У траўні, як правіла, пачынае квітнець не толькі бэз, але і будзь якая творчасць. Артысты пакрысе абуджаюцца ад зімовай спячкі, і ва ўсю моц рыхтуюцца цешыць нашыя барабанныя перапонкі сваімі баладамі, рок-операмі і ўсім тым, на што толькі хопіць фантазіі. І ў гэтым тэксце, мы сабралі свежыя трэкі мінулага месяца на любы густ і гаманец.
Крыніца: create.vista.com
Музыка, пад творчым імем Nikitata прадставіў фонк-рэліз «PARANOIA». Сам Мікіта родам з Барысава, а шырокай аўдыторыі стаў вядомы дзякуючы ціктоку і завірусіўшымся там тады яшчэ дэма сваіх песень «Ешь мою любовь», «Полюби меня сильней» і некалькі іншых. Заўважна, што на працягу часу артыст адыходзіць ад звычнага нам гучання ў бок поп-фонку.
Гэта не першы рэліз на якім Nikitata ўдала эксперэментуе з жанрам і даволі арганічна адчувае сябе ў новым амплуа. Рэкамендуем паслухаць, як гучыць фонк ад маладога беларускага летуценніка.
На гэтым фонк не скончваецца, бо на чарзе яшчэ адна цікавая песня, але з паджанру «народны фонк», як яго і назвалі самі артысты. Спявачка MuzManya і прадзюсар-аранжыроўшчык AP$ENT прэзентавалі кампазіцыю «Mroja». У песні, што зусім незвычна і нова, выкарыстоўваюцца народныя спевы, якія пакладзены на з усіх бакоў электронны біт. Лепш адзін раз паслухаць, чым два прачытаць пра гэта. Досыць спойлераў, ідзіце слухаць!
А вось, хто яшчэ эксплуатуе народныя спевы, дык гэта ўдзельнікі Еўрабачання 2017 года, цудоўны гурт «Naviband» з новым рэлізам «Kupalinka». У ім музыкі максімальна адышлі ад класічнага фолк-гучання і выдалі тое, што можна характэрызаваць як электра-фолк і нават дрым-фолк, бо песня літаральна пагружае слухача ў стан трансу, а ў сярэдзіне кампазіцыя разбаўляецца матывамі калыханкі.
Пераходзім да рэпчыку, і тут сапраўды ёсць, што паслухаць за мінулы месяц. Ці чулі вы штосьці пра хардкор рэп? Не? Тады трымайце: новае імя на беларускай сцэне — Цмокса сваім дэбютным рэлізам «пашпарт». Гэта амаль як Ghostemane, толькі па-беларуску! Змрочны біт, такі ж «гразны» вакал артыста, які месцамі зрываецца на скрымінг. Пра тэкст не гаворым, бо яго вы і самі можаце глянуць, калі стане цікава (спойлер: там жорстка).
Гучыць як свежы глыток для беларускай музыкі і пасля праслухоўвання можа пакінуць сам-насам з думкай «хачу яшчэ!».
Выходзім з цемры на свет, бо наступным рэлізам будзе лёгкі трэк «Поўня» ад выканаўца пад нікнэймам лайтовы. Дарэчы, пра яго, іншых беларускіх музыкаў і іхныя новыя творы мы раз на тыдзень пішам у аўтарскай рубрыцы «Гітара Мулявіна». Лайтовы зрабіў чароўную рэп-калыханку з экзістанцыйнымі матывамі, якая па свайму вайбу адсылае нас да музыкі для медытацыі.
Гэта ўжо не першая афіцыйна выдадзеная кампазіцыя артыста, але чутна, што ён яшчэ на шляху пошуку свайго сапраўднага гучання.
А вось яго беларускі калега Keendy ужо асядлаў сваю музычную хвалю і толькі набірае абароты з трэкам «Драма». Атрымаўшы першую папулярнасць праз цікток з песняй «Не более» вясной 2023 года, артыст адразу вызначыў свой накірунак руху і з таго часу не толькі выпускае музыку, але і стабільна набірае фан-базу ў сац.сетках. Танцавальны і сумны рэп пад вясёлы біт — вось, як можна ахарактэрызаваць творчасць Keendy зараз.
Неіранічны, вельмі шчыры і сапраўды жыццёвы трэк з назвай «Выпускной»прадставіў гурт Nemiga. Песня па свайму настрою надта нагадвае звычайнага Макса Каржа ці Ціму Беларускіх, але з інструменталам да песні ўсё больш складана і разнастайна, без немудрагелістых пацанскіх матываў. Спадзяемся, выпускнікам спадабаецца, а ўсім астатнім можна толькі пранікнуцца настальгічнымі ўспамінамі пра свой апошні званок і астатнія атрыбуты апошніх дзён школьнага жыцця.
А цяпер рок! І першым, канешне, будзе гурт «Петля Пристрастия» з песняй «Жыццё як жах». На фоне іншых кампазіцый вядомага гурта, гэты трэк гучыць сыравата, але магчыма, так падаецца з-за непадабенства менавіта гэтай песні да ўсіх іншых. Калі яшчэ не слухалі, то раім азнаёміцца і скласці асабіста сваё меркаванне, бо «Петля» нарэшце загучала па-беларуску.
Сінгл з назвай «Пахаваны Жыўцом» прэзентаваў гурт Dymna Lotva, заснавальнікамі якога з’яўляюцца кампазітар Яўген Чаркасаў і спявачка Nikt Aeon. Песня для самых адданых прыхільнікаў doom-метал жанру, бо даўжыня песні ў 6:50 прымушае насалодзіцца ўсімі аспектамі інструменталу і вакалаў артыстаў, а сваёй эмацыйнай афарбоўкай песня з першых нотаў сведчыць пра відавочную драматычнасць і душэўныя пакуты, перададзеныя нам выканаўцамі.
Не менш атмасферная песня ад гурта Adarvirog з міфалагічнай назвай «Jurate». Выканаўцы сапраўды замарочыліся не толькі над музычным складнікам песні, але і над гістарычна-міфалагічным лейтматывам, узяўшы за аснову літоўскую казку пра Юратэ і Касціліса. Слухаць усім, каму падабаецца фолк-метал гучанне! І ўсім астатнім таксама, канешне.