Кінажурналістыка амаль ніяк не звязаная са светам спорту, але мала хто ведае, што і тут існуюць свае штогадовыя міжнародныя спаборніцтвы. Галоўнае з іх — гэта публічнае і заліхвацкае ганьбаванне амерыканскай прэміі «Оскар» за прадказальнасць і палітызаванасць, якая, маўляў, не цікавіць асноўную масу гледачоў, але працягвае выклікаць жорсткія спрэчкі і дэбаты ў медыях і сацыяльных сетках. Грымучая сумесь, у якой змяшаныя завышаныя чаканні і татальнае расчараванне ад выніку, застаецца асноўным палівам драматургіі галівудскай падзеі.
І 93-я цырымонія «Оскара», перанесеная з прычыны каранавіруса з канца лютага на канец красавіка, недалічыўшыся многіх прэм’ер, не стала выключэннем з правілаў, бо галоўныя ўзнагароды атрымалі прагназаваныя экспертамі намінанты. Так стужкай года, якая таксама атрымала прыз за найлепшую рэжысуру і найлепшую актрысу, стала драматычнае роўд-муві «Зямля качэўнікаў» амерыканскай рэжысёркі кітайскага паходжання Хлоі Чжаа.
Віктар Марціновіч: Што беларусу — завядзёнка, амерыканцу — «Оскар»
Гэта гісторыя пра 60-гадовую беспрацоўную Ферн, якую грае ўжо чатырохразовая ўладальніца «Оскара» Фрэнсіс Макдорманд, прадзюсарка і актрыса з валявым характарам. Пасля смерці мужа і банкруцтва мясцовага завода па вытворчасці гіпсакардону, жанчына прадае ўсю маёмасць і адпраўляецца на старэнькам мікрааўтобусе ў бясконцую паездку па заходняй частцы ЗША ў пошуках працы і лепшай долі. Знятая на мяжы жанраў гульнявога і постдакументальнага кіно, у якім грае мноства непрафесійных актораў, «Зямля качэўнікаў» дэманструе гібель амерыканскай мары пра сям’ю і ўласны дом, паказваючы працяг жыцця сярод яе рэшткаў. Стужцы ўдалося ухапіць нерв часу, калі праз праблемы ў эканоміцы старое жыццё гіне, а новае ўжо няма часу і сілаў будаваць. Падзеі разгортваюцца ў 2011 годзе, на хвалі праблем з сусветным эканамічным крызісам 2008 года, але калі праігнараваць гэтыя тытры, гісторыя нагадае пра сённяшні свет глабальнай пандэміі, які пазбавіў мільёны людзей па ўсім свеце блізкіх і паставіў іх на мяжу выжывання.
Менавіта пераканаўчасць формы і ўніверсальнасць мэсіджу дапамаглі «Зямлі» перамагчы чорна-белую рэтраспектыўную драму «Манк» Дэвіда Фінчэра — галівудскі апокрыф пра стварэнне сцэнара «Грамадзяніна Кейна», найлепшага фільма ўсіх часоў і народаў паводле версіі кінапрафесіяналаў розных пакаленняў, і балбатлівы юрыдычны трылер «Суд над чыкагскай сямёркай» Арана Соркіна, у якім расказваецца пра расправу амерыканскага ўрада ў 1968 годзе над лідарамі леварадыкальных партый, што выступалі супраць вайны ў В’етнаме.
Менавіта такі вынік дапамог амерыканскім акадэмікам яшчэ раз даказаць усім скептыкам, што Галівуд, маючы шмат унутраных, выключна нацыянальных праблемаў, здольны рухацца у будучыню, да пераменаў, нават калі гэта не падабаецца кансерватыўнай частцы аўдыторыі. А «Оскар» застаецца не лакальнай, а міжнароднай культурнай з’явай, якая мае моц узнагароджваць не белых мужчын, а жанчыну (Хлоя Чжаа — другая кінематаграфістка пасля Кэтрын Бігелоў, прызнаная найлепшай рэжысёркай за ўвесь час існавання прэміі), якая прыехала працаваць у Галівуд з іншай краіны (у дадзеным выпадку з Кітая). У гэтым сэнсе «Зямля качэўнікаў» пераймае эстафету ад мінулагодняга трыумфатара — сацыяльнай прытчы «Паразіты» паўднёвакарэйскага мастака По Чжун Хо. Іх паслядоўная перамога дэманструе ўзрослую моц азіяцкага кінематографа на кінематаграфічнай мапе свету.
Таксама сімвалічным стаўся расклад іншых пераможцаў, дзе ўзнагароды атрымалі стужкі пра герояў, што трапілі на абочыну паспяховага і камфортнага жыцця: «Гук металу» (тонкая драма пра маладога музыку-барабаншчыка (Рыз Ахмед), які ў адзін момант страціў слых), «Бацька» (непрадказальны псіхалагічны трылер пра брытанскага пенсіянера (Энтані Хопкінс), які страчвае памяць праз хуткую дэменцыю), «Мінары» (кранальная меладрама пра мігрантаў з Карэі, якія няўдала спрабуюць разбіць уласны сад у амерыканскай глушы), «Дзяўчына, што падае надзеі» (эксперыментальны камедыйны трылер пра жанчыну (Кэры Міліган), якая помсціць гвалтаўнікам за найлепшую сяброўку, што стала ахвярай згвалтавання), «Іуда і чорны месія» (біблейская па змесце гісторыя здрады і забойства ў 1967 годзе Фрэда Хэмптана, старшыні ілінойскай суполкі партыі «Чорных пантэр»).
Менавіта актуальнасць тэмаў у адзначаных статуэткамі стужках стала галоўнай перамогай сёлетняй кінапрэміі, якую праз амаль поўную адсутнасць блакбастараў сярод намінантаў праігнараваў масавы глядач (цырымонію глядзела больш за 10 млн гледачоў, што значна менш у параўнанні з мінулагоднімі паказчыкамі). Але нягледзячы на гэтую паразу, «Оскар» працягвае трымаць марку найбольш прагрэсіўнай кінападзеі ў міжнароднай кінематаграфіі.
Тарас Тарналіцкі, budzma.by