У Валожыне рыхтаваліся да «Дажынак», а знайшлі падмурак касцёла XVII стагоддзя

У Валожыне падчас раскопак выявілі элемент будынка касцёла XVII стагоддзя. Пра гэта расказаў навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Сяргей Ліневіч, піша «Наша Ніва» са спасылкай на БелТА.


Eliemient budynka kasciola XVII st.
Фота: Інстытут гісторыі НАН


Раскопкі ў гістарычным цэнтры Валожына праходзяць у рамках падрыхтоўкі горада да «Дажынак». Паводле закона, любыя будаўнічыя работы разам з аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны павінны суправаджацца археалагічнымі даследаваннямі.

У прыватнасці, паблізу касцёла па праекце добраўпарадкавання цэнтра Валожына будаўнікі павінны абсталяваць паркоўку.

«Тое, што было выяўлена пры правядзенні земляных работ, можна лічыць вялікім поспехам для археолагаў. Вядома, што ў гэтым месцы некалі стаяў касцёл, пабудаваны прыкладна ў апошняй чвэрці XVII стагоддзя. Ён быў драўляным і згарэў у 1814 годзе. Ніякіх больш падрабязных звестак пра аб’ект не захавалася», — расказаў Ліневіч.

Археолаг адзначыў, што ў адным з раскопаў знайшлі падмурак пабудовы, якая датуецца XVII стагоддзем.

«Недалёка быў зафіксаваны вельмі магутны падмурак вялікага будынка. Папярэдне можна сказаць, што першы будынак — гэта плябань (дом, у якім жылі ксёндз і прыслуга), а другі — касцёл. Цяпер спрабуем вызначыць іх межы», — расказаў Ліневіч.

Гісторыкі знаходзяцца на сувязі з мясцовымі ўладамі, каб знайсці рашэнне і скарэктаваць далейшае ўпарадкаванне з улікам каштоўных знаходак.

«Акрамя элементаў будынкаў, на месцы раскопак было выяўлена мноства артэфактаў. На месцы меркаванай плябані знойдзеныя фрагменты посуду, шклянога і керамічнага, аконнага шкла, у куце падмурка — захаваная печка, пакрытая кафлямі паліванымі зялёнага колеру. Характэрна, што перэдні бок печы, павернуты да ўваходу, быў паліваны, а тыльны — тэракотавы без глазуры», — адзначыў гісторык.

Цяпер археолагі праводзяць расчыстку падмурка. На паверхню ўжо выйшлі некалькі фрагментаў мармуровай пліткі.

«Спрабуем зразумець: гэта элементы касцёла ці знаходка больш позняга перыяду. Работы ў самым разгары, але зразумела адно — гісторыя Валожына адкрылася яшчэ на два стагоддзі таму, бо асноўныя гістарычныя пабудовы ў цэнтры датуюцца XIX стагоддзем», — дадаў Сяргей Ліневіч.

Прадстаўнікі мясцовага музея пастаянна прыходзяць да месца раскопак, спадзеючыся, што ўжо ў хуткім часе экспазіцыя папоўніцца новымі экспанатамі. Не выключана, што ў гасцей горада з’явіцца магчымасць убачыць фрагменты старога горада пад шклом, бо частка падмурка, хутчэй за ўсё, у будучыні будзе экспанавацца.