26 траўня ў Нью-Ёрку адышоў у лепшы свет Янка Запруднік, патрыярх беларускай дыяспары, доктар гісторыі, палітолаг, літаратар і публіцыст, сябра Рады «Бацькаўшчыны» ад I З’езду беларусаў свету (1993). Яму было 95 гадоў.
Янка Запруднік
Паводле ўласнага прызнання доктара Янкі Запрудніка, і сэнс, і мэту жыцця ён сам для сябе бачыў адно ў беларускай справе і службе беларускаму народу. Але гэтыя словы падаюцца лішнімі, нават беглы позірк, кінуты на малую долю ягонага даробку, моцна ўражвае.
Сям’я Запруднікаў: дачка Ніна, жонка Оля (Харытончык), Янка Запруднік, дачка Вера. 1967
Ля помніка савецкім салдатам, што загінулі ў вайне з немцамі. У спісе Янкаў бацька Мікалай Сьцяпанавіч Вільчыцкі. Мір, 1995
Янка Запруднік пакінуў Беларусь у 40-х гадах, і з гэтага часу ягоны жыццяпіс нагадвае энцыклапедыю самых разнастайных і паспяховых формаў беларускай нацыянальнай актыўнасці ў замежжы. Працуючы на шахтах у Вялікабрытаніі, ён зрабіўся актыўным удзельнікам Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі і браў удзел у выданнні часопіса «Наперад!». Навучаючыся на гістарычным факультэце ў Лювенскім універсітэце, быў старшынёй Беларускага студэнцкага згуртавання ў Лювене.
Янка Запруднік стаяў ля вытокаў «Радыё Свабода» (тады — беларускай секцыі радыёстанцыі «Вызваленне») і быў галоўным рэдактарам славутай газеты «Беларус». Быў сябрам Беларуска-Амерыканскага Задзіночання і ўваходзіў у Прэзідыюм Рады БНР. Спалучаючы журналісцкую працу з навуковай дзейнасцю, у 1969-м годзе ён атрымаў ступень доктара гістарычных навук у Нью-Ёркскім універсітэце і чытаў лекцыі па гісторыі Беларусі ў Куінс-каледжы Нью-Ёркскага ўніверсітэту, а таксама Калумбійскім і Ратгерскім універсітэтах. Выдаваў англамоўны бюлетэнь «Facts on Byelorussia».
Ад 1974 года ўваходзіў у склад рэдакцыйнай калегіі «Запісаў» Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, браў удзел у безлічы кангрэсаў беларусістаў і з’ездах беларусаў свету, напісаў дзясяткі кніг (бібліятэка «Бацькаўшчыны» мела гонар выдаць дзве з іх — «Па гарачых слядах мінуушчыны: мае лісты 1952–1959 гг.» і «Кантакты»). Падаецца, што гэты пералік можна працягваць і ўдакладняць драбнейшымі справамі і дасягненнямі бясконца.
На кафэрэнцыі ў Іслачы: Вячаслаў Рагойша, Янка Запруднік, Алег Лойка. 1994
«Бацькаўшчына, калі любіш яе й застаешся на ейнай арбіце, вяртае тваю любоў памножанай», — такія словы доктар Янка Запруднік пакінуў у падарожных нататках падчас наведвання Радзімы ў 2016 годзе.
Няхай гэтыя простыя словы мудрага чалавека сёння абадзёраць тых, хто ў няпросты для краіны час гатовы ўпасці ў адчай, а ягоны лёс, поўны нястомнай працы на карысць беларускай культуры, стане прыкладам і арыенцірам.
У Мінску: Васіль Якавенка, Яўген Лецка, Сяргей Карніловіч, Янка Запруднік. 1991.
З падарункам для Беларускай місіі ў ААН у асобе яе шэфа Генадзя Бураўкіна. Пачатак 1990-х
На З’ездзе беларусаў свету: Алена Макоўская, Генадзь Бураўкін, Янка Запруднік. Мінск, 2005.
На прэзэнтацыі кнігі “Кантакты” ў Мінску, 2016 год
Супольнасць беларусаў свету «Бацькаўшчына» смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні сваякам, блізкім і калегам Янкі Запрудніка, а таксама ўсім, хто яго ведаў.
Пачытайце гутарку з Янкам запруднікам, запісаную ў 2019 годзе:
Янка Запруднік: “Гарантам незалежнасці павінен быць кожны грамадзянін”
Інфармацыйны цэнтр Супольнасці беларусаў свету «Бацькаўшчына»