наробак у культуры, літаратуры, гісторыі вялічэзны. Не кожнаму падняць. А для мяне ён назаўсёды застанецца найперш паэтам, які выдаў кнігу вершаў у 91 год! Такога ў сусветнай паэзіі і да яго не было, і пасля яго наўрад ці будзе.

Гэта што да паэзіі.

А вось тое, што да палітыкі .

Калі ў адзін з ягоных прыездаў у Беларусь мы ўтрох, з намі Генадзь Бураўкін, разважалі, што зрабіць, каб пры антыбеларускай уладзе захаваць Беларусь, ён казаў і казаў: 

«Канфлікт вам нічога не дасць. Пры канфлікце сітуацыя не палепшыцца, а пагоршыцца. Бо надта няроўныя сілы. Таму не пакідайце спробаў на ўладу паўплываць». 

Было гэта тады, калі і Бураўкін, і я яшчэ мелі такую магчымасць. Калі Лукашэнка на сустрэчы з пісьменнікамі казаў: «Не будзеце ўплываць вы, будуць уплываць іншыя».

Не ўпэўнены, што з гэтага нешта магло выйсці. Але калі азіраюся на далейшае (аж да сённяшняга) развіццё падзей, дык параду спадара Янкі згадваю ўсё часцей.

Апошні раз сустрэліся два гады таму ў Нью-Ёрку. Гаварылі пра культурную катастрофу ў нашай Айчыне.

Калі развітваліся, ён сказаў: «Маю надзею, што пабачымся ў Беларусі, у якой любяць сваю мову і сваіх паэтаў...»

Яго не стала.

Надзея засталася».