Энтузіясты стварылі матывацыйны ролік, у якім за адну хвіліну распавялі тыповую гісторыю драўлянага дома свайго горада. Такім спосабам аўтары імкнуцца звярнуць увагу на знішчэнне гарадской драўлянай архітэктуры.
Адна з гістарычных асаблівасцяў Гомеля – традыцыйная драўляная архітэктура, якая з’яўляецца адной з самых цікавых у Беларусі. У пачатку мінулага стагоддзя горад на дзевяноста адсоткаў быў драўляным. Сёння гістарычных будынкаў з гэтага матэрыялу засталося вельмі няшмат.
Большая частка была знесена зусім нядаўна пад жыллёвыя патрэбы горада. Аўтэнтычны выгляд псуюць і самі гаспадары, якія часта абшываюць будынкі сайдынгам, здымаюць унікальны разьбяны дэкор, каб усталяваць вокны з ПВХ. З тысяч драўляных будынкаў, якія з’яўляліся часткай старога горада, у арыгінальным выглядзе захаваліся адзінкі.
Па словах аўтараў роліка, у гамяльчан сёння назіраецца дзіўная мода на пластык, хоць яго перавагі перад дрэвам невідавочныя. А ў эстэтычным плане выкарыстанне гэтага таннага матэрыялу ператварае арыгінальны архітэктурны твор у цалкам безаблічную пабудову. Сайдынг – гэта хутчэй для многіх ўмоўны паказчык заможнасці, хоць і вельмі сумніўны.
Для ўстаноўкі сучасных вокнаў зусім не абавязкова знішчаць унікальны разьбяны дэкор. Сёння існуе сапраўды багаты выбар розных вокнаў, якія могуць быць стылізаваныя пад эстэтыку старога драўлянага дома і ў той жа час адпавядаць патрэбам сённяшняга дня. Менавіта таму аўтары роліка паспрабавалі паказаць прыгажосць драўлянага будынка і заклікалі гаспадароў такіх дамоў «не хаваць гісторыю пад пластыкам».
Над відэа працавалі: гісторык і рэжысёр Марыя Булавінская, архітэктар і краязнаўца Сяргей Ляпін, дызайнер-аніматар Раман Горлінскі. Па пытаннях навуковай рэканструкцыі дома аўтараў роліка кансультаваў навуковы супрацоўнік філіяла Веткаўскага музея стараабрадства і беларускіх традыцый Андрэй Скідан.
Прататыпам дома для рэканструкцыі паслужыў гомельскі дарэвалюцыйны будынак на вуліцы Гагарына, 11. Яго гісторыя вельмі характэрная для шматлікіх драўляных дамоў. Таксама на фоне дома на відэа можна ўбачыць фатаграфіі гамяльчан розных часоў.
Працяг сваёй работы па папулярызацыі драўлянай архітэктуры Гомеля аўтары роліка бачаць у работах па рэстаўрацыі драўляных дамоў. Яны запрашаюць аматараў даўніны далучыцца да бліжэйшай ініцыятывы, якая прадугледжвае аднаўленне гістарычнага фасада аднаго з гомельскіх дамоў. Усе работы будуць весціся ў траўні-чэрвені пад кіраўніцтвам Андрэя Скідана.