Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 21-22 кастрычніка

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Сямейная імпрэза «Хатні тэатр — тэорыя і рэальнасць» у Мінску, чытанкі для дзяцей у Кракаве, вечар-сустрэча з беларускімі выдаўцамі ў Франкфурце, восеньскі баль на сядзібе Нямцэвічаў, а яшчэ майстар-класы, канцэрты — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ.


Беларусь

Мінск і Мінская вобласць

Сямейная імпрэза «Хатні тэатр — тэорыя і рэальнасць» у Мінску

Afiša

У суботу, 21 кастрычніка, у музеі Якуба Коласа — імпрэза ад сямейнага тэатра «Бусы» «Хатні тэатр — тэорыя і рэальнасць». 

Абяцаюць спектакль, лекцыю і майстэрню робатаў! 

Спачатку пакажуць хатні спектакль з дзецьмі «Эксперымент 3028» пра дзіўны выпадак у лабараторыі штучнага інтэлекту і наш чалавечы выбар. 

Пасля вас чакае займальная лекцыя па гісторыі хатняга тэатра. 

Даведаецеся пра тэатры на стале, пад сталом, на паляне, у агародзе, у кватэры, палацы і замку. Тэатр «Бусы» падзеліцца прыкладамі і прыёмамі стварэння хатняга тэатра па любімай кнізе. 

Вечарына традыцыйных танцаў у Мінску

Afiša

У нядзелю, 22 кастрычніка, Школа традыцыйнага мастацтва ладзіць адкрыты занятак па традыцыйных беларускіх танцах. Запрашаюць танцораў і музыкаў, адмыслоўцаў, пачаткоўцаў і ўсіх, хто хацеў бы далучыцца да традыцыйных беларускіх танцаў. 

Гомель

Майстар-клас па сожскай скані ў Гомелі

Afiša

У суботу, 21 кастрычніка, філіял Веткаўскага музея паўтарае ўнікальны майстар-клас па сожскай скані, які дужа ўпадабалі гамяльчане!

Гэтым разам вы зможаце стварыць непаўторныя завушнічкі! Тэхналогія гэтая — выключна мясцовая з’ява і фактычна адзіны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які ўзнік на Гомельшчыне ў XX стагоддзі.

Брэст і Брэсцкая вобласць

Восеньскі баль на сядзібе Нямцэвічаў у Скоках

Afiša

21 кастрычніка, на сядзібе Нямцэвічаў, што ў Скоках пад Брэстам, ладзяць восеньскі баль.

Будуць музыка і танцы канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя. А пачнецца баль па традыцыі з паланэза. 

Свята будзе суправаджаць прафесійны балетмайстар, а таксама абяцаюць класічную музыку, салонныя гульні і іншыя сюрпрызы.

Літва

Вільня

Выстава палітвязынкі Асі Булыбенка «Пазнака» ў Вільні

Afiša

Спадарыня Ася трансфармуе свой досвед праз жывапіс. У экспазіцыі — творы з калоніі і творы, напісаныя па вызваленні. 

Падчас адкрыцця будзе перформанс. Працуе выстава да 27 кастрычніка. 

Польшча

Варшава

Выстава «Сукенкі за свабоду» ў Варшаве

Afiša

У Музеі Вольнай Беларусі праходзіць выстава Ганны Каран «Сукенкі за свабоду». Праект Ганны Каран — рэакцыя на падзеі ў Беларусі, звязаныя з пратэстамі. Удзельніцы праекту па просьбе мастачкі самі выбіралі сукенкі, якія сталі сімваламі свабоды. 

Каб далікатная тканіна не спарахнела, спадарыня Ганна пакрыла сукенкі тоўстым пластом эпаксіду, ператварыўшы кожную ў помнік. 

Аб’екты пачынаюць напаўняцца сэнсамі, калі спадарыня Ганна выходзіць у поле, дзе «прымярае» на сукенкі жывыя кветкі і пры дапамозе фарбы фіксуе іх адбітак. Кожны строй мае сваю гісторыю і захоўвае ўспаміны пра людзей і месцы. 

Выстава будзе дапоўненая віртуальнай прасторай METAVERS з удзелам герояў праекта. 

Кракаў

Чытанкі для дзяцей у Кракаве: чытаюць «Авакада і Каноэ» Вольгі Гапеевай

Afiša

У суботу, 21 кастрычніка, беларусы Кракава чытанку для дзяцей у Кніжным выраі.

Гэтым разам будуцьм чытаць казачную гісторыю Вольгі Гапеевай «Авакада і Каноэ», якая дакладна спадабаецца і дзеткам, і дарослым. Бо: 

Героі падобныя на нас з вамі 

Шукаюць адказы на складаныя пытаннечкі 

Знаходзяць радасць у сяброўстве 

Будзе шмат інтэрактыўных штучак і гарбатка з печывам. Карацей, па-сяброўску ўтульна і пазнавальна! 

«Botanic project» з альбомам «Музыка сфер» у Кракаве

Afiša

Будзе вам канцэрт у найлепшых традыцыях рэггі, песні з новага альбома і вядомыя хіты. І яшчэ афтэпаці з новабеларускім гарачыльным грувам ад PAPA BO SELEKTAH!

Германія

Франкфурт

Вечар-сустрэча з беларускімі выдаўцамі ў Франкфурце

Afiša

У суботу, 21 кастрычніка, на Франкфурцкім кніжным кірмашы адбудзецца вечар-сустрэча з беларускімі выдаўцамі. Рыхтуйце пытаннечкі і рыхтуйцеся да насычанай гутаркі!

Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.

Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».

Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.