Фаліянт сведчыць пра глыбознае ўзаемапранікненне яўрэйскіх і беларускіх містычных традыцый у XVIII стагоддзі, піша «Наша Ніва».

Антрапаморфная фігура-абярэг з кабалістычнага рукапісу. Даследчыкі ідэнтыфікуюць гэтую выяву як магічнае цела Шхіны, якое ўвасабляе жаночую боскую прысутнасць, альбо прымардыяльную Еву. Фота: фэйсбук Сяргея Шупы
«Наша Ніва» пісала ўжо пра існаванне гэтак званай «габрэіцы» — практыкі запісу беларускіх магічных тэкстаў яўрэйскімі літарамі. Значны корпус такіх выявіў даследчык Ёэль Мацвееў. Перакладчык Сяргей Шупа, вывучаючы гэтыя знаходкі Мацвеева, звярнуў увагу на адзін канкрэтны фаліянт аб’ёмам каля 700 старонак. Шупа ідэнтыфікаваў гэты дакумент XVIII стагоддзя з ваколіц Радашковічаў ці Смілавічаў як той самы манускрыпт Практычнай Кабалы, што калісьці ўжо трапляў у поле зроку беларускіх этнографаў. Яго фізічныя параметры, геаграфія і змест дакладна супалі з апісаннем, якое пакінуў Змітрок Бядуля ў менскім часопісе «Вольны сцяг» у 1921 годзе. Доўгі час гэтая кніга лічылася страчанай.
Паводле публікацыі Бядулі стогадовай даўніны, манускрыпт належаў дынастыі мясцовых чарнакніжнікаў і перадаваўся ў спадчыну ад бацькі да сына. Этнографу Міхалу Рабіновічу тады ўдалося атрымаць яго толькі на кароткі час ва ўладальніка, які панічна баяўся помсты таемных сілаў за перадачу спадчыны ў чужыя рукі.
Тэкст уяўляе сабой практычны дапаможнік па магіі з апісаннем лекаў, амулетаў і замоваў, але галоўная яго каштоўнасць у тым, што ён фіксуе ўзаемапранікненне яўрэйскіх і беларускіх містычных традыцый.
У манускрыпце адлюстравана складанае шматмоўе тагачаснай яўрэйскай грамады. Калі кабалістычныя малітвы і тэалагічныя паняцці традыцыйна фіксаваліся на іўрыце ці арамейскай мове, то цэлыя разгорнутыя фрагменты — назвы дрэваў, зёлак і непасрэдна тэксты замоваў ад хвароб — пісаліся па-беларуску з выкарыстаннем яўрэйскага курсіву.
Пры гэтым, як заўважаў Бядуля, местачковы чарнакніжнік часам не да канца разумеў сэнс мясцовых формул, блытаў склоны і перакручваў словы, фанетычна адаптуючы іх пад уласны яўрэйскі выгавар. Паводле аналізу этнографа Рабіновіча, нават старыя «інтэрнацыянальныя» нямецкія загаворы ў фаліянце страцілі першапачатковы выгляд і набылі выразны «жыдоўска-беларускі характар».

Аркуш з манускрыпта радашковіцкага чарнакніжніка. У абведзеным фрагменце — тая самая запісаная яўрэйскімі літарамі беларуская замова пра «белы камень на сінім моры», якую даслоўна цытаваў Змітрок Бядуля ў 1921 годзе. Фота: фэйсбук Сяргея Шупы
У тэксце 1921 года Бядуля захаваў дакладную цытату замовы на спыненне крыві з гэтага манускрыпта: «На сінім моры белы камень. На тым камні цо рызэ (так перапісчык, напэўна, не зразумеў слова «царыца») ішла, і крэвінэ ня поцікала (?) і яворэ белыя завіро і крэвінэ (?)».
Праз фанетычныя асаблівасці — аўтар месцамі, бачна, не заўсёды разумеў мовы і перакручваў беларускія словы — выдатна чытаецца хрэстаматыйны беларускі матыў белага каменя на сінім моры.
Другая даслоўная цытата, прыведзеная Бядулем, якая выганяе хваробу ці сурокі Божым імем, зафіксаваная наступным чынам: «Прыйшла шуда да таго чалавека ці ад хваробы, ці ад палахання, ці ад падымання, ці ад парывання, ці ад чаравання, заказую я табе боскім імем, што неба і зямлю стварыў, каб ты на месцы пайшла, гдзе цябе Пан Бог істварыў да пупа, не да галавы, не да сэрца, не да боку, не дынай (?) і выступай з тых месцаў, гдзе табе не належы. Божым імем омэйн навекі».
Фундаментальнае акадэмічнае выданне «Беларуская народная творчасць. Замовы» (Мінск: Навука і тэхніка, 1992) дае поўнае ўяўленне аб сферы прымянення замоваў.
Першая з іх — гэта тыповая замова ад крывацёку. Вось некалькі падобных да яе:
«На сінім моры-акіяне ляжыць бел камень, на тым камяні сядзелі тры панны Ганны, красны шоўк маталі, кроў астанаўлялі».
«Цякець рэчка крававая, На тэй рэчцы белы камінь, На ём тры дзявіцы. Яны шыюць краснаю нітачкаю, Нітачка парвалась — Кроў увырвалась».
Яшчэ ў адной можна сустрэць падобны матыў сячэння дрэва (як у выпадку з «яворэ белыя»):
«…Ішоў Сус Хрыстос чэраз калінавы мост, нёс сякірку з сабою. Пры дарожцы стаяла калінка, ён тую калінку цюк-цюк-цюк! Як з тыя калінкі кроў не канула, так каб і з раба божага кроў не канула. Стань, кроў, унімісь…»
Другая замова з’яўляецца хрэстаматыйным узорам замовы ад «залатніка» — хваробы, якую народная медыцына тлумачыла як апушчэнне або зрушэнне ўнутраных органаў ад цяжкай працы ці страху.
Яўрэйскі чарнакніжнік пералічвае прычыны хваробы: «ці ад палахання (спалохаўся), ці ад падымання (падняў зацяжкае), ці ад парывання (надарваўся чалавек)». І гэты пералік паўтарае іншая беларуская замова:
«…Чаго ж ты ўзняўся, чаго ты падняўся; ці ты з яды, ці ты з хады, ці з падойма [ад паддымання], ці з падарвання, ці з вялікага прыгавору [чаравання]? Прашу цябе, залатнік-братачка, ня шумархай, касці не ламі, жывата не знабі, сэрца не ташні, сярэдзінкі не крышы, па жывату не качайся, ня валяйся, у сваё места спадзявайся. […] як роднай мамка радзіла, а хросная пад хрэст паднасіла…»
Ёсць таксама замовы, якія гэтаксама забараняюць залатніку ісці ў бакі і загадваюць ісці на сваё месца, да пупа:
«Залатнічку, добры чалавечку, па касцях не хадзі, не ламай, у чарэсца не залязай, пад грудзі не падварачай… Ідзі ты на сваё месцечка, на залатэ крэслечка. Баба пупа завязала, табе месцечка паказала».
«Залатнічку, залатнічку, добры чалавечку, сядзь сабе на сваём месцечку, на залатому крэслечку. Годзе табе шумаваці да пад бокі падпіраці, прашу цябе на сваё месцечка стаці. Не сядай пад дубком, а сядзь пад пупком…»
«…вярніся, на месца стань, касцей не ламі, сэрца не сушы, на спінку не ападай, бок не закладай, пад грудзі не падпадай. Сядзь сабе на месцечка…»

Магічны малюнак з фаліянта. Змітрок Бядуля інтэрпрэтаваў гэтую аднавокую істоту як беларускага міфалагічнага ваўкалака, аднак, паводле словаў Ёэля Мацвеева, гэта выява аднаго з анёлаў, што абараняюць нованароджаных ад нячыстай сілы. Фота: фэйсбук Сяргея Шупы
У рукапісе адбылося поўнае зліццё дзвюх міфалогій. Апісваючы змест дакумента, Змітрок Бядуля адзначаў: «Сярод розных таемных малітваў Кабалы, побач з жыдоўскімі анёламі, сустракаецца беларуская Мара і святы Мікола».
З сучаснага аналізу, які зрабіў Ёэль Мацвееў, вынікае таксама прысутнасць у тэксце дэмана Марэя Марэвіча, які дзейнічае разам з Ліліт і выступае ў ролі інкуба або сукуба. Сам Бядуля ў артыкуле згадваў яшчэ і намаляваную істоту з адным вокам, якую інтэрпрэтаваў як ваўкалака. Усё гэта сведчыць пра ўключэнне мясцовай міфалогіі ў сістэму яўрэйскага містыцызму.

Антрапаморфная фігура-абярэг з кабалістычнага рукапісу. Даследчыкі ідэнтыфікуюць гэтую выяву як магічнае цела Шхіны, якое ўвасабляе жаночую боскую прысутнасць, альбо прымардыяльную Еву ў форме андрагіна. Фота: фэйсбук Сяргея Шупы
Манускрыпт таксама ілюстраваны магічнымі знакамі і табліцамі. Напрыклад, звяртае на сябе ўвагу антрапаморфная фігура-абярэг. Мацвееў ідэнтыфікуе яе як магічнае цела Шхіны, альбо прымардыяльную Еву ў форме андрагіна.
Практычная Кабала выкарыстоўвала форму чалавечага цела для апісання вышэйшых боскіх праяў, каб абысці жорсткія забароны нарматыўнага іўдаізму на фізічныя атрыбуты Творца. Шхіна ў гэтай сістэме каардынат увасабляе жаночую боскую прысутнасць, якую містыкі імкнуліся вызваліць з нячыстых абалонак матэрыяльнага свету.