На кінастудыі «Беларусьфільм» прыступілі да здымак фільма па раману Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Спецыяльна для здымак была створана машына на паравым рухавіку, які апісваецца ў кнізе як «жалезная чарапаха», танк па чарцяжах Леанарда Да Вінчы.
Гэта першая кніга з пенталогіі прыгодніцкіх гісторый пра Пранціша Вырвіча. Рабочы варыянт назвы фільма — «Авантуры Пранціша Вырвіча». Падзеі фільма разгортваюцца ў XVIII стагоддзе.
18 лютага была ўрачыста разбіта талерка з імёнамі здымачанай групы, адмысловы рытуал першага здымачнага дня, які абвяшчае пачатак здымачнага працэсу. Час дзеяння карціны — XVIII стагоддзе: «Час авантурыстаў і алхімікаў, чароўных дам і адважных рыцараў, палацавых інтрыг і крывавых войнаў». Асноўнае месца дзеяння — тэрыторыя сучаснай Беларусі, ці тагачаснай Рэчы Паспалітай, Вялікага Княства Літоўскага і сумежных краін. Калі параўноваць — то можна ўзгадаць прыгоды мушкецёраў і гардэмарынаў.
Пра падрыхтоўку да работ над фільмам было абвешчана на прэс-канферэнцыі 11 чэрвеня 2018 года ў Мінску генеральным дырэктарам кінастудыі Уладзімірам Карачэўскім. Кастынг на галоўныя ролі завершыўся ў кастрычніку. Рэжысёр-пастаноўшчык фільма — Аляксандр Анісімаў, аўтар сцэнарыя — Валянцін Залужны.
Спецыяльна для здымак на кінастудыі была зроблена машына на паравым рухавіку — якая апісваецца ў кнізе як «Жалезная Чарапаха», танк па чарцяжах Леанарда Да Вінчы. Паводле сюжэту, «Жалезную Чарапаху» стварыў герой кнігі, вынаходнік Пфальцман, дадаўшы да эскізаў Леанарда да Вінчы ўдасканалены паравы рухавік. І павёз сваю машыну па замове Гераніму Радзівілу ў Слуцк.
«…Між тым Лёднік з чыста навуковай цікавасцю наблізіўся да канструкцыі, прыкрытай палотнамі, і зазірнуў у дзірку, чым гер Пфальцман быў вельмі незадаволены і, падобна, каб мог, не падпусціў бы туды старога сябра. На возе грувасцілася нейкая незразумелая жалезная прылада, відочная частка якой сапраўды выглядала як рэбры цмока.
Лёднік хмыкнуў і павярнуўся да Пфальцмана, які спрабаваў схаваць сваю трывогу:
Лёднік хмыкнуў і павярнуўся да Пфальцмана, які спрабаваў схаваць сваю трывогу:
— Машына-чарапаха? Ты ўсё-ткі зрабіў яе, Якубе?
Пфальцман з пачырванелай фізіяноміяй кінуўся захінаць таямнічую канструкцыю.
— Прабач, сябар, але… У навуцы кожны сам за сябе… Мне б не хацелася раней часу дэманстраваць сваё вынаходніцтва, якое далёка не кожны здольны ацаніць.
Лёднік насмешна паківаў галавою.
— Не бойся, Якуб. Я не збіраюся красці тваё вынаходніцтва. Тым больш мы ж з табой разам бачылі ягоныя чарцяжы ў нататніку Леанарда да Вінчы.
— Там быў эскіз! Накід! Нічога канкрэтнага! — пакрыўдзіўся Пфальцман. — Пра мой вадзяны рухавік твой Леанарда нават памысліць не мог!… »
Дыялогі ў фільму будуць гучаць на рускай мове з далейшай мэтай прадаць кіно ў Расію і паказу на кінафестывалях. Для паказу ў беларускіх кінатэатрах фільм будзе прадубляваны на беларускай мове, дзякуючы чаму поўнаэкранная версія пойдзе на беларускай. Плануецца, што праца над карцінай завершыцца ў снежні 2019 года.
Фота са здымачнай пляцоўцы з асабістага архіву Людмілы Рублеўскай