Вандруем разам з «Будзьма!»: маршрут на выходныя па Ашмянскім раёне. Частка другая

Працягваем нашую вандроўку па Ашмянскім раёне, частцы гістарычнай Ашмяншчыны, якая ў свой час займала некалькі сучасных раёнаў Беларусі. Сёння на шляху нас чакае шмат цікавостак: старадаўнія капліцы, помнікі драўлянага дойлідства, магілы славутых землякоў, лёсы якіх звязаныя з Ашмянскім краем, замак з адным з самых знакамітых прывідаў Беларусі, касцёл і кляштар, з будаўніцтвам якога звязана процьма легендаў. Прапануем рушыць па шляху Гароднікі — Граўжышкі — Гальшаны — Цюпішкі — Бянюны.


1.jpg
Фота: vedaj.by

Гароднікі

Наступным нашым прыпынкам прапануем зрабіць вёку Гароднікі. Тут захавалася некалькі вартых увагі помнікаў. Пачнем знаёмства з драўлянай могілкавай каплічкі, асвечанай у гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі, 1864 года пабудовы.

2.jpg
 Фота: wikipedia.org

3.jpg

Капліца на мясцовых могілках вядомая з першай трэці ХІХ стагоддзя, да 1830 года тут месцілася капеланія ад францішканскага кляштара са Старых Ашмянаў (зараз ускраек горада Ашмяны). Капліца, якую можам пабачыць сёння, пабудавана як пахавальня тутэйшага шляхецкага роду Снядэцкіх. Будынак у 1876 годзе замаляваў Напалеон Орда.

4.jpg

Побач з каплічкай варта звярнуць увагу на мармуровае надмагілле вядомага навукоўца і асветніка Анджэя Снядэцкага.

5.jpg

6.jpg

Анджэй — хімік, лекар, філосаф. Першую траціну ХІХ стагоддзя быў прафесарам Віленскага універсітэта.

7.png

У галоўнай сваёй працы «Тэорыя арганічных істот» развіў ідэю эпігенезу. Прапагандаваў прынцыпы сацыяльнай гігіены. Да таго ж, Анджэй Снядэцкі — аўтар першага падручніка па хіміі, выдадзенага па-польску ў 1800 годзе.

8.jpg
Фота: onebid.pl

Як і належна прадстаўніку тагачаснай інтэлігенцыі, Анджэй Снядэцкі не абмяжоўваў уласныя інтарэсы вузкай спецыялізацыяй. У 1805-1806 гадах ён рэдагаваў адно з самых вядомых перыядычных выданняў — часопіс «Віленскі дзённік». Памёр Снядэцкі 11 траўня 1838 года.

9.jpg
Фота: onebid.pl

Анджэй Снядэцкі — брат яшчэ аднога вядомага навукоўца свайго часу Яна Снядэцкага — астранома, матэматыка, філосафа, педагога, які доўгі час з’яўляўся рэктарам Віленскага універсітэта.

10.jpg

Пахаваны Ян Снядэцкі побач, у Яшунах, але ўжо па іншы бок Літоўскай мяжы.

11.jpg

Побач з Гароднікамі, у вёсцы Болтуп, варта наведаць крушні сядзібы Яна і Анджэя Снядэцкіх. Якой яна была на самой справе мы можам меркаваць па малюнках Напалеона Орды.

12.jpg

13.jpg 
Фота: panoramas.lt

Недалёка ад Мураванай Ашмянкі, ля вёскі Роўнае поле ( 54.503493, 25.769429 ), можна пабачыць рэшткі яшчэ адной сядзібы Снядэцкіх ХVІІІ — ХІХ стагоддзя пабудовы. Побач з сядзібай захаваліся рэшткі парка.

14.jpg

Граўжышкі

Наступным нашым прыпынкам будзе вёска Граўжышкі — колішняе мястэчка, вядомае ў пісьмовых крыніцах ажно з ХІІІ стагоддзя. У 1495 годзе тут быў пабудаваны першы храм, на месцы якога ў другой палове ХVIII стагоддзя быў узведзены драўляны Петрапаўлаўскі касцёл.

15.jpg

На жаль, помнік драўлянай архітэктуры з элементамі барока да сучаснасці не дажыў. На дагледжанай парафіянамі тэрыторыі засталіся рэшткі каменнага касцёльнага падмурка.

16.jpg
Фота: osh.by

16-1.jpg
Фота: osh.by

Тэрыторыя, дзе месціўся касцёл, унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Зараз тут захавалася толькі вежа-званіца. Калісьці яе гучныя званы збіралі вернікаў на імшу ажно з прылеглых вёсак. Месцічы распавядаюць, што рэха граўжышкаўскіх званоў было чуваць ажно ў Гальшанах. Званіцу сёлета адрэстаўравалі.

17.jpg

Тут жа, у Граўжышках, быў родавы маёнтак шляхецкага роду Ромераў, але да нашых дзён сядзіба таксама, на жаль, не захавалася.

18.jpg

Гальшаны

Сапраўднай перлінай Ашмяншчыны з’яўляецца вёска Гальшаны. Там і зробім чарговы прыпынак. У кожным каменьчыку, у кожнай цаглінцы, у кожнай сцежцы Гальшанаў адчуваецца подых гісторыі. Тут, хоць і не ў першасным выглядзе, але захавалася пэўная колькасць помнікаў архітэктурнай спадчыны, па рэштках якой можна ўявіць значнасць гэтых мясцінаў у мінулым.

19.jpg
 Фота: 34travel.me

Упершыню Гальшаны ўзгадваюцца ў пісьмовых крыніцах ў 1280 годзе ў «Хроніках Быхаўца». Належаў маёнтак першапачаткова роду Гальшанскіх, а ў 1525 годзе перайшоў ва ўласнасць Сапегаў. Вялізны замак, рэшткі якога можна пабачыць у Гальшанах сёння, быў пабудаваны акурат за Сапегамі. У сваім лепшым выглядзе замак праіснаваў да Паўночнай вайны ў ХVIII стагоддзі, а пасля пачаў патроху занепадаць. Канчаткова знішчылі замак дзьве апошнія вайны.

20.jpg
Фота: 34travel.me

Апошнія гады ў замку адбывалася маштабная рэканструкцыя: рэшткі закансервавалі, адну з вежаў адрэстаўравалі, сёлета ў ёй адчыніў свае дзьверы філіял Ашмянскага краязнаўчага музея. Па-над закансерваванымі мурамі пабудавана вялікая лесвіца, па якой можна ўзняцца, каб пабачыць маштабы старажытнай пабудовы.

21.jpg
Фота: 34travel.me

21-1.jpg
Фота: 34travel.me

Яшчэ адна адметная пабудова Гальшанаў — францішканскі касцёл і кляштар пры ім. Храм — аднагодак замка, але выглядае значна лепей. Рэстаўраваўся касцёл двойчы: у 1618 годзе і ў другой палове ХVIII стагоддзя. Як і ўласціва стылю барока ў мясцовым выкананні, знешне храм не мае выкшталцонага дэкору і празмернай урачыстасці. Усё буянне фарбаў унутры — як у душы знешне сціплых і не вельмі эмацыйных месцічаў. У інтэр’еры касцёла захаваліся роспісы ХVIII стагоддзя, якія абавязкова варта пабачыць. І касцёл, і кляштар сёння дзейнічаюць.

22.jpg
Фота: 34travel.me

22-2.jpg
Фота: 34travel.me

Варта звярнуць увагу і на шэраговую гарадскую забудову ў цэнтры — усе гэтыя дамкі былі ўзведзены тут ажно ў ХІХ стагоддзі ды моцна трымаюцца на сваіх падмурках і сёння. Прыкладна насупраць касцёла знаходзіцца плошча з захаванымі з ХІХ стагоддзя гандлёвымі шэрагамі, сёння памяшканні троху перабудаваныя, але таксама выкарыстоўваюцца пад крамы.

23.jpg
Фота: 34travel.me

Колішняе мястэчка не паспсавана новабудамі, якія б вылучаліся з арганічнага архітэктурнага ансамблю паселішча, а планіроўка вёскі — дзьве перпендыкулярна перакрыжаваныя вуліцы — не змянілася за шмат стагоддзяў. Усё гэта дадае Гальшанам аўтэнтыкі, якая пакрысе знікае з сучасных беларускіх паселішчаў.

24.jpg
Фота: 34travel.me

З Гальшанамі звязаная процьма містычных легендаў. Тут туляецца калісьці замураваная ў сцены кляштара францішканаў Белая Панна — жонка будаўніка, прынесеная ў ахвяру, бо муры кляштара перыядычна абвальваліся падчас будаўніцтва. Мясцовыя сцвярджаюць, што ў 1997 годзе сутарэнні кляштара чысцілі ад смецця і знайшлі пад адной са сценаў жаночыя парэшткі, якія вырашылі перапахаваць, але тыя таямнічым чынам зніклі. З той пары ўсё і пачалося: у мурах кляштара з’явілася шчыліна, а Белая Панна і сёння па чутках перыядычна сваволіць і пужае месцічаў ды падарожных. Маецца тут і прывід Чорнага Манаха — дзёрзкага юнака, які дамогся прыхільнасці князёўны Ганны-Гардзіславы Гальшанскай. Хлопец апранаў дзеля таемных шпацыраў з Ганнай манаскую рызу. Але ж гісторыя скончылася кепска, юнак за сваё каханне быў пакараны смерцю.

25.jpg
Фота: 34travel.me

Паводле яшчэ адной з легендаў, на месцы Гальшанскага гарадзішча былі горад і вялікі палац. У палацы жыла дачка заможнага роду, Марыля, якая пакахала вясковага хлопца Антося. Маці дзяўчыны не ўзрадвалася такой навіне і пажадала каханкам праваліцца разам з горадам. Такім чынам Марыля з каханым апынуліся пад зямлёй разам з усім старажытным паселішчам. Тады і узнікла паданне пра зніклы пад зямлю горад. Варта ўзняцца на гарадзішча як мінімум дзеля сузірання маляўнічых узгорыстых краявідаў, на месцы якіх, паводле легенды былі дамы месцічаў, а, можа, і каб пачуць з нетраў зямлі званы старога горада.

25-1.jpg
Гарадзішча Гальшаны. Малюнак Язэпа Драздовіча 1929 год

25-2.jpg
Фота: radzima.org

Цюпішкі

Наступным нашым прыпынкам будзе вёска Цюпішкі. Тут у 2007 годзе на лясістым пагорку адкрыты геадэзічны пункт Цюпішкі «Дугі Струвэ». Дуга Струвэ — сетка з 265 пунктаў працягласцю 2820 км, якая праходзіць па тэрыторыі 10 дзяржаваў і па тэрыторыі Беларусі ў тым ліку.

26.jpg
Фота: wikipedia.org

Дуга была створаная пад кіраўніцтвам вядомага астранома Васіля Струвэ ў першай палове ХІХ стагоддзя з мэтай вызначэння параметраў Зямлі, яе формы і памераў. Вядома, што ў гэтай справе прымаў удзел і выпускнік Віленскага універсітэта, географ і геадэзіст, удзельнік паўстання (камендант Вільні) 1830-1831 гг. Язэп Ходзька.

27.jpg

Бянюны

Апошнім пунктам нашай вандроўкі будзе вёска Бянюны. Яе адметнасцю з’яўляецца родавая сядзіба вядомага мастака першай паловы ХІХ стагоддзя Юльяна Карчэўскага 1828 года пабудовы. Карчэўскі пісаў жанравыя кампазіцыі на тэму народнага побыту, гістарычныя сюжэты. Юльян быў вучнем Яна Рустэма, сябраваў з Адамам Міцкевічам.

28.jpg

За свае 27 год жыцця Юльян сабраў калекцыю копій карцін знакамітых мастакоў, якую захоўваў у сваёй сядзібе ў Бянюнах, каштоўную бібліятэку з больш чым 3000 тамоў, дакументаў і манускрыптаў, некаторыя з якіх былі датаваныя ажно XVI ст. У 1939 г. бібліятэка была канфіскаваная і вывезеная савецкай уладай. Апошні гаспадар Бянюнаў Гедэон Карчэўскі быў забіты ў ашмянскай турме 22 чэрвеня 1941 года.

29.jpg
Фота: cyfrowe.mnw.art.pl Юльян Карчэўскі «Жыдоўскае пахаванне ў Вільні ў 1824 годзе»

Сёння ў сядзібе Карчэўскага месціцца своеасаблівы музей старасветчыны. Наведнікі могуць пабачыць трон князя ВКЛ, агледзець шафу Сапегаў, буфет са знішчанай сядзібы Снядэцкіх у Болтупе. Тут штогод праводзяцца гістарычныя рэканструкцыі падчас разнастайных святаў з традыцыйнымі забавамі, танцамі, смачнымі пачастункамі.

30.jpg

Вандруйце разам з «Будзьма!».

ПЖ, budzma.org