Невялікая памятка пра тое, як правільна камунікаваць з праваахоўнікамі няпоўнагадовым. Складзеная на падставе досведу і аналізу матэрыялаў праваабаронцаў у межах праекта «Маё права».
Звычайна нават дарослыя грамадзяне не падрыхтаваныя да сустрэчы з праваахоўнымі органамі. Што ўжо казаць пра дзяцей і падлеткаў, якія рэдка задумваюцца аб гэтым. Але мы штодзень ходзім з міліцыянтамі па адных вуліцах. І нават самы законапаслухмяны грамадзянін можа сутыкнуцца з неабходнасцю ведання падставовых правілаў узаемадзеяння з міліцыяй на паўсядзённым узроўні.
Варта адзначыць, што грамадскасці неабходна задумацца і ініцыяваць увядзенне ў школьныя праграмы абавязковых заняткаў прававых асноваў з прыцягненнем да працэсу складання праграм праваабаронцаў, а не толькі супрацоўнікаў МУС.
На сайтах школ можна знайсці тэксты пра паводзіны пры затрыманні міліцыяй, імаверна, скапіяваныя з нейкай адной крыніцы. Альбо пазнаёміцца з распаўсюджанымі акцыямі па прафілактыцы правапарушэнняў.
А вось працы па прававой культуры, пэўна, бракуе, бо не толькі дзеці, але і дарослыя іншы раз здзіўляюць адсутнасцю нават базавых ведаў аб сваіх правах.
Амаль любое ўзаемадзеянне з міліцыянтамі ці іншымі супрацоўнікамі праваахоўных органаў можна лічыць стрэсавай экстрэмальнай сітуацыяй. Пры такім разуменні можна лепш кантраляваць эмоцыі і прытрымлівацца залатога правіла – заўжды ўзважваць кожнае слова і дзеянне, якія могуць пагоршыць ваша становішча. Гэта дапаможа паводзіць сябе больш упэўнена, пазбегнуць непажаданых наступстваў, правільна ацэньваць сітуацыю і пры магчымасці і спрыяльных акалічнасцях цывілізавана дамагацца выканання сваіх правоў.
У школьную праграму неабходна ўключыць прававыя заняткі, а не праводзіць спарадычныя лекцыі. Лепш за ўсё – з удзелам праваабаронцаў альбо адвакатаў, якія маюць не толькі тэарэтычныя веды, але і знаёмыя з рэальнымі прыкладамі працы міліцыі і іншых праваахоўнікаў.
Недастаткова проста ведаць свае правы – трэба ведаць, у якіх сітуацыях трэба імі карыстацца, калі ўстрымацца і якія гэта ўсё можа мець наступствы.
Відавочна, што кодэксы і канстытуцыйныя нормы складзеныя на падставе досведу працы праваахоўных органаў і судовай сістэмы. Часткова яны створаныя для таго, каб пазбягаць парушэнняў правоў грамадзян і даць магчымасць абараніцца. Значыць, гэтыя правы парушаліся і могуць парушацца.
Падчас любога пажаданага ці не вельмі кантакту з праваахоўнікамі трэба памятаць:
Галоўная канстытуцыйная норма – гэта прэзумпцыя невінаватасці (арт. 26 Канстытуцыі). Яна тычыцца ўсіх і з'яўляецца безумоўнай да моманту, пакуль суд не давёў віны асобы.
Другое падставовае права, дэклараванае Канстытуцыяй, – гэта права не даваць паказанні супраць сябе і сваіх родзічаў (арт.27 Канстытуцыі).
Калі вас спыніла міліцыя і патрабуе дакументы
Міліцыянеры як дзяржслужбоўцы з асаблівымі паўнамоцтвамі маюць права па розных прычынах звяртацца да грамадзян. Фармальна яны могуць аргументаваць любое ўзаемадзеянне аператыўнай неабходнасцю, спецыяльнымі мерапрыемствамі або "сігналам" ад іншых грамадзян. Але трэба памятаць, што нават, здавалася б, звычайная "праверка дакументаў" – гэта працэсуальнае дзеянне. І яно таксама патрабуе справаздачы пра намеры і прычыны.
Патрабаваць агучыць падставы для праверкі дакументаў альбо знешняга агляду, агляду вашых рэчаў мае сэнс:
- Калі вы ўпэўненыя ў сваёй невінаватасці ці ў тым, што супрацоўнікі міліцыі не маюць пэўнага намеру вас затрымаць;
- Побач з вамі знаходзяцца людзі, якія ў выпадку затрымання папярэдзяць вашых блізкіх і будуць клапаціцца аб вашым вызваленні ці ціснуць на супрацоўнікаў міліцыі, апелюючы да нормаў заканадаўства.
У іншых выпадках існуе вялікая імавернасць, што законныя патрабаванні растлумачыць падставы для праверкі дакументаў могуць скончыцца затрыманнем.
З супрацоўнікамі міліцыі трэба заўжды паводзіць сябе ўзважана, разумеючы, што любое слова можа стаць падставай для пагаршэння вашага становішча. Напрыклад, пасля патрабавання праверкі дакументаў можна лёгка апынуцца ў аддзяленні міліцыі, а з памяшкання дзяжурнага трапіць ў камеру.
Некалькі разоў падумайце, ці варта весці відэазапіс працэсу размовы і магчымага затрымання. Фактычна вы маеце на гэта права, але такія паводзіны могуць стаць дадатковым раздражняльным фактарам і справакаваць праваахоўніка. Альтэрнатыўны варыянт – весці аўдыязапіс, што можа быць не так заўважна. Пры гэтым ніякіх законаў вы не парушыце. Бо дзейнасць міліцыі з'яўляецца адкрытай (арт. 5 Закона "Аб органах унутраных спраў"), а кожны грамадзянін мае права збіраць інфармацыю (арт. 34 Канстытуцыі).
Калі вас затрымлівае міліцыя
Як прапісана ў артыкуле 8.2 ПВКаАП, затрымаць чалавека супрацоўнікі маюць права дзеля спынення супрацьпраўнай дзейнасці, складання пратакола аб адміністратыўным правапарушэнні, высвятлення асобы, спынення ўтойвання альбо знішчэння доказаў. То бок фактычна пад гэтымі пунктамі можна разумець абсалютна любыя паводзіны чалавека.
Таму пры адсутнасці неабходнасці і магчымасці тэрмінова папярэдзіць аб затрыманні знаёмых ці блізкіх супрацоўнікаў міліцыі лепш не правакаваць (любая дэманстрацыя ведаў сваіх правоў можа быць трактавана менавіта так). А выканаць не зусім законныя патрабаванні, напрыклад, беспадстаўна прад'явіць дакумент, будзе лепш, чым апынуцца ў міліцэйскім памяшканні.
Падчас затрымання і складання пратакола аб адміністратыўным парушэнні варта дамагацца выканання сваіх правоў больш адназначна і ўпэнена, чым на вуліцы, падчас патрабавання прад'явіць дакументы і ў падобных сітуацыях. Бо пры адэкватных паводзінах нашмат пагоршыць сітуацыю такімі законнымі дзеяннямі не атрымаецца. І вы зможаце прадэманстраваць сваю ўпэўненасць у сваёй рацыі і намер адстойваць законнасць.
У артыкуле 10.11 ПВКаАП адзначана, што можа быць прынятае рашэнне аб прысутнасці бацькоў непаўналетняга падчас апытання і складання пратакола. Непаўналетні (з 14 гадоў) не мае права гэтага патрабаваць, але варта апеляваць да ведання такой магчымасці і неабходнасці прысутнасці бацькоў ці апекуноў для прававой дапамогі.
У матэрыялах, якія апублікаваныя на сайтах розных школ, робіцца акцэнт на тое, што непаўналетнім варта ўважліва чытаць пратаколы і не падпісвацца пад тым, што яны не паведамлялі, а таксама сачыць за пералікам асабістых рэчаў і г.д. Такім чынам, у адных дзяржаўных органах падкрэсліваецца імавернасць неадназначных дзеянняў з боку іншых.
Таму варта ведаць:
- Неабходна патрабаваць ад міліцыі ці іншых органаў у поўнай меры пазнаёміць вас з сітуацыяй, матэрыяламі па адміністратыўнай справе, лепш уласнаручна запісваць сваё бачанне абставін па справе ў пратаколе (гэта дасць магчымасць лепш абдумаць кожнае слова).
- Ніхто не мае права прымушаць чалавека даваць паказанні супраць сябе.
- Кожны мае права на адваката, нават па адміністратыўных справах (адна з норм, якую фактычна цяжка рэалізаваць падчас адміністратыўных спраў, калі вы не маеце ўласнага абаронцы).
- Адказчык мае права прадстаўляць доказы па справе і падаваць хадайніцтвы (у тым ліку перанесці разгляд справы, каб падрыхтавацца і запрасіць адваката).
- Падпісваючы пратакол неабходна ў поўнай меры пісьмова растлумачыць сваю пазіцыю па справе ў ім, а таксама патрабаваць выдачы копіі.
Трэба раздзяляць такія працэсуальныя дзеянні, як агляд і вобшук. Вобшук патрабуе прысутнасці панятых і складання пратакола (арт. 8.6 ПВКаАП), за выняткам выпадкаў, калі праваахоўнік можа растлумачыць сваю ўпэўненасць у наяўнасці ў грамадзяніна зброі ці іншых небяспечных рэчаў.
Агляд – гэта добраахвотнае дзеянне, яго маюць права праводзіць толькі на ўваходах у рэжымныя аб'екты, спартыўныя і масавыя мерапрыемствы.
На практыцы здараюцца выпадкі, калі міліцыянты настойліва просяць правесці агляд, але вы маеце поўнае права ад яго адмовіцца. Пры гэтым варта ўсведамляць, што адмова можа пагоршыць ваша становішча.
Непаўналетнім варта таксама памятаць, што затрымліваць па адміністратыўных артыкулах іх маюць права толькі на тры гадзіны, за выняткам выпадкаў, калі падлетак знаходзіцца ў стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення. У такіх выпадках прадугледжаны арышт.
З юрыдычнага пункту гледжання ўсе дзеянні і правы разгледжаныя ў праваабарончай брашуры, пазнаёміцца з якой можна вось тут.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!