Першапачаткова Мядзел з’явіўся на востраве аднайменнага возера. Мяркуецца, што большасць яго жыхароў памерла праз нейкую эпідэмію. Хто застаўся — перасяліўся на берагі возера Мястра. А вось назва паселішча засталася ранейшая. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Мядзел узгадваецца ў 1324 годзе ў лісце Гедыміна рыжскаму біскупу. Вялікі князь скардзіцца на агрэсію тэўтонцаў: «...Таксама яны напэўна захапілі б наш замак Мядзела, каб ён не быў так добра ўмацаваны, аднак мноства людзей яны забілі і многіх павялі ў палон», нагадвае Planetabelarus.by.
Хутчэй за ўсё, тут гаворка яшчэ пра ўмацаванні на востраве возера Мядзел.
Замак на паўвостраве возера Мястра з’явіўся пазней. У дакументах ХV-ХVІ стагоддзяў сустракаюцца тры маёнткі з назвай «Мядзел». Лічыцца, што «Малым Мядзелам» некалі называўся Кабыльнік (цяперашні аграгарадок Нарач). Стары ж і Новы Мядзел, з якіх утварыўся сучасны горад, яшчэ сто год таму былі асобнымі мястэчкамі. На картах ХVІ стагоддзя Мядзел пазначаны як «судовы горад, дзе разбіраюцца справы шляхты». З 1793-га — казённае мястэчка ў складзе Расійскай імперыі.
У 1921-1939 гадах (у складзе Польшчы) — мястэчка, цэнтр гміны Дунілавіцкага (пасля — Пастаўскага) павета Віленскага ваяводства. З 15.11.1940 — вёска, цэнтр раёна Вілейскай вобласці (з 20.09.1944 — Маладзечанскай). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У лістападзе 1942-га партызаны разграмілі Мядзельскі гарнізон, улетку 1943-га зрабілі на яго некалькі налётаў. Са снежня 1943 года гарнізон быў блакіраваны партызанскай брыгадай імя Варашылава, і боепрыпасы гітлераўцам дастаўлялі самалётамі. Спробы ворага прарваць блакаду былі няўдалыя. А 4 ліпеня 1944-га воіны 850-га стралковага палка 277 стралковай дывізіі 3-га Беларускага фронту разам з партызанамі вызвалілі Мядзел.
17 лістапада 1959 года населены пункт атрымаў статус гарадскога пасёлка, а 30 снежня 1998 года — горада. На 1 студзеня 2020 года ў Мядзеле было 7110 жыхароў.
Мабыць, знаёмства з Мядзелам варта пачаць менавіта з іх.
Грунтоўна пра гісторыю горада і раёна вам раскажуць у музеі народнай славы. Тэматычныя экспазіцыі апавядаюць пра старажытную гісторыю краю, Нарацкую аперацыю 1916 года, Кастрычніцкую рэвалюцыю і міжваенны перыяд 1921-1939 гадоў, Вялікую Айчынную вайну, канфесіі Мядзельшчыны, воінаў-інтэрнацыяналістаў. Цікава аформлены «Партызанская зямлянка» і «Хата рыбака». Мала каго пакінуць абыякавымі знаходкі археолагаў, экспанаты часоў абедзвюх сусветных войнаў, рукапісы Максіма Танка.
Створаны заслужаным настаўнікам БССР Канстанцінам Каратаем музей гісторыі школы імя Уладзіміра Дубоўкі знаходзіцца непасрэдна ў СШ № 1. З’яўляецца самастойным аддзелам музея народнай славы і будзе цікавы не толькі людзям, якія вучыліся ў гэтай школе. Тут можна ўбачыць план Старога і Новага Мядзела, даведацца пра гісторыю адукацыі ў гэтых мясцінах, ды і ўвогуле пра гісторыю гэтых мясцін, паглядзець асабістыя рэчы паэта Уладзіміра Дубоўкі (у пачатку ХХ стагоддзя гэты ўраджэнец Пастаўшчыны вучыўся ў Мядзельскім двухкласным вучылішчы). Ну і, канечне, на фота розных часоў убачыць, як выглядалі ў мінулым стагоддзі школы населенага пункта. Даведацца пра вядомых выпускнікоў — а ў Мядзеле вучыліся ў тым ліку кіраўнік БССР Васіль Шаранговіч, народная артыстка Марыя Захарэвіч і народны мастак Васіль Шаранговіч (апошні — аднавясковец, але не сваяк першага). Адзіны нюанс: гэты музей працуе толькі па панядзелках. У іншыя дні наведаць яго таксама магчыма, толькі трэба дамаўляцца ў музеі народнай славы.
У гімназіі-інтэрнаце месціцца музей айчыннай вылічальнай тэхнікі, створаны настаўнікам інфарматыкі Вячаславам Саўчыкам. Тым, хто цікавіцца тэмай, варта зайсці. Толькі дамаўляйцеся загадзя: музей працуе ва ўстанове, дзе галоўнае — навучальны працэс, а не правядзенне экскурсій.
Пра гэта месца ніводзін экскурсавод не скажа: «Толькі ў нас, на Мядзельшчыне...» Бо брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан у выніку перапахаванняў у пасляваенныя гады з’явіліся ў кожным тагачасным райцэнтры Беларусі. Але гэта не робіць менш кранальным наведванне месцаў вечнага спачыну людзей розных нацыянальнасцей, якія загінулі ў змаганні з фашызмам. Будзеце ў Мядзеле — не мінайце брацкай магілы, над якой узвышаецца помнік смуткуючай маці.
Кніга «Памяць» паведамляе, што касцёл Маці Божай Шкаплернай пабудаваны ў 1754 годзе. Фундатарам быў Антоній Кошчыц.
Ён жа прывёз з Рыма рэліквіі святога Юстына. Гэта — гістарычныя факты. А вось у памяці народнай гэты ўладар Старога Мядзела застаўся не толькі шчодрым фундатарам спраў Касцёлу і гаспадаром, пры якім мястэчка атрымала Магдэбургскае права. Расказваюць пра зажыва замураваную ў слуп дзяўчыну — няньку загінуўшага праз няшчасны выпадак сына Антонія Кошчыца... Па матывах гэтай легенды Уладзімір Дубоўка напісаў паэму «Браніслава». Не ведаю, ці трэба ў наш талерантны час рэкамендаваць яе вам для чытання. Бо створаная ў 1929 годзе атэістам Дубоўкам паэма — не толькі пра веліч характару простай сялянкі, асуджэнне людской няроўнасці і страшнага злачынства. Але таксама кпліва і беспардонна пра рэчы, пра якія куды больш далікатна сказаў Умберта Эка ў рамане «Імя ружы». Што можа абразіць пачуцці вернікаў.
У 1840 годзе кляштар кармелітаў босых, якому належаў касцёл, быў закрыты, а ў 1866-м сам каталіцкі храм перароблены на праваслаўны (такой была помста царскай улады за падтрымку Лістападаўскага і Студзеньскага паўстанняў). Касцёл вернуты католікам толькі ў 1920 годзе. Пасля вайны закрыты і толькі ў 1989-м зноў аддадзены вернікам.
Няпростым быў лёс і праваслаўных мядзельскіх храмаў. Драўляныя цэрквы гарэлі, але зноў адбудоўваліся. Пасля апошняй вайны храм аддалі пад склад, а ў 1962 годзе ўвогуле разабралі — матэрыялы выкарысталі на будаўніцтва школы ў вёсцы Лотва і спартыўнай залы ў Мядзеле. На тым месцы ўзвялі дзіцячы садок (цяпер у будынку знаходзіцца цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання).
У 1990-я набажэнствы сталі праводзіць у прыстасаваным памяшканні, а цяперашнюю царкву пабудавалі параўнальна нядаўна: першая служба ў ёй адбылася на Раство ў 2005 годзе.
Больш такіх пабудоў у Беларусі няма. Задуманая ў адпаведнасці з планам Крыжовай дарогі ў Ерусаліме, Мядзельская Кальварыя створана ў 1772 годзе. Тады яна ўключала 21 каплічку і 8 брам. Пасля перадачы парафіі праваслаўным у 1866 годзе Кальварыя доўгі час была ў заняпадзе, у 1927-1938 гадах адбудоўвалася. У час Вялікай Айчыннай была амаль поўнасцю знішчана.
Напрыканцы ХХ стагоддзя там, дзе некалі былі капліцы, вернікі паставілі крыжы. А ў 2014 -м Кальварыя зноў адбудавана. Двойчы на год — у ліпені і верасні — тут праходзіць набажэнства Крыжовага шляху.
Падрабязней пра народнага паэта Беларусі пагутарым, як будзем наведваць Сваткаўскі сельсавет. Бо менавіта на яго тэрыторыі знаходзіцца вёска Пількаўшчына, дзе нарадзіўся Яўген Скурко (сапраўдныя імя і прозвішча Максіма Танка).
Сёння ж затрымаемся ля помніка, які з’явіўся ў райцэнтры ў 2014 годзе. Адметна, што да гэтай падзеі спрычынілася вялікая колькасць жыхароў Мядзельшчыны: на помнік пайшлі ў тым ліку і заробленыя імі на чатырох суботніках сродкі. Устаноўлены ён ля раённага Цэнтра культуры. Скульптурная выява паэта павернута тварам да вуліцы 17 Верасня. Тым, хто не сябруе з гісторыяй, нагадаю — 17 верасня 1939 года Заходняя Беларусь уз’ядналася з БССР. Ці трэба тлумачыць, якое значэнне мела гэта дата для члена Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Яўгена Скурко? Ды і нарадзіўся паэт 17 верасня — праўда, 1912 года.
Калі вы былі ўжо у музеі народнай славы, дык ведаеце, што ўласна замка на паўвостраве возера Мястра даўно няма. Але звесткі пра яго беражліва збіраюць і сістэматызуюць археолагі. Хто ведае — можа, некалі з’явяцца сродкі і на рэстаўрацыю.
А пакуль памяць пра замак захоўваецца ў назве паўвострава ды мясцовых легендах пра польскую каралеву Бону Сфорцу, жонку Жыгімонта Старога (апошняя, кажуць, сапраўды магла тут бываць). А таксама ў выглядзе знаходак, якія перадаюць у музей народнай славы археолагі. Так што калі вам важна толькі тое, да чаго можна дакрануцца рукамі, ісці на паўвостраў не варта — задавольцеся яго зробленым з вышыні птушынага палёту фотаздымкам. І звесткамі, што атрымалі ў музеі: пра вежу кшталту Камянецкай дыяметрам 17 і вышынёй каля 30-ці метраў і драўляныя ўмацаванні. Што замак пабудаваны (мяркуецца) Саковічамі, тады перайшоў Радзівілам, а пасля быў дзяржаўным, як і само мястэчка. Што росквіт перажыў дзесьці ў 20-30-я гады ХVІ стагоддзя, калі да вежы прыбудавалі мураваны палац.
Мікалай Радзівіл (1470 — 1521) — адзін з уладальнікаў Мядзеля
А калі ёсць час і жаданне паблукаць там самому — пераадолейце па драўляным мастку не вельмі вялікую адлегласць праз балаціну. На паўвостраве добра думаецца. У тым ліку пра тое, што час руйнуе замкі і палацы, даносячы памяць пра іх уладароў у выглядзе супярэчлівых легенд. А нашчадкі простых людзей, імёны якіх згубіліся за смугой часу, і цяпер жывуць у тутэйшых ваколіцах. І хаты сялянскія як стаялі здаўна на нашай зямлі, так і заўсёды стаяць будуць.
Свята бярэ пачатак у 1952 годзе. Прымеркаванае да Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яно праводзілася ў першую нядзелю ліпеня (тады 3 ліпеня быў звычайны рабочы дзень). Велічнае свята збірала тысячы людзей. Афіцыйна яно называлася «Нарачанскія росы», а ва ўспамінах мясцовых жыхароў засталося як «Памятнік» і «Мікольскі фэст» — бо праводзілася ля помніка партызанам Вілейшчыны, што ля вёскі Мікольцы. Тады на свята ехалі старыя і малыя, кожны калгас прадстаўляў уласны хор. Сцэнай самадзейным артыстам служылі прыступкі велічнай стэлы, месцаў на невялікай колькасці лавачак хапала толькі самым пажылым гледачам, астатнія ж стаялі, а то і сядзелі проста на траве... У 1990-я фестываль змяніў назву на «Пеўчае поле», а ўжо ў апошнія гады перанесены з берага Нарачы ў Мядзел. Цяпер спевы найлепшых харавых калектываў краіны гучаць са сцэны на ўзбярэжжы возера Мястра, а гледачы ўтульна размяшчаюцца ў амфітэатры. Але нязменна хвалюе выкананне зводным хорам фестывалю песні на словы Максіма Танка «Наш край нарачанскі». Яна з’яўляецца і гімнам Мядзельскага раёна.
Не сумнявайцеся: «Пеўчае поле» — самае адметнае, па-сапраўднаму брэндавае свята Мядзельшчыны. Праходзіць раз у два гады, дату заўсёды загадзя паведамляюць раённая газета «Нарачанская зара» і яе сайт.
Яму яшчэ няшмат год. Але свята ўжо вельмі папулярнае. Праходзіць у апошнюю суботу ліпеня на мядзельскім пляжы. Адметнасцю яго з’яўляюцца тэматычныя конкурсы: рыбацкі, на найлепшы пясчаны замак і самую смачную юшку... Вызначаюць мацнейшых аматары пляжнага валейболу. У праграму ўключаюцца выступленні прафесійных і самадзейных артыстаў, маладзёжная вечарынка, забавы для дзяцей, продаж вырабаў народных майстроў... Некалькі разоў падчас свята азёр праходзілі рэспубліканскія прыгодніцкія лёгкаатлетычныя спаборніцтвы «Водны забег». Траса гэтага незвычайнага забегу праходзіць па вадзе.
У 2020 годзе шматлюднага свята азёр не праводзілі па прычыне пандэміі каранавіруса. А вось «Водны забег» быў.
Зусім не праблема: рэйсавыя аўтобусы сюды ходзяць рэгулярна. Калі ж і па Мядзеле вырашыце перамяшчацца грамадскім транспартам, лепш адразу дасканала вывучыць (а то і сфатаграфаваць на тэлефон) расклад яго руху. Бо гарадскія аўтобусы ходзяць нячаста, асабліва ў выхадныя і святочныя дні.
Традыцыйныя сувеніры кшталту магніціка на халадзільнік, талеркі або кубка з мядзельскімі краявідамі можна адшукаць у кіёску Белсаюздруку і магазіне «Прамтавары» (былы ўнівермаг). Магніцікі і каляндарыкі можна таксама замовіць у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка — гэта ў тым жа будынку, што і музей народнай славы.
Устаноў грамадскага харчавання хапае: рэстаран «Мястра» і сталоўка побач з набярэжнай, кавярня ў гасцініцы, піцэрыя «Хіт», кавярні «Беларуская хата» і «Сінгл-кафэ».
Выбар вялікі: сучасная гасцініца, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, аграсядзібы. Адрасы і тэлефоны можна даведацца на сайце Мядзельскага райвыканкама.
Аўтар: Наталля Лiсiцкая, фота: Сяргея Плыткевіча, Planetabelarus.by