Буйны фэстываль электроннай музыкі пад назвай OPEN FEAST пройдзе 10 ліпеня на пляцоўцы плошчаю ў гектар непадалёк ад горада Слоніма. У ім маюць прыняць удзел прафесійныя ды-джэі з Масквы, Менску, Гомеля. Аматары змогуць пачуць электронную музыку ўсіх напраўкаў: “хаўс”, “прагрэсіў”, “электра”, “тэхна”, “дрэм-эн-бас” і “транс”.
Падобнае масавае мерапрыемства, як паведамляе “Газета Слонімская”, на полі паміж вёскамі Чамяры і Сынкавічы непадалёк ад Слоніма ладзіцца ўпершыню. Тэарэтычна яно можа сабраць да 10 тысяч чалавек з розных куткоў Беларусі ды замежжа. Арганізатары абяцаюць выдатны гук і святло, мора піва ды іншых пазытыўных уражанняў. Музычнае свята будзе працягвацца ад заходу да світання, а менавіта ад 21-й увечары 10 ліпеня да 9-й раніцы 11 ліпеня. Квіткі на фэст электроннай музыкі будуць каштаваць 20 тысяч рублёў, па флаерах – 15 тысяч. Будзе таксама арганізаваны даезд з аўтавакзалу Слоніма да фестывальнай пляцоўкі.
Тэгі: Слонім