«Оскар»’24. Паміж актуальнасцю і кансерватызмам

У свеце міжнародных кінападзей не існуе большага раздражняльніка, чым прэмія Амерыканскай кінаакадэміі. Пра асаблівасці сёлетняга «Оскара» піша кінакрытык Тарас Тарналіцкі.


«Oskar»24

Кансерватараў з правымі поглядамі бянтэжыць, па іх меракаванні, залішняя апантанасць кінематаграфістаў пытаннямі паліткарэктнасці і жаданнем адлюстраваць гендарную і расавую разнастайнасць у мастацтве. Больш прагрэсіўных левых — наадварот, інертнасць і маруднасць Кінаакадэміі да трансфармацый, якія ўжо адбыліся ў амерыканскім грамадстве.

Вядома, што ўсім за раз не дагодзіш, але сёлета маятнік кінематаграфічных густаў адчувальна змясціўся ў правы бок.

У канкурэнцыі паміж стужкамі пра жаночую эмансіпацыю і агульны феміністычны наратыў, за які адказвалі актывісцка-сатырычны блакбастар «Барбі» Грэты Гервіг і смешная фантасмагорыя з вольнымі норавамі «Бедныя-няшчасныя» Ёргаса Лантымаса, безапеляцыйна перамагло старамоднае кіно «Опенгеймер» Крыстафера Нолана. Стужка пра амерыканскіх фізікаў, што стварылі нашу нервовую рэчаіснасць з Халоднай вайной і трапятаннем перад ядзернай зброяй, з 13 намінацый атрымала 7 статуэтак у галоўных і тэхнічных катэгорыях (найлепшы фільм, рэжысура, актор першага і другога плана, аператарская праца і г. д.).

Postar fiĺma «Opienhiejmier»
 Постар фільма «Опенгеймер»

Стваральнік наватарскіх, падчас занадта інтэлектуальных блакбастараў, брытанскі франт у касцюме-тройцы Нолан з трэцяй спробы (пасля «Inception» і «Дзюнкерку») скарыў сэрцы кінаакадэмікаў сваім самым простым і шматслоўным фільмам. Шмат у чым дапамог аўтару і сучасны знешнепалітычны кантэкст вайны ва Украіне. Як выявілася, заявы Уладзіміра Пуціна пра магчымасць ужывання ядзернай зброі працуюць эфектыўней, чым студыйныя маркетолагі праекта. Халодная велічнасць, адшліфаванасць візуальнай формы і трывожная актуальнасць «Опенгеймера» не пакінулі шанцаў іншым праектам да шчырай канкурэнтнай барацьбы.

Але сказаць, што пагроза чарговай сусветнай вайны цалкам акунула кінаакадэмікаў у кансерватыўны вайб, таксама нельга. Гістарычны трылер пра генацыд індзейцаў «Забойцы Кветкавага Месяца» Марціна Скарсэзе «Оскар» цалкам праігнараваў, што за доўгі творчы шлях жывога класіка «Новага Галівуда» адбываецца ўжо не першы раз. Важнасць прызнання адказнасці нацыі за жахлівыя памылкі мінулага, якая невербальна падымаецца Скарсэзе, не пераважыла заўважную акадэмічнасць формы яго праекта.

Куды больш авангардна і нетыпова выглядала ў конкурсе кіно ад замежных — еўрапейскіх і азіяцкіх — аўтараў.

Канцэптуальны фільм «Зона інтарэсаў» яшчэ аднаго брытанца Джонатана Глэйзера пра масавыя забойствы габрэяў у канцлагеры Аўшвіц, вычварны фестывальны блакбастар «Бедныя-няшчасныя» грэка Ёргаса Лантымаса і псіхалагічны дэтэктыў «Анатомія падзення» францужанкі Жусцін Трые пра судовую сістэму Францыі і трагічнасць сямейнага жыцця двух амбітных людзей сумарна сабралі 7 «Оскараў».

Sandra Chiulier u fiĺmie «Zona intaresaŭ»
Сандра Хюлер у фільме «Зона інтарэсаў». Фота: A24

Яскрава прадэманстравалі сябе японскія кінематаграфісты. У візуальных эфектах нечакана на лапаткі ўсіх паклалі спецыялісты такійскай студыі Toho з фантастычным фільмам «Гадзіла: Мінус адзін». Як бачна, каб ствараць якаснае і пераканаўчае кіно, неабавязкова мець галівудскія бюджэты. Тое ж адбылося і з анімацыяй, дзе перамогу атрымала аўтарская, а не прадзюсарская праца — квазібіяграфічная казка «Хлопчык і чапля» Хайа Міядзакі. Сусветна прызнаны майстар казачнага анімэ на цалкам дарослыя тэмы атрымаў свой другі «Оскар» пасля трыумфу ў 2001 годзе «Знесеных прывідамі».

Справядлівая перамога ў дакументальнай секцыі напаткала і ўкраінскіх аўтараў — «20 дзён у Марыупалі» Мсціслава Чарнова. Відэограф Associated Press коштам свайго здароўя і нерваў сваёй сям’і зафіксаваў першыя дні акупацыі расійскімі войскамі вясной 2022 года прыфрантавога Марыупаля. Сукупнасць унікальнага матэрыялу, што стаў сапраўдным кінадакументам вайсковых злачынстваў, з эмацыйнай насычанасцю гісторый людзей, патрапілых у жорны вайны, перадвызначыла атрыманне «Оскара» для «20 дзён у Марыупалі».

Mscislaŭ Čarnoŭ (u centry)
Мсціслаў Чарноў (у цэнтры). Фота: Photo by Mike Coppola/Getty Images


Можна спрабаваць пераконваць, што кінаакадэмікі чарговы раз кіраваліся палітычнымі, а не мастацкімі чыннікамі. Але варта быць шчырымі — іншыя фільмы ў шортлісце выглядалі бледна, а так эмацыйна і пераканаўча пра вайну на масавую аўдыторыю не распавядаў ніводзін з украінскіх фільмаў за ўсе дзесяць год, што трывае канфлікт. Галоўнае, каб мастацтва дапамагала Украіне ўтрымліваць свае праблемы на фронце ў фокусе ўвагі сусветнай супольнасці.

А з гэтым ёсць адчувальныя праблемы, і не толькі праз маруднасць бюракратыі заходніх краін.  Вялікую свінню ўкраінцам падкінулі сёлетнія аргазінатары Оскара — The Walt Disney Company Limited – прыбраўшы момант ўзнагароджання стваральнікаў фільма і моцную прамову Чарнова са скарочанай тэлевізійнай версіі цырымоніі. Не зразумела навошта было ствараць скандал на роўным месцы. Тым больш, у мінулым годзе, калі ўзнагароду атрымаў амерыканскі фільм Даніэла Раэра “Навальны”, прамову Юліі Навальнай, жонкі на той момант яшчэ жывога расійскага апазіцыянера, у тэлеверсіі не чапалі. Вось так і ўзнікаюць на роўным месцы тэорыі змовы праз відавочную неахайнасць адказных людзей.


Канешне, сёлетні «Оскар» нельга назваць эталонна прагрэсіўным, якім ён быў некалькі год запар. Але ў крызісныя часы, якія сёння перажываюць дэмакратычныя краіны Захаду і Азіі, часовы адкат да кансерватыўных каштоўнасцяў і факусаванне на больш актуальных праблемах заходняй цывілізацыі не выглядае вялікай паразай і нагодай для алармізму. Ва ўсялякім разе, на дадзены момант.

Тарас Тарналіцкі, Budzma.org

Чытайце яшчэ:

Ад змрочных трукраймаў да камедыйных роўдмуві: 10 крымінальных серыялаў на розны густ