Чым сёння жыве адзіная ў краіне лютэранская кірха.
Лютэранства — адна з традыцыйных для нашай краіны канфесій. У Гродне, напрыклад, яно з’явілася яшчэ пры каралі Станіславе Аўгусце Панятоўскім, які ў 1793 годзе запрасіў сюды майстроў з Германіі. Разам з імі на землі Заходняй Беларусі трапілі ідэі лютэранства — рэфармаванай царквы. А пачалося ўсё з Марціна Лютэра, які прыбіў да дзвярэй касцёла свае знакамітыя 95 тэзісаў, у якіх, сярод іншага, выступаў за адмену індульгенцый, за тое, каб набажэнствы вяліся на зразумелай прыхаджанам мове. Ідэі былі падхоплены, бо адпавядалі настроям часу, і Рэфармацыя закрочыла па свеце. У Беларусь яна прыйшла найперш з кальвінізмам, які распаўсюджваў Мікалай Радзівіл Чорны. Менавіта на час Рэфармацыі ў нашай гісторыі прыпадае «залаты век» Беларусі. Даўнія часы прамінулі, многае змянілася. Што сёння засталося ад таго лютэранства?..
Сустракаюцца ў Беларусі лютэране і сёння, праўда, іх няшмат. Раней у кожным абласным горадзе працаваў адзін ці некалькі лютэранскіх храмаў — кірхаў. На сёння іх засталося толькі тры, аднак нават яны не выкарыстоўваюцца па сваім непасрэдным прызначэнні. У брэсцкай кірсе раней размяшчаўся кінатэатр «Змена», цяпер памяшканні здаюцца ў арэнду. У Полацку ў будынку храма знаходзіцца краязнаўчы музей. І толькі адна кірха — у Гродне — выкарыстоўваецца па сваім непасрэдным прызначэнні. Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з яе пастарам Уладзімірам ТАТАРНІКАВЫМ, каб распытаць, чым жыве адзіны ў сваім родзе храм.
Адметна, што гэты пастар вельмі малады — яму ўсяго 29 гадоў, і гэта пры тым, што свой сан ён атрымаў 6 гадоў таму. Яго добра ведаюць гарадзенцы, нават не прыхаджане. Да пастара можна папросту зайсці на гарбату, пагутарыць пра жыццё і шчыра пасмяяцца. Ён адкрыты для кожнага, як і яго кірха.
«Мэблю, люстры, арган… забралі для партыйных кабінетаў»
Пастар расказаў, што храм з’явіўся ў 1793 годзе, аднак з таго часу неаднаразова перабудоўваўся, бо прыход рос. Лютэранская супольнасць у Гродне ў той час складалася з немцаў, якія валодалі тут фабрыкамі, заводамі, — гэта былі забяспечаныя людзі, якія шмат дапамагалі ў будаўніцтве і аздабленні храма.
Тая кірха, якую мы бачым сёння, была пабудаваная ў 1912 годзе, у стылі неаготыкі. Храму належаў таксама дом пастара — цяпер у ім знаходзяцца жылыя кватэры. Меліся і храмавыя могілкі, аднак пасля вайны на іх месцы пабудавалі дзіцячы садок.
З моманту пабудовы храма ў пачатку XX стагоддзя ён моцна пацярпеў — спачатку праз Першую сусветную, пасля Вялікую Айчынную войны. У 1941 годзе Сталін выдаў указ аб дэпартацыі ўсіх людзей нямецкага паходжання — іх вывозілі ў Сібір. А храм было загадана забраць на карысць абласнога архіва, які неўзабаве сюды завезлі.
Такім чынам, з 1944 па 1993 год у гарадзенскай кірсе знаходзіўся архіў. Мэблю, люстры, арган, што меліся тут, загадалі забраць для залы пасяджэнняў гарсавета, партыйных кабінетаў і філармоніі. Усё, што знаходзілася ў храме, было забрана. Да сённяшняга дня невядома, дзе ўсё гэта знаходзіцца. Старажылы кажуць, што арган быў разабраны і разбураны, бо ў той час уся ўвага была сканцэнтравана на аднаўленні краіны пасля вайны, а справа захавання культурных каштоўнасцей мала каго хвалявала. Магчыма, арган быў проста знішчаны надвор’ем.
Ні люстры, ні мэблю, ні агароджу, якая стаяла вакол кірхі да 1970 года, адшукаць не ўдалося. Нават не захавалася архіўных дакументаў, якія б сведчылі пра ўнутранае аздабленне. Магчыма, каштоўныя прадметы былі вывезеныя нямецкімі салдатамі падчас вайны ці знаходзяцца ў нейкіх іншых архівах, прыватных калекцыях. Некаторыя старыя рэчы прыносяць людзі, аддаюць кірсе.
З аўтэнтычнага аздаблення храма, якое ўсё-такі захавалася, — гадзіннікавы механізм 1913 года, звон 1912 года (падарунак ад праваслаўнай царквы лютэранскай грамадзе), купель, дзе адбываецца хрышчэнне, і алтарныя бакавыя вітражы.
«Шпіль аднавілі па старых фотаздымках»
Сучасная гродзенская лютэранская абшчына аднавілася ў 1993 годзе. У 1995-м ім у карыстанне быў перададзены будынак кірхі. За гэтыя 20 гадоў абшчына змагла правесці невялікі рамонт унутры храма. Знайсці фінансаванне для рэстаўрацыі фасада было вельмі складана. Аднак зрабіць гэта давялося, бо грунтавыя воды падточвалі сцены храма, да таго ж побач пабудавалі фабрыку, з прычыны чаго ў сценах царквы з’явіліся трэшчыны. Аднак гэтым летам, дзякуючы падтрымцы ўлад, прыватнага бізнесу, у кірсе была завершана рэстаўрацыя.
З часоў аднаўлення храма ў 1912 годзе да сённяшніх дзён ён дайшоў істотна змененым. Быў страчаны самы галоўны элемент — шпіль. Ёсць тры версіі таго, як гэта адбылося. Першая — у ім падчас вайны сядзеў снайпер або кулямётчык, і таму шпіль збілі. Другая — ён быў вышэйшы за праваслаўны Пакроўскі сабор, таму яго «падкарацілі». Трэцяя — за часам атэізму храм павінны былі знесці, таму зрэзалі шпіль. Яго аднавілі па старых фотаздымках, якіх захавалася дастаткова. Усяго ж на кірсе 10 шпіляў. Усе яны набылі завершаны выгляд, для кожнай адлілі свой крыж.
Пастар адзначае, што раней у кірсе было шмат ляпніны. Неаготыка бярэ не золатам, а архітэктурнай прыгажосцю — усё даволі строга, але прыгожа. Перад рэстаўратарамі стаяла задача перадаць гэта. Правялі хіміка-фізічнае даследаванне, якое дапамагло ўстанавіць першапачатковы колер храма. Аказалася, што кірха была бела-шэрай. Яе патынкавалі, і яна набыла менавіта такі колер. Былі вырашаны і першачарговыя задачы — прыбралі грунтавыя воды, якія падточвалі падмуркі, ліквідавалі ўсе трэшчыны.
«Гучыць арган, іграюць класіку»
Паступова стала вяртацца і ўнутранае аздабленне храма. З Германіі ў дар сюды прывезлі лаўкі. А ў мінулым годзе быў набыты арган, які яшчэ больш абудзіў жыццё лютэранскай грамады.
Цяпер тут рэгулярна праходзяць канцэрты арганнай музыкі. У ліпені ўпершыню быў праведзены першы міжнародны фестываль арганнай і камернай музыкі. Плануецца, што ён стане штогадовым. Было вельмі нечакана, заўважае пастар, што шмат музыкаў з розных краін самі пажадалі паўдзельнічаць у ім.
Арганныя канцэрты ў гарадзенскай кірсе ладзяцца ледзь не кожную суботу. З іх раскладам можна азнаёміцца на сайце luther.by. Часам гучыць не арган, а, напрыклад, віяланчэль і скрыпка, фартэпіяна. У хуткім часе чакаюць выканаўцаў з Францыі, Даніі, Германіі і Фінляндыі.
Пастар заўважае, што на іх канцэрты прыходзіць вельмі шмат моладзі. Можна ўбачыць нават прадстаўнікоў нефармальных плыняў (панкаў, готаў), якіх на звычайных канцэртах класічнай музыкі наўрад ці сустрэнеш. Прыходзіць шмат дзяцей, маладых сем’яў.
У кірсе выдатная акустыка. Пераўзыходзіць яе ў гэтым толькі Каложская царква, у сценах якой замураваны галаснікі.
«Працаваць па наканаванні»
На нядзельныя службы ў кірху рэгулярна прыходзіць каля 60 прыхаджан. Часта з’яўляюцца новыя людзі. На пытанне, як у такім маладым узросце стаў пастарам, Уладзімір Татарнікаў адказвае, што кожны чалавек павінен ісці працаваць па наканаванні. Важна, каб падабалася тое, чым займаешся. А калі гэта яшчэ і карысць прыносіць, увогуле выдатна. Пастар, напрыклад, ганарыцца тым, што пры ім адбылася рэстаўрацыя кірхі, бо гэта быў няпросты працэс дыялогу са спонсарамі.
Уладзімір Татарнікаў нарадзіўся ў Вілейцы, скончыў школу ў Віцебску, потым паступіў у тэалагічную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу, адкуль быў накіраваны пастарам у Гродна. Адукаваных лютэранскіх святароў не хапае, адзначае ён. Да прыходу Уладзіміра гродзенская лютэранская грамада развівалася сама па сабе, не маючы таго, хто б яе ўзначаліў.
Касцёл, царква, сінагога і кірха…
Можна марыць пра тое, што аднойчы і полацкая, і брэсцкая кірхі адродзяцца. Малады пастар кажа:
— Вопыт паказвае, што будынкі павінны выкарыстоўвацца па сваім непасрэдным прызначэнні. Калі гэта храм, у ім не могуць размяшчацца фірмы ці музей. Для музеяў трэба будаваць свае будынкі. А храмы створаны для таго, каб у іх ладзіць малітвы, праводзіць набажэнствы. Тое ж і з арганам. Калі ён выкарыстоўваецца ў філармоніі, то чуецца і ўспрымаецца зусім іначай, чым бы гэта адбывалася ў царкве, бо яго прызначэнне — быць інструментам для храма. Тое ж і са звонам: калі яго выкарыстоўваць на якой-небудзь гарадской вежы, эфект будзе зусім іншым. Я лічу, гэта справа часу — вяртанне будынкаў кірхаў тым абшчынам, якія ёсць у іх гарадах (а яны там дзейнічаюць, толькі ў іншых памяшканнях). Ёсць людзі, якія цікавяцца лютэранствам і маюць карані ў традыцыйным пратэстантызме… Мы ганарымся тым, што мірна жывём у краіне, дзе суіснуюць розныя канфесіі. У Гродне на невялікай адлегласці дзейнічаюць касцёл, царква, сінагога і кірха — і няма падзелаў на прыватныя тэрыторыі. Трэба адраджаць, узнаўляць, захоўваць нашы каштоўнасці. І мы ганарымся тым, што занялі сваё годнае месца ў Гродне, у культурным і духоўным плане.
Ніна Шчарбачэвіч, Звязда