Новы год для беларускага кіно пачаўся з дрэнных навінаў: амерыканcкая кінаакадэмія маланкава і бязлітасна дыскваліфікавала беларускую заяўку на ўдзел у сёлетняй прэміі «Оскар». Магчымасць атрымаць узнагароду ў намінацыі «Найлепшы міжнародны мастацкі фільм» страціла ваенная прыпавесць «Урокі фарсі» амерыканскага рэжысёра ўкраінскага паходжання Вадзіма Перэльмана, створаная кангламератам кінематаграфістаў з розных краін. Прычынай адмовы стаў не наш палітычны крызіс, як можна спачатку падумаць, а непахісны рэгламент самой прэміі: аўтары так і не здолелі пацвердзіць, што большая частка здымачнай групы — менавіта з Беларусі.
На гэты выпадак можна было б махнуць рукой, маўляў, знялі ж не толькі нас. Стужкі Funny boy з Канады і Listen з Партугаліі праз мноства англамоўных дыялогаў адборшчыкі таксама пазбавілі ўдзелу. І наогул, дзе Беларусь — і дзе той «Оскар». Ужо не першы год падаёмся і ўсё не можам прабіцца нават у шорт-ліст удзельнікаў. Галоўнае ж не перамога, а ўдзел!
Заўвагі трапныя, але апошняя справа — недаацэньваць логіку мясцовай бюракратыі. Гэта толькі па тэлебачанні ў нас адчайна паліваюць брудам Захад, на практыцы ж культурнае чыноўніцтва заўжды марыла пра міжнароднае прызнанне, якое, па іроніі, цяпер фактычна недасяжнае ў рамках цэнзуры творчасці і дырэктыўнага менеджменту. Непазбежна мэта здабычы амерыканскай кінапрэміі ператварылася ў своеасаблівую легенду пра Святы Грааль, які любымі сродкамі неабходна адшукаць і здабыць.
Менавіта з такімі памкненнямі студыя «Беларусьфільм» упісалася некалькі гадоў таму ў праект «Урокі фарсі», роля якой была акрэслена ў якасці тэхнічнага партнёра. Творчым працэсам кіравалі расійская студыя Hype Film и нямецкія LM Media і One Two Films, якія рэалізоўвалі сцэнар расіяніна Іллі Цофіна пра бельгійскага габрэя Жыля Крэм’е, што выдаў сябе за перса, каб выжыць у нацысцкім лагеры смерці. Ён выдумаў мову наноў, каб навучыць ёй Клаўса Коха — лагернага кухара, які хоча пасля вайны з’ехаць у Тэгеран і адкрыць там уласную рэстарацыю.
Здымкі стужкі прайшлі на беларускай натуры: на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці, дзе ў кадр трапілі каменныя муры, і ў Грушаўцы — сядзібе Рэйтанаў, прыгожую капліцу якіх можна ўбачыць два разы запар. У масавых сцэнах удзельнічалі мясцовыя жыхары, а ў мікраэпізодах можна нават убачыць нашых прафесійных актораў у нямецкай форме: Алега Вэбера і Ігара Сігава. Не забудзем і пра рэквізіт часоў Другой сусветнай, якой, як вядома, на нацстудыі захоўваецца вельмі шмат. Усім гэтым, здаецца, унёсак «Беларусьфільма» ў стварэнне «Урокаў фарсі» і абмяжоўваецца.
Рытарычнае пытанне: ці дастаткова гэтага, каб назваць кіно беларускім? Наш Нацыянальны оскараўскі камітэт палічыў, што так, але ў амерыканскіх акадэмікаў узніклі справядлівыя сумневы. На Захадзе кінематаграфісты лічаць фільм «нацыянальным», калі большая частка вытворчага бюджэту належыць мясцовым прадзюсарам. У адборшчыкаў мінскага кінафестывалю «Лістапад» шырэйшыя погляды на гэта: нацыянальным можа лічыцца фільм, «створаны беларускімі аўтарамі на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі, а таксама фільмы, знятыя замежнымі кінематаграфістамі, у цэнтры якіх — Беларусь, яе мінулае і сучаснасць». Але нават па гэтых крытэрах фільм Вадзіма Перэльмана нельга лічыць беларускім. Чаму тады ён прадстаўляе Беларусь на «Оскары»?
Адказ вельмі просты: таму што «Беларусьфільму» востра патрэбны станоўчы піяр, якога ніякім іншым чынам цяпер не атрымаць. Не свае ж ігравыя стужкі ўласнай вытворчасці на конкурс адпраўляць. Бо яны атрымліваюцца ці звышідэалагічна ангажаванымі («Не гульня», «Сляды на вадзе»), ці проста дрэнна зробленымі, так, што ў гісторыі цяжка разабрацца, як было нядаўна з экранізацыяй «Авантур Пранціша Вырвіча». Якія тут «Оскары», калі нават заахвоціць мясцовага гледача не атрымліваецца.
У гэтых абставінах студыю ратуюць капрадукцыйныя праекты, адказнасць за творчы складнік у якіх бяруць замежныя аўтары. Ім можна трохі дапамагчы рэквізітам ці арганізацыяй здымак, атрымаўшы малой крывёй прызнанне на міжнародным узроўні. Такія трукі студыя ўжо неаднаразова праварочвала: у 2012 годзе — са стужкай Сяргея Лазніцы «У тумане» і ў 2018 годзе — з фільмам «Хрусталь», калі на пэўным этапе далучалася да працэсу. Што характэрна, іх аўтары падавалі заяўкі на здымкі стужак на «Беларусьфільме», але спачатку ўсе яны атрымалі адмову па розных прычынах. У выпадку «У тумане» камісіі не спадабалася, што гэта экранізацыя Васіля Быкава, а ў «Хрусталі» спужаў час падзеяў — 90-я гады.
З «Урокамі фарсі» студыйныя і міністэрскія функцыянеры адразу зразумелі, як атрымаць з падзеі профіт. Тэма Халакосту, якой прысвечаная стужка, справядліва лічыцца ўлюбёнай сярод амерыканскіх кінаакадэмікаў: 21 фільм пра гэтую трагедыю атрымаў «Оскар», 25 былі намінаваныя. Людзі з прадзюсарскага асяродку кажуць, што рашэнне вылучыць стужку ад Беларусі ўзнікла яшчэ падчас яе стварэння. Але тады стваральнікі вырашылі спачатку стрэліць на вялікім фэсце, якім стала «Берлінале», а потым падавацца на амерыканскую прэмію.
Прасоўванне праз Беларусь выглядала кампраміснай магчымасцю, бо ў расійскім і нямецкім конкурсе на вылучэнне была больш жорсткая канкурэнцыя, а ў нашым яе фактычна не было — толькі фільм «Два» Улады Сяньковай, параза якога была прадвызначаная. Але, як бачым, здаровы сэнс аказаўся мацнейшы за хітрыя шматхадовачкі.
Наогул, тое, што «Урокі фарсі» знялі з конкурсу, не трэба разглядаць як паразу нацыянальнай кінематаграфіі. Наадварот, гэта шанец на асэнсаванне. Магчымасць усім нам, і асабліва чыноўнікам з Мінкульта, падумаць пра тое, што з’яўляецца беларускім кіно на самай справе, што мы хочам самі бачыць на экране. Пытанне толькі ў тым, пойдзе нам гэтая навука на карысць альбо будзе, як заўжды, праігнараваная.
Тарас Тарналіцкі, budzma.by