Вясёлы, шчодры, няўрымслівы, скандальны, карыкатурны, самотны... Геніяльны. Такім паўстае класік у зборніку Адама Глобуса «Наш сусед Караткевіч». У кароткіх нататках, нібы ў вершах-хоку, аўтар вымалёўвае яго партрэт, парадаксальны і — велічны.
Адам Глобус трымае ў руках новую кнігу. Фота Алены Адамчык
Кніга Адама Глобуса, даўнішняга суседа Караткевіча па менскіх адрасах, уражвае не ўедлівасцю ці сакрэтамі, якія мог бы нарыць даследчык, але — цеплынёй. Замест масіву фактаў, лічбаў, цытатаў — лёгкія штрыхі майстра на белай паперы. Бо гэта не літаратуразнаўства, але — літаратура пра літаратара. Дзе галоўны герой — сам Караткевіч, «Дзядзя Валодзя».
Кніга кішэннага фармату нагадвае комікс, бо кожная замалёўка — асобная гісторыя. Вось тут маленькі аўтар ранкам збірае па прыступках драбязу, бо тыя капейчыны выпалі з кішэняў Караткевіча, які невядома як караскаўся да сваёй кватэры ўначы. А вось класік цалуе руку невядомай жанчыне з... авоськай бульбы ў руках. Тут — заварвае каву па ўласным рэцэпце, з двума гарошынамі перцу.
У кнізе хапае анекдотаў. Жонка Валя неяк паспрачалася з Караткевічам, што схавае ад яго пляшку гарэлкі, а той не знойдзе. Схавала — з’ехала на тыдзень. Караткевіч перавярнуў кватэру, але марна. Аказалася, пляшка стаяла паміж аконных рам: «Бутэлька празрыстая, гарэлка празрыстая, шыбы празрыстыя». Так, класік прайграў у спрэчцы з жонкай пяцьдзясят рублёў.
Уладзімір Караткевіч
Ці варта ў кнізе шукаць «сакрэт поспеху» Караткевіча? Ёсць жа завядзёнка: пачытаць біяграфію вялікага чалавека і — скарыстацца «рэцэптам». Але кніга Глобуса — не біяграфія ды й сам рэцэпт наўрад ці існуе. У кнізе куды больш папярэджанняў, антырэцэптаў. Так-так, найперш пра гарэлку.
Піў па тры месяцы, хварэў, выцягваў сябе з гэтага стану, адмакаў у ледзяным душы. Пасля — урачыста апранаўся і сядаў за стол ствараць шэдэўры. Той стол, дарэчы, аказаўся ў Глобуса, а пазней перавандраваў у легендарную і ўжо няісную кнігарню «Ў».
Але запойнасць Караткевіча найперш тычылася яго працы. Гэта той фармат чалавека, калі ўвесь свет паза працай і ў часе працы павінен нават не сцішыцца, а знікнуць. Бо кожны тэлефонны званок, які вырывае з працэсу — як варожы стрэл. Таму Караткевіч і крычаў на ўвесь дом у тэлефонную слухаўку: «Дайце мне спакойна здохнуць!»
У непазбежных сюжэтах пра Караткевіча і гарэлку шмат гумару, але няма рамантызацыі алкаголю. Гэта хвароба, якая ўрэшце і дабіла класіка: «спаліў сябе гарэлкай». Няма і асуджэння, уласцівага сувораму і непітушчаму Максіму Танку ці Аляксею Карпюку. Караткевіч — зорны персанаж. Але ж «зорны» не значыць «ЗОЖны». І наадварот.
Лепншае, на мой погляд, апісанне стану выпаленасці творцы — у гэтай кароткай замалёўцы. Тут жа, найлепшае папярэджанне:
«Ён сядзіць на лаўцы каля пад’езда. Смокча, пасмоктвае патухлую беламорыну. Ён сядзіць, праваліўшыся ў самога сябе. Мяне ўражвае гэты правал у самога сябе. Я спыняюся, каб сказаць, што днямі вярну яму драўлянага баракальнага анёла, якога пазычаў, каб намаляваць. Ён пытаецца, ці атрымаўся анёл і ці пакажу я малюнкі. Голас яго гучыць хрыпла, патухла, нібыта здалёк. Ён застаецца ў правале».
З кнігі паўстае вобраз Караткевіча-рамантыка, Дон-Кіхота. Кожны выхад у краму — выхад на сцэну. Кожны выхад у пад’езд — дэтэктыў, бо раптам хто напісаў чаго на сцяне? Трэба падняць вэрхал, правесці расследаванне. Такі чалавек не тое, каб не ўпісваўся ў савецкую рэчаіснасць. Ён ні ў якую рэчаіснасць не ўпісваўся. Ды й не стараўся.
У дон-кіхоцтва ёсць і свае плюсы. Ад бліскучых даспехаў заўжды будуць адскокваць дробязныя кпіны і заўвагі калег па цэху. Напрыклад, Глобус піша пра шчодрасць Кратакевіча, які стараўся адорваць тых, хто побач. Сапраўдны талент і сквапнасць — несумяшчальныя. Тут жа, крыўдлівая цытата Гілевіча, маўляў, той Караткевічу дарыў свае кнігі з аўтографамі, а Караткевіч яму — ніводнай. Ну што тут скажаш?..
Месцамі ў кнізе чытаецца раздражнёнасць аўтара датычна фантазёраў, якія па смерці Уладзіміра Сямёнавіча дадумвалі яму біяграфію. Легенды пра жанчынаў, хто і калі з ім піў, што казаў... Але нават гэта — дробязі. Непазбежныя дробязі.
Уладзімір Караткевіч на Палессі, апошні прыжыццёвы здымак, 1984 г. Аўтар фота Валянцін Ждановіч. Крыніца: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа
«Наш сусед Караткевіч» — цёплая і ўтульная кніга пра няўтульнага Караткевіча. Няўтульнага, прычым, найперш для самога сябе. Гэтая няўтульнасць, магчыма, і штурхала яго штораз на новыя прыгоды, не давала спакойнага жыцця. Але, ці напісаў бы хоць штосьці вартае альтэрнатыўны, «спакойны Караткевіч»?..
Адам Глобус піша, што мог бы запомніць і занатаваць доўгія размовы з класікам пра паўстанцаў, Каліноўскага, змагароў за Бацькаўшчыну, пакуты і так далей. Але, «...больш выразна мне чуецца стомлены голас ахмялелага дзядзькі Валодзі з заўсёдным выказваннем: «Ногі, мае ногі, нясіце маю сраку!»
Пасля прачытання кнігі няма ўражання, нібы патрымаў у руках жыццяпіс выбітнага чалавека, гуру. Гэта — замалёўка каметы, якая праляцела па змрочным небе. Ды — згарэла ў попел. Ад палёту застаўся эфект, атмасфера, якую аўтар і намаляваў словам. Таксама — паветра, з лёгкім водарам малдаўскага каньяку і папяроснага дыму.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org