Не дыскрэдытуйце Глыбокае! Пісьменнік Віталь Воранаў напісаў адкрыты ліст да мясцовых уладаў

17.03.2014 У краіне

Шаноўнае спадарства,

З газеты „Веснік Глыбоччыны” мне стала вядома, што у межах падрыхтоўкі да 600-годдзя Глыбокага, у мястэчку плануецца ўсталяванне адрэстаўраванага помніка Леніна.

Як патрыёт сваёй малой радзімы, адданы добраму імені горада і раёна, выказваю глыбокае абурэнне цынічнай ініцыятывай, накіраванай на ўшанаванне заснавальніка найбольш крывавага рэжыму ва ўсёй гісторыі заходняй цывілізацыі.

Лічу абсалютна непрымальным узвядзенне помніка лідара бальшавіцкага тэрору, які неканстытуцыйным шляхам захапіў уладу ў суседняй дзяржаве, утапіў яе ў грамадзянскай вайне, знішчыў усю эліту блізкага нам, рускага народу, а пазней прывёў да разарвання Беларусі на дзве часткі, і запусціў у дзеянне сістэму, якая пазбавіла жыцця мільёны людзей.

Цалкам незразумелым для мяне з’яўляецца жаданне ўсталяваць помнік Леніну менавіта на зямлі, якая ўздоўж і ўпоперак усеяная целамі ахвяр чырвонага тэрору, у горадзе ў якім складана знайсці сям’ю, у якой хтосьці не быў закатаваны, расстраляны, або дэпартаваны спадкаемцамі палітычнай сістэмы заснаванай менавіта Ленінам.

Улічваючы тое, што цэнтральную частку Глыбокага займаюць царква і касьцёл, а большасць глыбачан адносіць сябе да адной з хрысціянскіх канфесій, уганараванне ў нашым горадзе паслядоўнага бязбожніка, знішчальніка хрысціянскай веры, святароў розных канфесій і помнікаў хрысціянскай архітэктуры, было б праявай маральнага дзікунства.

Злачынная дзейнасць Леніна дакладна пацверджаная шматлікімі айчыннымі і замежнымі гісторыкамі, а ў некаторых краінах блізкага і далёкага замежжа абавязвае афіцыйная забарона камуністычнай сімволікі.

У сувязі з гэтым, заклікаю ініцыятараў гэтай справы перагледзець прынятыя пастановы, дзеля прадухілення поўнай дыскрэдытацыі ў вачах глыбачан, усіх беларусаў і гасцей нашага горада. Замест гэтага заахвочваю працягнуць станоўчую тэндэнцыю па ўшанаванні памяці пра славутых землякоў Глыбоччыны.

Віталь Воранаў

* * *
Віта́ль Во́ранаў (18 сакавіка 1983, Мінск) — беларускі перакладчык, літаратар, выдавец, публіцыст і ўніверсітэцкі выкладчык.

Вучыўся ў школе № 2 у Глыбокім (1991—1995). У 1996 разам з бацькамі эміграваў у Польшчу.

Сузаснавальнік і старшыня Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў Познані. Заснавальнік выдавецтва «Белы крумкач». Адзін з рэдактараў літаратурнага часопісу «Паэтычныя Сшыткі» (Гнезна, Польшча).

Перакладае з англійскай, чэшскай і польскай моў. Пераклаў на беларускую «У чаканні Гадо» Сэмюэла Бекета, «Віня-Пых» Алана Мілна. Піша прозу і палемічныя артыкулы, якія друкуюцца у літаратурных часопісах і беларускай перыёдыцы.

westki.info  

Тэгі: