Вока Вялікага Брата на палатне з цэлафану, паганская ідалы на балоце, лабірынт у Кіеўскім скверы і ператварэнне закінутых машын у Batmobile і Spider-Man-аўто – гэта ўсё таксама стрыт-арт.
34mag разам з вулічным мастаком Mrrr паспрабавалі даказаць, што стрыт-арцеру патрэбныя не сцены і блізарукія камунальныя працаўнікі, а рух, фантазія, шанцаванне, ну і, магчыма, камера Go Pro. Бо самы эфектыўны спосаб перамагчы стрыт-арт каманды ЖЭСаў − стварыць што-небудзь больш арыгінальнае, чым тэг на сцяне. Каб даказаць гэта, мы засябравалі з мастаком Mrrr і рэалізавалі некалькі ідэй па змяненні гарадской прасторы.
1 верасня − дзень ведаў, 4:15 раніцы, 9 °C. Мы з вулічным мастаком Mrrr сядаем у таксі і едзем у раён вуліцы Мележа. У нашых торбах набор сапраўдных «high-tech вандалаў»: 11 балонаў з фарбай, 4 пары аднаразовых пальчатак, Nikon N90, камера GoPro, ноут, дыктафон, трафарэты. Па задумцы Mrrr, за наступныя дзве гадзіны наш безыменны дуэт павінен ператварыць тры закінутыя дваравыя машыны ў Batmobile, Spider-Man-тачку і Superman-аўто.
«Стрыт-артцер ў Беларусі павінен адыходзіць ад простага малявання на сценах, − чаканіць Mrrr свой творчы маніфест. − Па-першае, любы малюнак звычайна замазваюць за пару дзён. Па-другое, вулічнае мастацтва па вызначэнні павінна ўзаемадзейнічаць з максімальнай колькасцю аб’ектаў з гарадской прасторы. Новыя фарматы − гэта магчымасць выказаць сваю пазіцыю па-іншаму і здзівіць людзей». Машыны, якія падвергнуцца размалёўцы, Mrrr знайшоў загадзя. Усе яны знаходзяцца ў раёне вуліц Мележа і Янкі Купалы і ўжо даўно не падаюць прыкмет жыцця. У 4:40 раніцы, нервова азіраючыся, падыходзім да першага аб’екта − старога Масквіча, які стаіць побач з дарогай. Ступень яго закінутасці пры пільным аглядзе выклікае сумневы. І каб не пазбавіць якога-небудзь пенсіянера сродку перамяшчэння, вырашаем рухацца да наступнага споту. На іншым аб’екце нас палохае ахайная старуха, якая 5:20 раніцы вырашыла выкінуць смецце. Зрабіўшы справу, яна доўга глядзіць на нас вачыма, у якіх чытаецца страх за сваю магнітолу. |
Мы зноў мяняем дыслакацыю. Ля трэцяга аб’екта мы вырашаем больш ніколі нічога не баяцца. Нумар тры − Ford Sierra на вуліцы Якуба Коласа, на шкле якога вісіць таблічка «Просьба оказать помощь в поиске владельца». Колы спусціліся і заржавелі, кузаў збуцвелы, уваход вольны. З чэрава тачкі нам у горла вылятае дваровы кот. Па сутнасці, гэта смецце, якое трэба альбо вывезці, альбо ператварыць у нешта іншае. Мы абіраем другі варыянт. Я апранаю Mrrr на галаву камеру Go Pro, цяпер ён выглядае даволі камічна: сумесь шахцёра з універсальным салдатам і мы робім з калымагі аўтамабіль легендарнага Чалавека-павука.
«Закінутыя машыны супергерояў − гэта знак таго, што беларусы страцілі нейкую смеласць і дзёрзкасць, − тлумачыць ідэю Mrrr, хутка паліваючы форд чырвонай фарбай. − Сімвал таго, што сапраўдныя суперхіроўз кудысьці зніклі, яны больш не хочуць ратаваць людзей і рабіць дабро. Засталіся нейкія гранты, трусасць, ідэалогія і ўсякая іншая лухта. Не лепшыя часы для Бетмэнаў і Спайдэраў на Беларусі. І стан іх машын − яркае таму пацверджанне». На афарбоўку форда трацім прыкладна 30 хвілін. За гэты час мы сустракаем бабуль, якія садзяцца ў таксі, двух аматараў выпіць ноччу і ачуняць пад раніцу, сабакагадоўцаў, бегуноў і нават дворніка. Спачатку Mrrr нервувецца і пры набліжэнне мінакоў адыходзіць у бок, але пасля 10 чалавека забівае на ўсё і пачынае «валіць па-чорнаму». |
Ён ужо малюе павуцінне на капоце, калі побач паркуе машыну нейкі цікаўны грамадзянін: «Што гэта вы тут робіце?» «З днём нараджэння аднаго сябра віншуем, − хлусіць Mrrr. − Гэты “Форд” усё роўна вывозіць трэба, і мы вырашылі яго пад Чалавека-павука размаляваць». Напрыканцы з абодвух бакоў машыны ён выводзіць слаган We need a hero!. З-за бруду і хуткасці працы, фарба дрэнна кладзецца на жалеза, так што атрымліваецца не самая шыкоўная і прывабная машына для супергероя. «Яшчэ больш беларуская, чым планавалася»,− смяемся мы і пакідаем размаляваны астоў на суд жыхароў дворыка.
Ужо шэсць раніцы і на вуліцы зусім светла. Трохі павагаўшыся, вырашаем вярнуцца да «Жыгулей» і зрабіць з іх Batmobile. Па дарозе разважаем пра легалайз: «Вандалізм – гэта частка стрыт-арта. Калі ты бярозкі на плоце малюеш, папярэдне ўзгадніўшы праект з выканкамам, − гэта да вулічнага мастацтва дачынення не мае, − кажа Mrrr. − Калі табе ёсць, што сказаць, ідзі на вуліцу і кажы. Не трэба табе прасіць дазвол. Горад належыць жыхарам, а не чыноўнікам».
|
«Жыгуль» стаіць на паркоўцы ў двары. За нашымі спінамі цэлы дом патэнцыйных званкоў у міліцыю. Як на зло, вялікі балон з чорнай фарбай хрэнова працуе і працэс ідзе нэрвова і марудна. Хутка дафарбоўваем дах фіялетавым і робім жоўты трафарэт з лятучай мышшу на капоце.
Зафарбаваць дзверы з правага боку не атрымліваецца − хтосьці прыпаркаваў свой аўтамабіль занадта блізка да «Жыгулей», ды і на вуліцы становіцца значна людней. Мы робім фоткі выніковай працы, выключаем камеру і адпраўляемся дадому. «Сам стрыт-арт мастак далёка не адзіны аўтар сваёй працы,− бубніць Mrrr пакідаючы за спіной Batmobile ўкрыты раннім сонейкам. − Ён працуе ў суаўтарстве з надвор’ем, ЖЭСам, граффітчыкамі і маленькімі дзецьмі з фламастарамі ў руках. Таму я, вядома, нікога ні да чаго не заклікаю, але калі будзеце ў раёне вуліцы Усходняя з балончыкам чорнай фарбы, то заліце правы бок Batmobile. Беларускім супергероям не перашкодзяць машыны і сімвалы».
|
Mrrr – цікавы прыклад беларускага вулічнага мастака, які не замарочваецца на сценах, ён прапагандуе нешта кшталту outdoor-арту – бамбі дзе заўгодна. Ніжэй ты пазнаёмішся з ідэямі гэтага хлопца.
Big Brother на Камсомольскім возеры
«Гэтае вока я зрабіў у ліпені ў парку на Камсамольскім возеры. Купіў два рулона абгортачнага цэлафану, нацягнуў, замацаваў скотчам і размаляваў балонамі. Атрымаўся малюнак дзесьці пяць на паўтара. Непадалёк ад месца, у якім я рабіў гэтую інсталяцыю, будуюць новую рэзідэнцыю прэзідэнта. Адсюль і ідэя: усёвідушчае вока Мордара назірае за табой нават у парку. У прынцыпе гэта інтэрвенцыя ў паркавую прастору, у якой няма ніякіх сцен. Ты можаш нацягнуць звычайны абгортачнай цэлафан на дрэвы ці слупы і рабіць усё, што хочаш».
Паганскіе ідалы на балоце
«Гэтыя галовы былі зроблены з скульптурнага пластыліну для тыдня дызайну ў Менску. Я даўно хацеў пакінуць якія-небудзь незвычайныя прадметы ў месцы, дзе яны будуць выглядаць дзіўна і загадкава. Таму і вырашыў у чэрвені размясціць гэтых прыгажунчыкаў на менскім балоце Срэбны лог. Галовы выглядалі вельмі экспрэсіўна, плюс месца вельмі атмасфернае. Калі чалавек трапляе на балота, ён губляе ўпэўненасць, выходзіць з зоны камфорту, адчувае нейкі незразумелы жах. А тут яшчэ містычныя, амаль паганскія знакі паўсюль. Вядома, пачнеш нешта дадумваць і будаваць здагадкі аб тым, што адбылося і як гэтыя галовы тут апынуліся».
«Ідэя гэтай акцыі вельмі простая. Бярэм нейкі сквер або парк, у якім ёсць сцежкі, па якіх людзі раніцай ходзяць на працу або аўтобусны прыпынак. Напрыклад, Кіеўскі сквер. Купляем шмат будаўнічай чырвона-белай стужкі і нарыхтоўваем шыльды з надпісамі «Асцярожна! Уцечка газу!», ці « Асцярожна! Ідуць рамонтныя працы!». Нацягваем стужку ў некалькі шэрагаў і робым новыя нелагічныя маршруты руху людзей. Гэта можа быць шлях, які завядзе чалавека у прыгожае месца, або лабірынт, або сцежка, што сканчваецца тупіком.
Цікава было б зняць рэакцыю грамадства на такое парушэнне звыклага распарадку. Бо ў кожнага розны запас цярпення і рознае стаўленне да абмежаванняў.
Хтосьці адразу парве стужку і пойдзе напрасткі, хтосьці проста пералезе паміж стужкамі, хтосьці вернецца назад, а хтосьці будзе ісці па тваім маршруце.
Для аматараў шакуючых сцэн, можна зрабіць тупік, дзе на сцяне будзе трафарэт «Вазьмі цукерку», а пад ім − вядро з цукеркамі, ці проста надпіс «Цябе пракачалі». Ці яшчэ нешта, тут ужо ў каго як фантазія працуе.
Гэты эксперымент можна зрабіць амаль у любым месцы. Галоўнае, добра вывучыць мясцовасць і маршруты руху людзей. Будаўнічая стужка прадаецца ў любым буйным будаўнічым гіпермаркеце, ўсё астатняе зробяць прынтар, папера, камера і фантазія».