Вандруем разам з Будзьма: маршрут на выходныя па Ашмянскім раёне. Частка першая

Лета мінула, але і ўвосень вандроўкі не губляюць сваёй актуальнасці, зараз у іх прыўносіцца асаблівая рамантычнасць атмасферы краявідаў, стану прыроды. Кожны, хто здольны адчуць, абавязкова адчуе нешта сваё. Варта рушыць, каб зразумець.


Сёння прапануем маршрут на выходныя працягласцю каля 150 кіламетраў па адным з самых маляўнічых куточкаў Беларусі — Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Заначаваць прапануем у саміх Ашмянах, а што паглядзець там, што прывезці адтуль пісалі раней ( budzma.org/news/ashmyany-gorad-z-pakruchastay-gistoryyay.html ). Такім чынам, прапануем вандроўку ў наступным кірунку: Баруны — Жупраны — Паляны — Цудзенішкі — Мураваная Ашмянка — Гароднікі — Граўжышкі — Гальшаны — Цюпішкі — Бянюны.

1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Баруны

Першым прыпынкам нашай вандроўкі будзе колішняе магдэбургскае мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны, сёння вёска Баруны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.

2.jpg
Фота: planetabelarus.by

На працягу шматлікіх стагоддзяў жыццё тут віравала вакол базылянскага кляштару — аднога з асноўных цэнтраў уніяцтва на тэрыторыі Беларусі, будынак якога захаваўся і сёння, як і цудадзейны абраз Маці Божай Барунскай. Абраз, напісаны ў ХVII стагодззі, сёння з’яўляецца адной з самых шанаваных святыняў Беларусі.

Чытайце таксама. Ашмяны: горад з пакручастай гісторыяй

3.jpg

Першапачаткова абраз належыў пробашчу полацкага ўніяцкага манастыра Мікалаю Песляку, які атрымаў яго ад сваяка, якога «Маці з бору» ацаліла падчас эпідэміі 1666 года. Полацкі пробашч у знак удзячнасці за вернуты зрок збудаваў у Барунах драўляны храм ды запрасіў туды ордэн базылянаў.

4.jpg
Баруны 1896

У сярэдзіне ХVIIІ стагоддзя замест драўлянай царквы з’явіўся мураваны, у стылі віленскага барока, а пазней і базылянскі кляштар. У 1700-м годзе пры кляштары была адчынена школа, навучэнцамі якой былі і вядомыя літаратары свайго часу Ігнат і Леанард Ходзькі, Анатоль Адынец, Юльян Корсак.

5.jpg
Фота: poshyk.info

А ў 1919 годзе Сымон Рак-Міхайлоўскі — вядомы палітычны дзеяч свайго часу, публіцыст, педагог, настаўнік — распачаў у Барунах актыўную працу па адкрыцці беларускай настаўніцкай семінарыі. Семінарыя пачала сваю працу ў 1920-м годзе ў будынку колішняга барунскага кляштара. Першы набор вучняў склаў 60 чалавек.

Чытайце таксама. Вандруем па сталіцы заходняга Палесся — Пінску

6.jpg

7.jpg

Да пачатку 2000-х у будынку былога базылянскага кляштара месцілася школа, але з таго часу, як яе перамясцілі ў новае памяшканне, гістарычная пабудова знаходзіцца ў аварыйным стане.

8.jpg

8-1.jpg

А вось Касцёл Пятра і Паўла добра адрэстаўраваны: будынак ніколі не быў закінутым і заўжды функцыянаваў. За сваю гісторыю касцёл належаў і уніятам, пасля скасавання уніі ў ХІХ стагоддзі храм быў аддадзены праваслаўным вернікам. А каталіцкім стаў ужо ў 20-я гады ХХ стагоддзя.

9.jpg
Фота: 34travel.me

Паводле стылю касцёл у Барунах — адметны прадстаўнік віленскага барока на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Першае, на што варта звярнуць увагу, — вельмі своеасаблівая кампазіцыя храма: касцёл моцна асіметрычны, што вельмі нетыпова для культавых пабудоваў. Злева ад цэнтральнага ўваходу ўзвышаецца вытанчаная вежа, справа ад касцёла знаходзіцца больш масіўная званіца. Сам будынак упрыгожаны дастаткова сціплым для еўрапейскага барока, але тыповым для віленскага барока дэкорам. А ў былой касцёльнай крыпце можна пабачыць крынічку, якая аформлена сёння ў выглядзе невялікага фантанчыка. Мясцовыя раяць абавязкова набраць з сабой вады, якая мае лекавыя ўласцівасці.

10.jpg
 Фота: 34travel.me

Варты ўвагі і арган у Петрапаўлаўскім касцёле. Ён быў зроблены вядомым майстрам Міхалам Герхардам Цэле ў 1783 годзе, але сёння, на жаль, з арыгінальнага ў ім захаваўся толькі праспект. Вядома, што праспект мясцовага аргана — адзіная захаваная спадчына Герхарда Цэле. Справа ў тым, што пасля 1830 года епіскап Іосіф Сямашка — галоўны барацьбіт за скасаванне ўніяцтва ў Літве, загадаў знішчыць усе арганы ва ўніцкіх храмах. Падлічана, што да 1837 года, паводле ягонага ўказу, было дамантавана 117 арганаў з уніяцкіх цэркваў.

11.jpg
 Фота: argany.by

Феномен уніяцкай арганнай культуры мала даследаваны, верагодна, ён характэрны толькі для тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, бо ва Украіне, напрыклад, ёсць толькі адно сведчанне аб наяўнасці аргана ва ўніяцкім храме, і той не выкарыстоўваўся падчас набажэнстваў.

12.jpg
Фота: citydog.by

Жупраны

Наступным прыпынкам у нашай вандроўцы па Ашмяншчыне будзе аграгарадок Жупраны. Упершыню Жупраны ўзгадваюцца ў пісьмовых крыніцах у ХV стагоддзі. Трыста год гаспадарамі тут былі Радзівілы, апошнім з Радзівілаў сам Пане Каханку. Вядома, што мясцовыя сяляне прымалі актыўны ўдзел у паўстанні 1863-1864 гг.

13.jpg
Фота: planetabelarus.by

Сёння перлінай Жупранаў з’яўляецца мясцовы неагатычны касцёл Пятра і Паўла, збудаваны на грошы апошніх гаспадароў, Чапскіх, у 1875 годзе. Першы касцёл тут быў пабудаваны ажно ў 1550 годзе, але Радзівілы, якім Жупраны належалі амаль тры стагоддзі, былі кальвіністамі, таму колішні будынак выкарыстоўваўся пад кальвінскі збор.


14.jpg
Фота: vjedaj.by

Цікава, што неагатычны касцёл у Жупранах моцна адрозніваецца ад большасці неагатычных касцёлаў Беларусі: у ім няма вытанчанасці, лёгкасці, уласцівай гэтаму стылю — касцёл выглядае дастаткова масіўным, нягледзячы на тое, што ўсе гатычныя рысы тут прысутнічаюць: стрэльчатыя вокны, вострыя, выцягнутыя ўвышыню вежы і званіца.

15.jpg

16.jpg

Петрапаўлаўскі касцёл — не адзіная адметнасць, на якую варта звярнуць увагу ў Жупранах. Гэтыя мясціны звязаныя з апошнімі гадамі жыцця аднога з першых класікаў уласна беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча, родавы маёнтак якога знаходзіўся непадалёк, у вёсцы Кушляны (зараз у будынку месціцца музей). Зусім недалёка ад касцёла ўсталяваны помнік пісьменніку, а на могілках побач з касцёлам знаходзіцца ягоная магіла і магілы сваякоў. У 1900-м годзе Францішак Багушэвіч памёр, развітваліся з ім акурат у жупранскім касцёле.

17.jpg
Фота: vjedaj.by

Яшчэ побач з храмам варта звярнуць увагу на выдатна захаваную плябанію ХІХ стагоддзя з класічным порцікам і калонамі.

Паляны

Варта заехаць і ў вёску Паляны, дзе знаходзіцца самая старая капліца ў Ашмянскім раёне. Будынак месціцца на вясковых могілках і асвечаны ў гонар Св. Ганны. Капліца пабудавана ў 1810 годзе з дрэва. Да 1990-х гадоў будынак знаходзіўся ў занядбаным стане і быў адноўлены на сродкі мясцовых вернікаў.

18.JPG
Фота: ashmyany.blogspot.com

Капліца пабудавана ў стылі класіцызму, галоўны фасад яе зроблены ў выглядзе чатырохкутнага порціка. Маецца тут і свой маленькі звон, які можна пабачыць леваруч ад уваходу. Паляны не самае папулярнае сярод турыстаў месца, але помнік цікавы, рухаючыся да наступнай кропкі маршрута, на яго варта звярнуць увагу.

Чытайце таксама. На што паглядзець акрамя замчышча? Гайд па Наваградку ад «Будзьмы»

19.jpg
 Фота: wikipedia.org

Цудзенішкі

20.jpg
Фота: osh.by

Амаль на мяжы з Літвой знаходзіцца яшчэ адзін помнік, які варта было б пабачыць. У вёсцы Цудзенішкі захаваўся касцёл, асвечаны ў гонар Св. Якуба, ХVIIІ стагоддзя пабудовы.

21.jpg
Фота: osh.by

Парафія ў Цудзенішках была заснавана яшчэ ў 1628 годзе. Пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа, будынак якой да нашага часцу не захаваўся. Пасля паўстання 1863-1864 гг., у якім мясцовыя жыхары прымалі актыўны ўдзел, касцёл быў зачынены і перададзены праваслаўным. У гэты час да першапачаткова рэнесанснага касцёла была дабудавана званіца ў рэтраспектыўна-рускім стылі.

Чытайце таксама. Вандруем разам з «Будзьма»! На што паглядзець у Паставах?

22.jpg
 Фота: osh.by

23.jpg
1930

Храм быў вернуты каталікам у міжваенны час, калі тэрыторыя Ашмяншчыны ўваходзіла ў склад Польшчы. І за савецкім часам месцічы не дазволілі разрабаваць касцёл. Сёння ў храме тры алтары: галоўны — Св. Якуба, левы бакавы — Св. Юзафа, правы — Маці Божай Вастрабрамскай.

24.jpg

Мураваная Ашмянка

Далей рушым у вёску Мураваная Ашмянка, якая ўпершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца ў пісьмовых крыніцах ажно ў ХVІ стагоддзі як цэнтр рэфарматарскага руху. У кіламетры ад гістарычнага цэнтра вёскі на паўночны-захад можна пакаштаваць вады з крынічкі, з якой пачынаецца рака Ашмянка, і агледзець маляўнічыя ваколіцы з узгорка Маргі.

25.jpg

У цэнтры Мураванай Ашмянкі звяртае на сябе ўвагу драўляны касцёл імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пабудаваны ў 1780 годзе па фундацыі Ігната Важынскага. У межах агароджанага касцёльнага двара асобна стаіць двухпавярховая каркасная званіца — помнік драўлянага дойлідства.

26.jpg

Сам храм спалучае ў сабе рысы класіцызму і барока. Галоўным упрыгожаннем інтэр’ера касцёла з’яўляюцца разьбяныя алтары, складзеныя ў тым жа пераходным стылі, што і сам касцёл. Паліхромныя роспісы сцен касцёла датуюцца другой паловай ХІХ стагоддзя, а дакладней — 1874 годам. Менавіта тады касцёл пасля апошняй перабудовы займеў свой сучасны выгляд.

27.jpg
Фота: panoramas.lt

28.jpg
 Фота: panoramas.lt

Яшчэ ў касцёле трэба звярнуць увагу на арган рукі майстра Вацлава Бярнацкага, які там захоўваецца. Сам інструмент не выкарыстоўваецца па прызначэнні, але знаходзіцца ў адносна добрым стане.

29.jpg
Фота: argany.by

30.jpg
Фота: argany.by

Шчыльна звязаны з Мураванай Ашмянкай лёс дзяржаўнага дзеяча, вандроўніка, прыродазнаўцы, асветніка і аматара коняў Крыштава Дарагастайскага, родавы маёнтак якога знаходзіўся тут у 1602 годзе.

31.jpg

Ён напісаў тут сваю вядомую кнігу «Гіпіка ці Кніга пра коней» — першы ў Рэчы Паспалітай дапаможнік па конегадоўлі і коннай яздзе, які не аднойчы перавыдаваўся на розных мовах. Прыкладна ў кіламетры ад вёскі захаваліся сцены будынка друкарні, дзе, паводле гісторыкаў, Дарагастайскі напісаў сваю кнігу.

32.jpg
Фота: osh.by

«Гіпіка» была ілюстравана гравюрамі знакамітага на той час Тамаша Макоўскага. Крыштаф пісаў сваю кнігу на аснове прац антычных аўтараў, сваіх сучаснікаў і ўласнага досведу. Тэкст «Гіпікі» яскрава аздоблены цытатамі з рымскіх паэтаў Вяргілія і Марцыяла.

Чытайце таксама. Найстаражытнейшы горад Панямоння. Вандруем у Слонім!

33.jpg
Фота: wikipedia.org

34.jpg
Фота: wikipedia.org

Недалёка ад Мураванай Ашмянкі захаваўся адметны валун. Месцічы называюць гэты камень «Божы слядок» і сцвярджаюць, што сам Бог калісьці хадзіў па нашым краі і пакінуў свой след на камені, адтуль і ягоная назва. І сёння людзі наведваюцца да яго, лічаць, што вада, якая збіраецца ў гэтым слядочку, мае лекавыя ўласцівасці.

35.jpg
Фота: osh.by

Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе!

ПЖ, Budzma.by