12 кастрычніка паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Матафонава выступілі ў Германавіцкай СШ (Шаркаўшчынскі раён) і ў рэдакцыі газеты “Прэфект-Інфо” ў Глыбокім. У Германавічах акурат адзначаліся 125-я ўгодкі з дня нараджэння мастака Язэпа Драздовіча, таму госці са сталіцы ў сваіх выступах неаднойчы звярталіся да гэтай знакавай постаці.
Т. Матафонава разам са сваім сынам Адасем спявалі песні на вершы Я. Купалы, з якім Я. Драздовіч ліставаўся. А песня “Тры чарапахі” ў сольным выкананні Адася нават была выкананая на біс – па просьбе захопленых вучаніц. М. Скобла падкрэсліў культураносьбітную ролю Я. Драздовіча, які схадзіў упоперак і ўдоўжкі амаль усю Віцебшчыну.
“Ён з падказкі Янкі Купалы рабіў вокладкі для беларускіх кніг. Для Віленскай беларускай гімназіі намаляваў партрэт Францішка Скарыны, распісаў сталоўку ў мястэчку Лужкі. На многіх скрыжаваннях стаялі яго драўляныя фігуры Божай Маці, святых і анёлаў… Мастак ішоў ад вёскі да вёскі і рабіў сваю малааплатную працу – дзеля развіцця мастацкага густу ў народзе той краіны, дзе радзіўся і вырас. Як мне падаецца, драздовічаўская дзейнасць вельмі сугучна “будзьмаўскаму” слогану “Культура паляпшае жыццё!”, – сказаў у сваім выступе М. Скобла.
Другая сустрэча адбылася ва ўтульным памяшканні глыбоцкай газеты “Прэфект-Інфо” з фантастычным выглядам на мясцовае возера. У выкананні Т. Матафонавай прагучалі беларускія рамансы 50-х гадоў, песні на словы М. Багдановіча, У. Дубоўкі, Л. Геніюш, У. Караткевіча, З. Пазняка. М. Скобла прачытаў іранічна-гратэскавыя вершы з цыкла “Оды з нагоды” і падараваў рэдакцыі адну са сваіх кніг. Мясцовыя актывісты зрабілі для гасцей кароткую экскурсію па Глыбокім, якая завяршылася на Плошчы гонару – каля помнікаў Язэпу Драздовічу і Вацлаву Ластоўскаму.