Пастанова камуністычнай партыі 20 кастрычніка 1929 года па сутнасьці абвесьціла новую эру паўсюдных рэпрэсій, голаду і сацыяльных узрушэньняў, і пакінула пасьля сябе спусташэньне. Сельская гаспадарка была замененая на рабскі канцлягер з градкамі, піша Павел Хадзінскі ў «Новым Часе».
Калгас
Фатальная фантасмагорыя
Правадары чырвонага перавароту 1917 года абяцалі пераразьмеркаваньне зямлі і пашырэньне правоў і магчымасьцей так званай сельскай беднаты. За такімі лёзунгамі пайшлі масы, і да перыяду, які намі разглядаецца ў артыкуле, сяляне дайшлі не фэрмерамі, але наадварот, згаладалымі і падманутымі.
Прыватная гаспадарка, хоць і абмежаваная, разглядалася як пагроза марксісцка-ленінскаму бачаньню бясклясавага грамадзтва, дзе ўсе сродкі вытворчасьці знаходзяцца ў калектыўнай уласнасьці, то бок не ў канкрэтных людзей, а ва ўсемагутнай партыі, якая дакладна ведае што і каму ў які час неабходна даць. Сяляне, асабліва так званыя «кулакі», разглядаліся як упартая і рэакцыйная кляса, якую неабходна зьнішчыць. Вырашэньнем гэтай «праблемы» стала татальная калектывізацыя.
Само рашэньне аб калектывізацыі было прынятае на два гады раней да татальнай — на XV зьезьдзе кампартыі ў 1927 годзе.
У сьнежні 1929 года падчас прамовы Сталіна ў ЦК адзінай жывой партыі ён заявіў:
«Мы досыць далёка зайшлі ў адступленьні ад сацыялізму. Цяпер трэба ісьці да суцэльнай калектывізацыі... Кулацтва як клясу трэба ліквідаваць».
Афіцыйныя дакумэнты, якія хадзілі ў апараце Камуністычнай партыі ў канцы 1929 года, паказваюць, зь якой дакладнасьцю плянавалася калектывізацыя. Адна з такіх дырэктываў Наркамата земляробства выкладала мэтадалёгію: «Добраахвотнае сяброўства ў калгасах замяніць прымусовай перабудовай аграрнага жыцьця. Супраціў будзе сустракацца з адміністрацыйнымі мерамі, а пры неабходнасьці і рэпрэсіўнымі дзеяньнямі». Эўфэмізм «рэпрэсіўных дзеяньняў» маскіраваў рэчаіснасьць — масавыя арышты, дэпартацыі і расстрэлы тых, хто супраціўляўся.
Калектывізацыя прадугледжвала прымусовую кансалідацыю мільёнаў аднаасобных гаспадарак у кантраляваныя дзяржавай прадпрыемствы, калгасы. Сістэма была распрацаваная дзеля таго, каб кантраляваць сельскагаспадарчую вытворчасьць, а таксама зьнішчыць усе рэшткі эканамічнай незалежнасьці сярод сялянства. Тэарэтычна, калектыўная гаспадарка стварала б эфектыўнасьць, дазваляючы дзяржаве здабываць лішкі збожжа для сваіх намаганьняў па індустрыялізацыі. На самай справе гэта стала чарговым сродкам тыраніі.
Справаздачы сталінскага ОГПУ і мясцовых партыйных чыноўнікаў ілюструюць хаос і людзкія пакуты, якія надыйшлі. У запісцы Сталіну ў 1930 годзе мясцовы чыноўнік са Смаленскай вобласьці прызнаваў, што супраціў калектывізацыі быў паўсюдным: «Сяляне масава адмаўляюцца ўступаць у калгасы. У некаторых раёнах жывёлу забіваюць, а не здаюць у калгас».
Гэты масавы забой жывёлы не быў, вядома, адзінкавым выпадкам. У адчаі вяскоўцы па ўсім Савецкім Саюзе зьнішчалі сваю жывёлу, каб яна не трапіла ў рукі дзяржавы. У рэшце мільёны буйной рагатай жывёлы, коней і сьвіней былі страчаныя, што ўвыніку пагоршыла харчовы крызіс, які і так лютаваў у сацыялістычным раі.
«Мінулы год (1929-ты, заўв. — П.Х.) быў годам вялікага пералому на ўсіх франтах сацыялістычнага будаўніцтва. Пералом гэты ішоў і працягвае ісьці пад знакам рашучага наступу сацыялізму на капіталістычныя элементы горада і вёскі. Характэрная асаблівасьць гэтага наступу ў тым, што яно ўжо дало нам шэраг вырашальных посьпехаў у асноўных галінах сацыялістычнай перабудовы (рэканструкцыі) нашай народнай гаспадаркі. З гэтага вынікае, што партыя здолела мэтазгодна выкарыстоўваць нашае адступленьне на першых стадыях новай эканамічнай палітыкі для таго, каб потым, на наступных яе стадыях, арганізаваць пералом і павесьці пасьпяховы наступ на капіталістычныя элементы». Сталін, 1929 год.
Наступствы прымусовай калектывізацыі былі проста катастрафічнымі. Да пачатку 1930-х гадоў вытворчасьць прадуктаў харчаваньня рэзка ўпала, бо пасаджаныя (у дадзеным выпадку на пасаду) кампартыяй чыноўнікі і кіраўнікі калгасаў не змаглі належным чынам арганізаваць сельскагаспадарчыя працы. Справаздача Наркамата земляробства ў 1931 года змрочна казала: «Вытворчасьць збожжа ўпала да крытычнага ўзроўню. Мы сутыкаемся з дэфіцытам у кожным буйным рэгіёне вытворчасьці збожжа».
Плякат часоў калектывізацыі
Аднак сьведчаньні са стэнаграмаў паседжаньняў ЦК паказваюць ўсё большую параною Сталіна, які настойваў на тым, што любыя няўдачы ў калгасах адбываліся хутчэй праз сабатаж з боку «клясавых ворагаў», чым праз недахопы сістэмы. У адказ Сталін распачаў новую хвалю рэпрэсіяў, скіраваных ужо не толькі на заможных сялянаў, але і на ўсіх, хто падазраваўся ў супраціве калектывізацыі.
Расейскі гісторык Вадзім Рагавін пісаў: «Мясцовыя ўлады былі надзеленыя надзвычайнымі паўнамоцтвамі «аж да поўнай канфіскацыі маёмасьці кулакоў і высяленьня іх зь межаў асобных раёнаў і абласьцей». Парадак раскулачваньня і дэпартацыі быў канкрэтызаваны ў таемнай інструкцыі ЦВК і СНК ад 4 лютага 1930 года і ў загадзе ОГПУ ад 2 лютага 1930 года. У гэтых дакумэнтах прадпісвалася ў раёнах суцэльнай калектывізацыі канфіскоўваць у кулакоў сродкі вытворчасьці, жывёлу, гаспадарчыя і жылыя пабудовы, вытворчыя і гандлёвыя прадпрыемствы, харчовыя, кармавыя запасы, наяўныя грошы і лішкі хатняй маёмасьці.
У гэтым і заключалася ўласна раскулачваньне, якому плянавалася падвергнуць у сярэднім 3-5% сялянскіх гаспадарак. Кулакі, якія падлягалі больш суровым рэпрэсіям, падзяляліся на тры катэгорыі. Да першай катэгорыі быў аднесены «контррэвалюцыйны кулацкі актыў», асабліва кадры дзейных паўстанцкіх арганізацый, якія падлягалі зьняволеньню ў канцлягеры або расстрэлу па прысудзе «троек». «Выбываньне першай катэгорыі», якое меркавалася скончыць да пачатку разгортваньня кампаніі па высяленьні кулакоў, павінна было распаўсюдзіцца на 50-60 тысячаў чалавек. Сем’і асобаў, зьняволеных у канцлягеры або прысуджаных да вышэйшай меры пакараньня, павінны былі высяляцца ў аддаленыя раёны краіны саветаў разам з сем’ямі «другой катэгорыі», да якой былі аднесеныя «буйныя кулакі і былыя паўпамешчыкі, якія актыўна выступаюць супраць калектывізацыі», «мясцовыя кулацкія аўтарытэты і увесь кулацкі кадр, зь якога фармуецца контррэвалюцыйны актыў». Да трэцяй катэгорыі адносіліся астатнія заможныя сяляне.
Па дадзеных гісторыкаў, у студзені-сакавіку 1930 года адбыліся не меней 2200 масавых выступаў з удзелам амаль 800 тысячаў сялянаў. Нашмат большай была колькасьць індывідуальных і групавых расправаў над арганізатарамі калектывізацыі і калгаснымі актывістамі.
У выніку каля 2 мільёнаў сялянаў былі прымусава вывезеныя ў далёкія краі. Страшэннае злачынства камуністычнага рэжыму.
Ужо праз кароткі час надыйшоў усеагульны голад, які прывёў да безьлічы галодных сьмерцяў. Толькі ва Ўкраіне можна казаць пра прыблізна 4 мільёны ахвяраў. Па ўсёй жа тэрыторыі, дзе панаваў крамлёўскі тыран, да 10 мільёнаў чалавек былі аддадзеныя ў ахвяру калгасу.
Да канца 1930-х гадоў беларуская, як і ўкраінская і іншыя вёскі пад чужынскім прыгнётам, былі цалкам зьмененыя. Сьмерць, рэпрэсіі і эканамічная разруха сталі звычайным госьцем і гаспадаром на месцах. Вясковы лад жыцьця, які існаваў стагодзьдзямі, быў практычна зьнішчаны, а сяляне зноў пераведзеныя ў клясу прыгонных. У іх усе роўныя.
«І калі пасадзім СССР на аўтамабіль, а мужыка на трактар, няхай паспрабуюць даганяць нас шаноўныя капіталісты, якія выхваляюцца сваёй «цывілізацыяй». Мы яшчэ паглядзім, якія з краінаў можна будзе тады «вызначыць» у адсталыя і якія ў перадавыя».
Сталін. 3 лістапада 1929 года.
Да 1937 года 93% сялянскіх гаспадарак былі аб’яднаныя ў калгасы і саўгасы. Дзяржаўная зямля замацоўвалася за калгасамі ў вечнае карыстаньне.