2020-ты. Ці вартае яно таго было?

Бадай, усялякая круглая дата нейкіх значных падзеяў непазьбежна выклікае рэфлексіі. Гэтак і пра найбольш масавы народны ўздым 9-10 жніўня 2020-га сёньня, празь 5 гадоў, ня згадвае хіба адно лянівы. Ня здолеў (і не захацеў) прайсьці міма і Валера Руселік. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» аўтар адказвае на, бадай, самае нязручнае пытаньне: а ці вартае яно таго было?

На гэтым тыдні рэдакцыя YouTube-шоў «Звычайная раніца» штодня задавала сваім гасьцям і гледачам адно пытаньне: «Хто перамог у 2020 годзе»? Самы папулярны адказ быў нязьменны: маўляў, беларусы перамаглі, а рэжым прайграў. Куды менш папулярны быў адказ пра тое, што насамрэч прайгралі ўсе.

Сярод тых, хто гэтак адказаў, быў і я.

Supraćstajańnie na vulicach Miensku. Žnivień 2020
Супрацьстаяньне на вуліцах Менску. Жнівень 2020. Фота: AFP

Вядома ж, можна біць сябе ў грудзі і, гераічна закаціўшы вочы, распавядаць пра «абуджэньне нацыі», «беларусы ўпершыню пабачылі адно аднаго, як нас шмат», «разарваны сацыяльны кантракт», «народ назад у стойла не загоніш» і гэтак далей.

Можна, хто ж супраць.

Вось толькі якім чынам гэта верне прынамсі сотні жыцьцяў забітых, закатаваных за кратамі, даведзеных да самагубства, зжэртых анкалёгіяй і іншымі хваробамі, справакаванымі зьбіцьцём, стрэсамі і страхам? Як гэта верне прынамсі сотні тысяч — калі не мільён і нават больш — тых, хто зьехаў за мяжу, ратуючыся ад рэпрэсіяў і беспэрспэктыўнасьці, і хто наўрад ці ўжо вернецца на радзіму? Як гэта паправіць мільёны зламаных лёсаў і зьнішчаных сем’яў? Як гэта вызваліць тысячы закратаваных сёньня?

Як гэта адновіць у краіне грамадзянскую супольнасьць, на якой дагэтуль заўжды трымаўся ўвесь супраціў сыстэме і якая, у выніку, была літаральна выпаленая вагнём дашчэнту — ад палітычных партыяў да таварыства аховы птушак і асацыяцыі вязьняў нацысцкіх канцлягераў? Як гэта спыніць усё імклівейшую і агрэсіўнейшую (здавалася б, куды ўжо больш!) расеізацыю Беларусі? Як гэта зьменшыць усё рэальнейшую пагрозу канчатковае страты незалежнасьці і інкарпарацыю Расеяй?

Ну сур’ёзна. Параўнайце беларускія рэаліі хаця б 2019-га і цяперашнія. Дзе тут перамога?

Зрэшты, безумоўна, прайграў і рэжым. Той самы, для каторага Беларусь — гэта ўсяго толькі ўласная гаспадарка. Гэткі маштабаваны саўгас «Гарадзец». Той рэжым, для якога ўсе мы — народзец, востракапытныя наркаманы і прасталыткі, кармавая база, бясплатная рабсіла і жывы тавар.

Зноўку ж, калі ацаніць зьмены за апошнія пяць гадоў, краіна катастрафічна здала абсалютна па ўсіх паказьніках — ад дэмаграфіі да эканомікі. Няма каму працаваць, нават пакістанцы сюды ехаць ня хочуць. Паўсюль мрояцца прывіды Плошчы, ворагі, якія наступаюць ну як мінімум з чатырох кірункаў. Дроны падаюць: сёньня — у жылы дом, а заўтра — у Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод альбо ў адну з васямнаццаці (ці колькі іх там ужо насамрэч?) рэзыдэнцыяў? Рукі і галава трасуцца, вочы ня бачаць, лішак вагі ўсё большы, дыхаць цяжка — дзе ж тут быць здаровым з гэткай «перамогай»?

Lukašenka z aŭtamatam kalia Palacu Niezaliežnaści
Вось як дасягаецца «ўсенародная любоў». Лукашэнка з аўтаматам каля Палацу Незалежнасьці. Менск, 23 жніўня 2020 г. Фота: president.gov.by

І тут мы падыходзім да пытаньня, якое гучыць куды радзей. Але ўсё-ткі гучыць. Дык што, можа дарма той 2020 год і наагул быў? Жылі б сабе паціху далей. Ну, па-ранейшаму заціскалі б там тых найбольш актыўных «змагароў» — і што з таго? Жыцьцё б працягвалася. Не рэвалюцыя, а эвалюцыя!

Хто ведае, мо б гэтак і было. А мо — і не было б. Гісторыя, як вядома, умоўнага ладу не цярпіць. Не забываймася ж і пра расейскую поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Хто ведае, можа, тая вайна пачалася б раней, калі б ня наш 2020-ты. І можа, панішчаная ёю была б ня толькі Ўкраіна, але і Беларусь.

Хто ведае. Але гэта ўсё ўмоўны лад. А нам лепш бы ўсё-ткі пабліжэй да таго, што маем.

Дык вось пытаньне: ці вартае яно таго было? Як вам асабіста здаецца?

Паразважайце таксама, калі ласка. Падзяліцеся сваімі думкамі. Упэўнены, што ў кожнага будзе свой адказ.

Для сябе асабіста я адказваю проста. Што ў 2020-м, што пазьней — асабіста я дзейнічаў паводле ўласнага сумленьня. Рабіў тое, што ўважаў за правільнае. Не крывіў душою. Як мог, імкнуўся наблізіць нашую Беларусь мараў. Чорнае называў чорным, а белае — белым.

Гэтак і варта жыць.

Ці дзейнічаў бы я інакш, калі б гісторыя паўтарылася? Не. А вы?

Valiera Rusielik
 Валера Руселік на акцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Варшава, чэрвень-2020. Фота з асабістага архіву аўтара

Валера Руселік, Budzma.org