Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Выставы, спектаклі, вечарыны, канцэрты, Ноч музеяў, чытанні ў гонар Уладзіміра Мацкевіча, майстар-класы, квэсты — выбірайце мерапрыемствы ў сваім горадзе і на свой густ!
Прапануюць рушыць у займальнае падарожжа па музейных залах, дзе трэба будзе адгадваць загадкі, уключаць фантазію, шукаць адказы і проста весела бавіць час разам. У квэсце могуць прыняць удзел сем’і з дзецьмі. Заданні будуць разнастайныя і падыдуць для рознага узросту.
Больш чым 450 твораў мастацтва будуць прадстаўлены на фестывалі «Арт-Мінск».
«Арт-Мінск» праводзіцца штогод з 2018 года і з’яўляецца адным з найбуйнейшых выставачных праектаў у Беларусі, мэта якога — упрыгожыць культурнае жыццё горада і прадставіць актуальныя напрамкі мастацкай арт-сцэны.
Завітвайце!
13 і 14 траўня ў Вялікім княстве Сула — адмысловая праграма, прысвечаная лекавым раслінам і травам у культуры беларусаў. Вы паглыбіцеся ў чароўны свет зёлак, каб даведацца, як выкарыстоўвалі травы нашыя прабабулі ў хлебапячэнні, лекаванні, ткацтве і нават магічных абрадах. А напрыканцы прыгатуеце разам з вядунняй чароўную зёлкавую гарбату!
У суботу, 13 траўня, у прасторы «Upgrade» — супольны канцэрт віцебскага музыкі Люстры і мінскага гурта «Сны Сіняга Сабакі».
Арганізатары падрыхтавалі шырокую праграму. Цікавосткі будуць і ўнутры музея, і на падворку. Выставы, майстар-класы, актыўнасці і гульні, міні-кірмаш і інш. Далучыцца да мерапрыемства можна ў любы час! Завітвайце!
Вас чакае класіка року па-беларуску ды пад гуслі! Вам жа хацелася, каб Фрэдзі Мэрк’юры ці Пол Маккартні заспявалі па-беларуску? А вялікі й жахлівы Озі Осбарн? А Віктар Цой? Так будзе! Над перакладамі працавалі паэты Макс Шчур і Сяржук Сокалаў-Воюш. Не прапусціце свята паэзіі, беларускай мовы і добрай музыкі!
Адмысловая госця — спявачка Таццяна Ячная.
У нядзелю, 14 траўня, беларусы па ўсім свеце адзначаюць Дзень народзінаў зняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча, чытаючы і абмяркоўваючы ягоныя тэксты з кнігі «Свабода і мысленне». У Вільні чытанні пройдуць у фармаце міні-Аспен-семінару.
У нядзелю, 14 траўня, беларусы па ўсім свеце адзначаюць Дзень народзінаў зняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча, чытаючы і абмяркоўваючы ягоныя тэксты з кнігі «Свабода і мысленне».
13 і 14 траўня беларускі TEAM THEATRE грае музычны спектакль «3@mova», створаны паводле песень і рытуалаў Палесся. У тэксце выкарыстана замова — старажытны, знікаючы і містычны жанр беларускай народнай паэзіі.
«3@mova» — спроба аднаўлення архаічных традыцыяў, прысвойванне ім якасцяў, уласцівых сучаснай лічбавай рэальнасці. Стваральнікі імкнуцца сваю сапраўдную ідэнтычнасць — сваю і гледача.
Спектакль ідзе на беларускай мове і дыялектах Палесся.
У суботу, 13 траўня, музыкі Аквалерыя і Андрусь Такінданг граюць у Познані свой фірмовы музычны спектакль-інтэрактыў пра Пэтсана і Фіндуса для маленькіх і дарослых. Рэгістрацыя праз дырэкт фундацыі «Кут».
У суботу, 13 траўня, упершыню ў Познані — беларускі уікенд і дваровае чаяванне! Чакаюць Кацярыну Ваданосаву і яе слаўны бэнд! У імпрэзе бярэ ўдзел і Познаньскі спеўны сход!
А перад канцэртам спадарыня Кацярына прачытае круцецкую лекцыю-гутарку пра беларускія народныя строі — як яно шылася ды як вышывалася!
Яшчэ будуць майстар-класы, беларускія пачастункі, дваровыя актыўнасці.
Ну то завітвайце!
13 траўня будзе працаваць выстава «Крэатыўная рэвалюцыя. Беларусь 2020» у Арт-станцыi «Дубулты».
У праграме:
* Сустрэча і размовы
— з арганізатарамі выставы і
— з сябрамі Суполкі беларусаў у Латвіі
* Квэсты
— для дзетак «Коцiкi перамогi»
— для дарослых «Рэальнасць нерэальнасці»
* Гарбата з печывам
Утульную атмасферу дваравых сустрэч суседзяў створыць беларускі дуэт з Берасця «ZNAK STOP» — Алёна Палачанская (клавішы, мелодыка) і Андрэй Лугін (гітара, голас), канцэрт якога пачнецца у 20:00.
У суботу, 13 траўня, каманда культцэнтра «Корпус» вязе ў Берлін жменю зорнага пылу і вечарыну BELARUS OUTSIDE SOUND SYSTEM. Танчым як у Мінску! Ніякай літасці!
Хэдлайнерка — ŠUMA! А таксама дыджэі: Papa Bo Selektah, Sven.d, Sean Steinfeger.
Гэтымі выходнымі, 13 і 14 траўня, у Н’ю-Ёрку святкуюць Дзень святога Кірылы Тураўскага. Гэтае свята мае асаблівае значэнне для Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы (БАПЦ), у складзе якой дзейнічаюць храмы, што носяць імя Кірылы Тураўскага. Адзін у Таронта і два ў Нью-Ёрку — у Брукліне і Квінсе, але на адной і той жа вуліцы — Атлантык Авэню. Царква Св. Кірылы Тураўскага ў Квінсе, якая належала да Усяленскага Патрыярхату, далучылася да БАПЦ толькі сёлета. Прапануюць адсвяткаваць і гэта!
Адчыніць сумеснае святкаванне храм у Квінсе 13 траўня. Адбудзецца імша, а пасля — сяброўская сустрэча з пачастункам у грамадскай зале.
У нядзелю, 14 траўня, святкаванне пераймае храм у Брукліне. Будзе таксама імша ды сяброўскія размовы з пачастункам.
У нядзелю, 14 траўня, беларусы па ўсім свеце адзначаюць Дзень народзінаў зняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча, чытаючы і абмяркоўваючы ягоныя тэксты з кнігі «Свабода і мысленне». У Празе абяцаюць дыскусію!
Больш беларускіх падзеяў шукайце ў нашай Афішы.
Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».
Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!
Карыстацца ім вельмі проста: выбірайце той ці іншы горад або ўсю краіну, падпісвайцеся асобна на ўсе анлайн-мерапрыемствы ці выбірайце варыянт all inclusive — усе беларускія падзеі свету (у тым ліку і анлайн-мерапрыемствы). А пасля — сачыце за беларускім дзвіжам і далучайцеся!
А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.Больш беларускіх падзеяў шукайце ў нашай Афішы.