Падборка фільмаў пра радыяцыю: ад Чарнобыля да Фукусімы

У гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС Budzma.org сабрала фільмы і серыялы пра радыяцыю, якія можна паглядзець анлайн. Усе кінакарціны заснаваныя на рэальных падзеях.


Дакументальныя фільмы

«Чарнобыль: страчаныя запісы» (Chernobyl: The Lost Tapes)

Chernobyl The Lost Tapes

Рэжысёр: Джэймс Джонс
Краіна: Вялікабрытанія
Год: 2022

Фільм пабудаваны на ўспамінах удзельнікаў падзей: жыхароў Прыпяці, ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, работнікаў станцыі. Рэжысёр Джэймс Джонс сабраў архіўныя кадры тых гадоў і аднавіў храналогію падзей: тут няма звыклых для гэтага жанру інтэрв’ю, толькі закадравы голас герояў і кінахроніка тых гадоў. Унікальнасць гэтага фільма ў тым, што многія відэаматэрыялы да гэтага нідзе не паказвалі.

«Чарнобыль назаўжды» (Chernobyl Forever)

Chernobyl Forever

Рэжысёр: Ален дэ Але
Краіны: Францыя, Японія, Бельгія
Год: 2011

Дакументальны фільм «Чарнобыль назаўжды» распавядае пра сувязь двух пакаленняў: тых, хто заспеў аварыю на АЭС, і тых, хто толькі нарадзіўся ў 1986 годзе. Для кагосьці здарэнне 26 красавіка — асабістая трагедыя, а для кагосьці толькі сюжэт у кампʼютарнай гульні. Але ў гэтым і ёсць небяспека радыяцыі: яе наступствы можна адчуць нават праз гады.

«Чарнобыльскія джунглі. 20 гадоў без чалавека»

Džunhli

Рэжысёр: Ігар Бышнёў
Краіна: Беларусь
Год: 2005

Беларускі дакументальны серыял пра прыроду ў зоне адчужэння. З аднаго боку, радыяцыя пасля Чарнобыльскай аварыі аказала разбуральнае ўздзеянне на ўсё жывое. Аднак, з іншага боку, двадцаць гадоў без чалавечага ўмяшання далі магчымасць аднавіцца многім жывым відам. Фільм паказвае, як флора і фаўна змаглі адаптавацца да новых умоў.

«Радыяцыйнае дзяцінства»

Рэжысёр: Ярослаў Каменскі
Краіна: Беларусь
Год: 1996

Фільм распавядае пра хворых дзяцей, якія нарадзіліся ў Беларусі і Украіне перад самай аварыяй на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі 26 красавіка 1986 года ці адразу пасля яе.

Аўтар вандруе з камераю па хатах, школах, лякарнях і паказвае, як катастрофа адбілася на малых.

Стужка асвятляе і тое, як міжнародная супольнасць дапамагае хворым дзецям.

«Чарнобыльскія званы — 10 гадоў пазней»


Рэжысёр: Ярослаў Каменскі, Курт Лянгбайн
Краіна: Беларусь/Украіна
Год: 1996

Дакументальны фільм, які спрабуе адказаць на пытанні, што здарылася 26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, а таксама паказвае наступствы радыёактыўнага забруджвання. Нягледзячы на тое, што фільм быў зняты праз дзесяць гадоў пасля аварыі, ён не менш актуальны і сёння.

Чарнобыльскія званы — б’юць да сёння, як напамін чалавеку, як неадказныя крокі некалькіх асобаў прывялі да трагічных наступстваў.

Ігравыя фільмы

«Чарнобыль» (Chernobyl)

Chernobyl

Рэжысёр: Ёхан Рэнк
Краіна: Вялікабрытанія
Год: 2019

Драматычны міні-серыял, створаны брытанскім рэжысёрам, распавядае пра першыя гадзіны пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС: людзі выбеглі паглядзець на белы попел, які падае, не ведаючы, што падвяргаюць сябе смяротнай небяспецы. У той жа час савецкія ўлады аддавалі перавагу маўчаць пра ўцечку радыяцыі.

Аўтары «Чарнобылю» на працягу двух гадоў вывучалі архівы і ўспаміны відавочцаў тых падзей, каб наблізіць фільм да рэальнасці. Рэжысёр таксама абапіраўся на кнігу Святланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва». Серыял быў высока ацэнены як крытыкамі, так і рэальнымі ўдзельнікамі падзей.

«Фукусіма» (Fukushima 50)

Fukushima 50

Рэжысёр: Сэцуро Вакамацу
Краіна: Японія
Год: 2020

У 2011 годзе ў Японіі адбыўся моцны землятрус, а затым і цунамі, у выніку якіх пацярпела атамная электрастанцыя ў Фукусіме. У навакольнае асяроддзе былі выкінутыя небяспечныя радыеактыўныя элементы, такія як ізатопы ёду і цэзію.

Фільм прысвечаны людзям, якія працавалі ў той дзень на станцыі: ведаючы, якія страшныя наступствы нясе радыяцыя, яны адчайна спрабуюць прадухіліць трагедыю.

«Радыевыя дзяўчаты» (Radium Girls)

Radium Girls

Рэжысёры: Вірджынія Мадсен, Лінда Вандэргрыфт
Краіна: ЗША
Год: 2018

Фільм распавядае пра 1920-я гады: тады радыяцыя была мала вывучана, і небяспечныя элементы выкарыстоўваліся ў побыце.

Бэсі працуе на адным з заводаў кампаніі Radium US і разам з іншымі жанчынамі распісвае цыферблаты, не падазраючы, якую пагрозу для жыцця і здароўя нясе фарба з радыем. Неўзабаве родная сястра гераіні пачынае хварэць: у маладой дзяўчыны раптам пачынаюць выпадаць зубы. Падобныя сімптомы ўжо былі ў іншых работніц фабрыкі. Сёстры пачынаюць падазраваць, што ад іх нешта хаваюць.

Кампанія Radium US існавала на самай справе. Праз халатнасць яе кіраўнікоў пацярпелі сотні жанчын: справа «радыевых дзяўчат» прагрымела на ўсю краіну і стала пачаткам зменаў у заканадаўстве ЗША.

«У тыя дні» (the Days)

the Days

Рэжысёры: Масакі Нісіура, Хідэа Наката
Краіна: Японія
Год: 2021

Серыял ад Netflix пра трагедыю на Фукусімскай АЭС. Фільм разбірае храналогію падзей і распавядае пра яе ўдзельнікаў: работнікаў станцыі, супрацоўнікаў Такійскай энергетычнай кампаніі, а таксама прадстаўнікоў японскага ўраду. Карціна спрабуе знайсці адказ на пытанне: ці можна прадбачыць аварыю?

У аснову серыяла леглі аповеды сведак і ахвяр аварыі, а таксама афіцыйныя справаздачы.

М.К., Budzma.org


Чытайце яшчэ: 7 серыялаў, заснаваных на рэальных падзеях